Беларуская Служба

Артэфакты, якія мусяць трапіць у беларускія музеі. У Варшаве паказалі ўнікальныя экспанаты

19.05.2025 11:26
Гэта пяць гісторыка-культурных каштоўнасцяў, якія былі набытыя дзеля назапашвання беларускага музейнага фонда. (ФОТА)
Аўдыё
  • Артэфакты, якія мусяць трапіць у беларускія музеі. У Варшаве паказалі ўнікальныя экспанаты
Ліст берасцейскага ваяводыфота: Беларуская служба Польскага радыё

У Польшчы прайшла Ноч музеяў. У варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі былі паказаныя пяць гісторыка-культурных каштоўнасцяў, якія беларускія ініцыятывы ў эміграцыі апошнім часам набылі за мяжой дзеля назапашвання беларускага музейнага фонда.

Прадугледжваецца, што частку гэтых экспанатаў вернуць у Беларусь. Статут ВКЛ і Радзівілаўская мапа ВКЛ XVII стагоддзя ўжо прыпісаныя да канкрэтных музеяў, куды іх мяркуюць перадаць: гэта краязнаўчы музей у Наваградку і Нясвіжскі замак. Гэтыя прадметы набыла ініцыятывы MALDIS.

Яшчэ адна Радзівілаўская мапа і кніга «Перэгрынацыя» Мікалая Крыштафа Радзівіла, надрукаваная ў 1614 годзе, набываліся з мэтаю, каб мець артэфакты, якія паказваюць ролю ўнёска беларусаў у еўрапейскую традыцыю. Гэта артэфакты, якія паказваюць уплыў беларусаў на еўрапейскія культурніцкія традыцыі. Яны набытыя Клубам беларускіх мецэнатаў пры падтрымцы Беларускай рады культуры. 


Ліст берасцейскага ваяводы Ліст берасцейскага ваяводы

Пяты экспанат – гэта таямнічы ліст берасцейскага ваяводы Яна Антонія Гараіна 1773 году, набыты Музеем Вольнай Беларусі. Ліст адрасаваны невядомаму адрасату ў Гданьску. Быў напісаны ў час, калі ў Рэчы Паспалітай праходзіў падзяляльны Сойм, на якім павінна была быць зацверджана анексія часткі тэрыторыі Рэчы Паспалітай, расказвае куратар выставы:

- У дзяржаве былі патрыёты, якія адмаўляліся зацвярджаць падзел. Да іх адносіўся берасцейскі ваявода. У лісце ён піша, што яго прымушаюць, але ён трымаецца і не збіраецца нічога падпісваць. Гэта палітычны тэкст з вялікай колькасцю загадак.


Радзівілаўская мапа Радзівілаўская мапа

Радзівілаўскія мапы 1630 і 1649 гадоў унікальныя тым, што гэта першая падрабязная мапа, на якой выяўлена ВКЛ. Яна стваралася на замову Мікалая Радзівіла “Сіроткі”, гравёр і картограф – Томаш Макоўскі. Мапа была спробай адказаць на непраўдзівую інфармацыю пра ВКЛ, якая ў вялікіх колькасцях распаўсюджвалася ў той час:

-  Што гэта глухое, цёмнае месца, дзе жывуць дзікуны, пазбаўленыя хрысціянскай веры, куды цяжка дабрацца. Аўтары ж паказваюць, што дарога з ВКЛ простая, і туды можна трапіць “не замачыўшы ногі”. Мапа адметная тым, што на яе трапілі многія пункты, якія не былі пазначаныя на іншых мапах. Гэтая мапа потым часта перадрукоўвалася, стала асноваю для многіх атласаў у Еўропе.


Статут ВКЛ на польскай мове Статут ВКЛ на польскай мове

Статут ВКЛ, надрукаваны ў 1693 годзе. Гэта быў дакумент, у якім спрабавалі аб’яднаць усе заканадаўчыя нормы пад адной вокладкай.

- Пасля таго, як Статут апублікавалі на старабеларускай мове, яго пераклалі на польскую, бо дакумент быў запатрабаваны. Вядома пра некалькі выданняў на польскай мове: 1611 год, 1693, 1744 год. Гэта быў даволі масавы тып кнігі ў той час.

Кнігу «Перэгрынацыя» Мікалай Крыштаф Радзівіл напісаў па выніках падарожжа ў Святую Зямлю ва ўзросце 33 гадоў. Нягледзячы на тое, што ён быў высокапастаўленым чыноўнікам, ён знайшоў час, каб наведаць Святую Зямлю ў сімвалічныя 33 гады.

- Гэта кніга пра падарожжа, дзе ён дэтальна апісвае ўсе дзівосы, якія з ім здараліся. Напрыклад, можна прачытаць дакладнае апісанне нораваў людзей у Егіпце, Святой Зямлі. З Егіпту Мікалай Радзівіл хацеў вывезці егіпецкія муміі і захоўваць іх у палацы ў Нясвіжы. На адкрытым моры пачалася бура і капітан палічыў, што гэта праклён мумій, і распарадзіўся выкінуць гэтыя мумія за борт. Гэтая сцэна намаляваная на адной з гравюр у кнізе.

Поўны аповед пра артэфакты слухайце ў далучаным гукавым файле. 

ав

Кніга «Перэгрынацыя» Мікалая Крыштафа Радзівіла Кніга «Перэгрынацыя» Мікалая Крыштафа Радзівіла