Судна Aroyat пакінула ўкраінскі порт. Гэта другое судна з украінскім збожжам, якое плыве па збожжавым калідоры ў абыход расійскай блакады. Нагадваем, у ліпені Расія перакрыла гэтак званы «калідор праз Чорнае мора», аднак украінцы запусцілі альтэрнатыўны маршрут. З падрабязнасцямі Павел Бушка:
- Аб выхадзе судна Aroyat пад сцягам Палаў з порта ва ўкраінскім Чарнаморску паведаміў міністр інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў. На палубе знаходзіцца больш за 17 тысяч тон збожжа, якое плануецца адправіць у Егіпет. У склад экіпажа карабля ўваходзяць грамадзяне Егіпта, Турцыі, Азербайджана, Бельгіі і Албаніі. Сёння таксама стала вядома, што ў Турцыю прыбыло судна Resilient Africa, якое перавозіць 3 000 тон збожжа. Плаўсродак адправіўся з порта Адэсы ў аўторак.
Новы, альтэрнатыўны збожжавы калідор праз Чорнае мора абыходзіць міжнародныя воды і праходзіць па маршрутах, якія кантралююцца членамі НАТА Балгарыяй і Румыніяй. Ваенна-марскія сілы Украіны абвясцілі аб яго стварэнні ў сярэдзіне жніўня.
IAR/аз