Беларуская Служба

СААЗ: Сітуацыя з пандэміяй у свеце вельмі дрэнная

20.04.2021 10:08
Колькасць новых выпадкаў заражэння каранавірусам у свеце выйшла на самы высокі ўзровень з пачатку пандэміі, паведаміла Сусветная арганізацыя аховы здароўя.
Здымак мае ілюстрацыйны характарEPA/HOTLI SIMANJUNTAK Dostawca: PAP/EPA

Паводле дадзеных СААЗ, хуткае распаўсюджванне віруса стала вынікам новых, больш заразных мутацый COVID-19, і неасцярожнасці маладых людзей.

Кіраўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Гебрэесус заявіў падчас прэс-канферэнцыі, што на мінулым тыдні ва ўсім свеце было зафіксавана больш за пяць мільёнаў выпадкаў захворванняў на каранавірус. Гэта найбольшая колькасць з пачатку пандэміі. Дадзеныя лічбы пастаянна павялічваюцца.

- Інфекцыі і шпіталізацыі людзей ва ўзросце ад 25 да 59 гадоў павялічваюцца з трывожнай хуткасцю. Гэта эфект ад новых мутацый, але таксама ўсё больш і больш частых сацыяльных кантактаў сярод моладзі.

Найгоршая сітуацыя цяпер пануе ў Індыі, дзе за мінулыя суткі вірусам заразілася 273 000 чалавек - найбольш з пачатку пандэміі. З іншага боку, у Бразіліі найбольшая колькасць смерцяў. Сітуацыя ў Аўстраліі і Новай Зеландыі, наадварот, настолькі палепшылася, што абедзве краіны ўзнавілі транспартнае спалучэнне.

СААЗ падкрэслівае, што чалавецтва ўжо мае інструменты барацьбы з пандэміяй. Кіраўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя падкрэсліў, што эпідэмія спыніцца, калі міжнародная супольнасць забяспечыць справядлівае размеркаванне вакцын паміж усімі краінамі.

Ва ўсім свеце ад COVID-19 памерла ўжо 3 мільёны 24 тысячы чалавек, а агульная колькасць захварэўшых складае 141 мільён чалавек. Такія дадзеныя падаюць навукоўцы з амерыканскага ўніверсітэта Джона Хопкінса, якія сочаць за пандэміяй.

ПР/юл