Беларуская Служба

Ці баяцца палякі пачатку сусветнай вайны? Вынікі апытання

30.06.2025 14:01
Цікавыя адрозненні ў настроях можна ўбачыць, напрыклад, у выпадку выбаршчыкаў асобных партый.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Robert Waghorn/pixabay.com/CC0 Public Domain

Вайна ва Украіне, ракетныя атакі на Блізкім Усходзе, неадназначная пазіцыя Дональда Трампа і напружаныя адносіны паміж НАТА і Расіяй – апошнім часам усё больш экспертаў паказваюць на падзеі, якія могуць прадвесціць развіццё глабальнага канфлікту. У апытанні для старонкі Onet.pl інстытут IBRiS задаў рэспандэнтам у Польшчы пытанне, ці баяцца яны пачатку Трэцяй сусветнай вайны ў бліжэйшай будучыні. Цікавыя адрозненні ў настроях можна ўбачыць, напрыклад, у выпадку выбаршчыкаў асобных партый.

На пытанне: «Ці баіцеся вы, што ў бліжэйшыя месяцы пачнецца сусветная вайна?» 13,9 працэнта рэспандэнтаў адказалі: «Я, безумоўна, баюся», а 29,7 працэнта заявілі: «Я хутчэй баюся». Значыць тых, хто асцерагаецца вайны агулам 43,6 працэнта. Толькі 6,3 працэнта апытаных выбралі варыянт: «Мне дакладна не страшна», а 33,9 працэнта – «Мне хутчэй не страшна» – гэта агулам 40,2 працэнта. 16,3 працэнта рэспандэнтаў выбралі варыянт «цяжка сказаць».

Жанчыны больш хвалююцца з гэтай нагоды

Сярод жанчын – усяго 47 працэнтаў у пэўнай ступені баяцца пачатку вайны. 34 працэнты апытаных такіх асцярог не маюць, а 19 працэнтаў не змаглі адказаць на гэтае пытанне.

Мужчыны ў гэтым пытанні крыху спакайнейшыя. Усяго 40 працэнтаў баяцца вайны, 47 працэнтаў прытрымліваюцца супрацьлеглага меркавання, а 13 працэнтаў не маюць меркавання па гэтай справе.

Вайны найбольш асцерагаюцца людзі ва ўзросце 40-49 гадоў. Гэта ў агульнай складанасці 51 працэнт. Ва ўзроставай групе 18-29 гадоў гэты паказчык складае толькі 33 працэнты. Сярод людзей ва ўзросце ад 30 да 39 гадоў, а таксама ва ўзросце ад 50 да 59 гадоў узброенага канфлікту асцерагаюцца 46 працэнтаў. Сярод самых пажылых людзей (60 гадоў і больш) 41 працэнт баяцца пачатку вайны.

Дамінуюць выбаршчыкі адной партыі

Цікава вынікі выглядаюць, калі ўзяць пад увагу палітычныя погляды апытаных. Сярод прыхільнікаў правай партыі «Права і справядлівасць» 43 працэнты баяцца пачатку Трэцяй сусветнай вайны ў бліжэйшай будучыні. 37 працэнтаў з гэтай групы такіх боязяў не маюць.

Між тым, асцярогі з нагоды пачатку вайны падзяляюць 42 працэнты апытаных выбаршчыкаў кіруючай «Грамадзянскай кааліцыі». 49 працэнтаў з іх не бачаць такой праблемы. Таксама 46 працэнтаў выбаршчыкаў былога «Трэцяя дарога», то бок былой кааліцыі Польскай сялянскай партыі і «Польшчы 2050», баяцца пачатку вайны. 38 працэнтаў прытрымліваюцца супрацьлеглай думкі.

Аказваецца, што ў найбольшай ступені пачатку вайны асцерагаюцца прыхільнікі «Новых левых сілаў» – гэта 56 працэнтаў. Што тычыцца прыхільнікаў ультраправай «Канфедэрацыі», то вайны баіцца 45 працэнтаў апытаных, а не баіцца – 53 працэнты апытаных.

Аўтары даследавання падкрэсліваюць, што ва ўсіх выпадках, экстрэмальныя варыянты, якія выказваюць моцную заклапочанасць або яе рашучую адсутнасць, знаходзяцца ў меншасці.

аз

Калі б наступіла вайна, жывёлы б масава загінулі

27.06.2025 14:59
Фонд «Czarna Owca Pana Kota» падрыхтаваў справаздачу аб тым, што будзе з жывёламі, калі з'явіцца рызыка стыхійнага бедства ці вайны.