Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Польшча вачыма эмігранта: Хачу, каб і ў нас так было

26.07.2026 16:00
Самая зялёная сталіцы Еўропы — гэта? Раней казалі — Мінск. Але я ўпэўненая, што Варшава.
Аўдыё

Адна справа, калі ты прыязджаеш у краіну турыстам, госцем ці камадыровачным, і зусім іншая  калі вымушаным эмігрантам. Хочаш ці не хочаш, пачынаеш глядзець на новую краіну, як на свой новы дом на бліжэйшы час. І канечне ж параўноўваць тое, што бачыш, з тым, што ёсць у тваёй краіне. Каб пасля ўзяць на радзіму тое лепшае, што маюць іншыя.

У Польшчы мяне прыемна здзівіла і ўразіла шмат рэчаў. Каб пералічыць ўсё спатрэбіцца не адзін нарыс, а дзясяткі. Паколькі жыву я зараз у Варшаве, буду казаць пра тое, што ўражвае мяне ў гэтым месцы. Паспрабую засяродзіцца на тым, што адназначна варта калісьці зрабіць у Беларусі.

Паркі, скверы, рэкрыяцыйныя зоны

Калісьці нам увесь час казалі, што Мінск — ледзь не самы зялёны горад у Еўропе. Магчыма, гадоў 40 таму магло быць і так. Але тое, што зрабілі ўлады Беларусі за гэтыя гады з Мінскам, дакладна зрабіла яго адным з самых незялёных гарадоў.

І колькі б не расквечвалі яго чырвона-зялёнымі сцягамі, гэта не заменіць шматлікія вырубленыя дрэвы. Год за годам на месцы сквераў і паркаў растуць шматпавярховікі, якія ўжо залезлі нават на тэрыторыю Батанічнага саду. Вырубаюцца векавыя ліпы і дубы. Знішчаюцца цэлыя скверы…

На самай справе адной з самых зялёных сталіцаў Еўропы можна смела назваць Варшаву. І калі яшчэ гадоў 15 таму тут таксама былі ахвотныя высекчы дрэвы ў парках, грамадскасць, неабыякавыя людзі змаглі гэта спыніць.

Кожны раён Варшавы мае свой парк ці нават лес. Кожны мікрараён свой сквер і рэкрыяцыйную зону. Кожны жылы комплекс стараецца адразу ж азеляніць тэрыторыю навокал. І кожны балкон ці маленькі агародзік расквечаны чым толькі можна.

Дарэчы пра агародзікі. Амаль у кожным шматпавярховіку (гэта — апартаментовец ці блок) пабудаваным ужо пасля часоў ПНР, на партэры (па-нашаму на першым паверсе) кватэры маюць свае агародзікі. Іх плошча можа вагацца ад 10 да 100 і больш квадратных метраў.

Кожны з агародзікаў людзі ўпрыгожваюць шматлікімі раслінамі, выбар якіх у мясцовых крамах проста ўражвае. І кошты таксама. На свой агародзік я набыла 50- сантыметровую тую за 8 злотых. Спадзяюся, калі я вярнуся дадому яна будзе радаваць новых арандатараў кватэры.

Гэта так класна, калі ты пад сваімі вокнамі можаш стварыць чароўны свет раслін і кветак.

Усе новыя дамы, якіх будуецца ў Варшаве вельмі шмат, адразу азеляняюцца кветкамі, дрэвамі і кустамі. Такой колькасці гартэнзій розных гатункаў, колераў і памераў я не бачыла яшчэ нідзе. А тыя дрэвы, што ўжо растуць на месцы забудовы стараюцца захаваць і зберагчы.

Пад час рэканструкцыі дарог адразу ж на раздзяляльнай паласе высаджваюць дрэвы ці кустарнікі. На трамвайных шляхах паміж рэльсамі і побач растуць шматлікія седумы, якія не трэба касіць і якія актыўна ачышчаюць паветра.

Дарэчы, пра пакосы. Тут не косяць паўсюль траву, ледзь яна паспее вырасці. І тым больш нават у галаву нікому не прыйдзе штрафаваць кагосьці за тое, што трава вышэй за нейкую норму. І не таму, што гультаі ці няма каму працаваць. А таму, што клапоцяца пра экасістэму, пра навакольнае асяроддзе.

Яе не косяць амаль да жніўня ні ў парках, ні вакол дарог ці дамоў таму, што дзікарослыя травы служаць домам і крыніцай ежы для пчол, матылькоў і іншых насякомых, колькасць якіх рэзка скарачаецца без кветак. Доўгая трава стварае цень, які ўтрымлівае вільгаць у глебе. Пры кароткай стрыжцы зямля хутчэй высыхае на сонцы, што прыводзіць да гібелі раслін.

Калі даць траве вырасці і заквітнець, яна зможа рассеяць насенне, гарантуючы густы і здаровы газон на наступны год без дадатковага пасеву.

Таму ўвесь час вока радуе безліч колераў шматлікіх кветак ўздоўж дарог і тратуараў, вакол дамоў і дзяржаўных установаў. Валошкі, макі, рамонкі і шмат яшчэ якіх раслінак, большую частку з якіх я бачыла толькі ў дзяцінстве на дзедавым лузе.

Працяг будзе

Аксана Колб