Беларуская Служба

Ці трэба баяцца запазычанняў у польскай мове і змагацца з імі?

11.08.2019 16:13
"Калі б не словы іншаземнага паходжання, польская мова была б толькі маленькай часткай той мовы, якой яна з’яўляецца цяпер".
Аўдыё
  • "Калі моладзь часам кажа wow, нічога страшнага, але на Польскім радыё не павінна быць такіх слоў".
        ?
Ці трэба змагацца з замежнымі словамі ў польскай мове?Pixabay.com/CC0 Creative Commons

У чарговай перадачы з цыклу «Польская мова без межаў» мы паразважаем пра выразы замежнага паходжання ў мове палякаў, ці яны патрэбныя, ці, наадварот, неабходна змагацца з засвойваннем замежных словаў у польскай мове, ці трэба старацца іх пазбягаць, ці, можа, нічога страшнага ў іх няма? Пра гэта мы спыталі мовазнаўцу Агату Хонцю (Agata Hącia) з Факультэту польскай мовы і літаратуры Варшаўскага ўніверсітэту.

- У іх няма нічога страшнага. Калі б не словы іншаземнага паходжання, польская мова была б толькі маленькай часткай той мовы, якой яна з’яўляецца цяпер. Тое, што мовы пазычаюць словы адна ў адной, гэта абсалютна натуральная і нармальная з’ява. З даўніх вякоў мова бярэ розныя выразы з іншых моваў, ня трэба гэтага баяцца. Галоўнае, каб разумна карыстацца такімі запазычаннямі і каб разумець гэтую з’яву.

Пераход слоў замежнага паходжання ў польскую мову – гэта натуральная з’ява, але ёсць у рамках гэтай з’явы так званыя калькі, гэта значыць, даслоўнае перанясенне выразаў з іншай мовы. Калькавання многія не любяць, лічаць, што яны псуюць мову.

- Адны людзі лічаць калькі часткай запазычанняў, іншыя лічаць іх асобнай з’явай. Агулам словы замежнага паходжання патрэбныя, калі яны запаўняюць нейкі прабел у мове. Скажам, не было выразу, каб назваць нейкі новы прадмет або паняцце, таму бярэм яго з іншай мовы. З іншага боку, мова адаптуе іншаземныя словы таксама тады, калі яны дазваляюць па-новаму, больш экспрэсіўна назваць тое, што раней ужо існавала. У першую групу адносяцца, скажам, словы камп’ютар і weekend. Калісьці не было такога прадмета і такога паняцця, а калі яны паявіліся, іх назвы былі пазычаны з ангельскай мовы. У сваю чаргу прыклад з другой групы – выраз wow (уау!). Хтосьці скажа – навошта казаць wow, калі ёсць столькі польскіх выразаў, якія называюць захапленне. Рацыя, але уау больш свежае, а нейкая група карыстальнікаў мовы яго любіць (пераважна моладзь), таму хай ім карыстаецца. Аднак, калі б, скажам, на Польскім радыё пачало паяўляецца уау, гэта б ужо непакоіла.

Мы цяпер разважаем пра сучасную мову, але ж мова мяняецца на працягу вякоў, і, у залежнасці ад геапалітычнага становішча ў вялікай ступені, на яе аказваюць уплыў розныя іншыя мовы. З якіх моваў і ў якія перыяды польская мова пазычала словы?

- На пачатку чэшская мова, і, канешне, звязаная з ёй латынь. Пазней старанямецкая, нямецкая, італьянская, расейская. Таксама ўсходнія мовы аказвалі ўплыў, турэцкая, а нават японская. А з канца 19-га стагоддзя царствуе ў нас ангельская. Сучасная мова не існавала б без запазычанняў з ангельскай, як асобных слоў, так і цэлых выражэнняў, калек. Ці гэта добра, ці дрэнна? Адны словы патрэбныя, ад іншых можна было б адмовіцца, бо яны не прыносяць нічога новага. Якія вытокі дадзенай з’явы? Гэта адкрыццё польскай культуры на захад. Заўсёды моўны ўплыў з’яўляецца вынікам культурнага ўплыву. Калі нейкая культура дамінуе ў дадзены момант, а цяпер дамінуе заходняя культура, то і мова гэтай культуры аказвае вялізны ўплыў на іншыя культурныя ды моўныя асяроддзі. Дарэчы, не толькі польская мова бярэ шмат з ангельскай. Калі зірнем на чэшскую, рускую ці іншыя мовы, то таксама заўважым, што там шмат запазычанняў з ангельскай.

Мы запыталі нашых калег з іншых моўных службаў, які яны бачаць уплыў замежных моў на польскую, з якіх моваў часцей за ўсё прыходзяць запазычанні ў польскую мову? Канешне, з ангельскай на дадзены момант, але не толькі. Гаворыць Яахім Цяцерскі з Нямецкай службы Польскага радыё для замежжа. Мы яму задалі пытанне пра германізмы ў польскай мове.

- Германізмы ёсць у польскай мове, але іх не вельмі шмат. Зразумела, калі спытаць жыхара Сілезіі, ён бы назваў мноства такіх выразаў, але варшавянін – ужо менш. Існуюць словы, якімі здаўна карыстаюцца палякі, нават не ведаючы, што яны – нямецкага паходжання. Напрыклад, szyberdach (люк на даху аўтамабіля), або szlafrok (пеньюар, халат). Іншы цікавы прыклад – wichajster (штуковіна). Калі мы не ведаем, як нешта называецца, то кажам wichajster. А на нямецкай мове Wie heißt азначае «як называецца, як завуць». Так што, ёсць выразы нямецкага паходжання ў польскай мове, але часта палякі, карыстаючыся імі, нават не ведаюць, што яны пазычаны ў заходніх суседзяў.

Быў перыяд, калі вялікі ўплыў на польскую мову аказвала руская. Гэта, зразумела, было вынікам на пачатку падзелу Польшчы паміж трыма дзяржавамі, у тым ліку Расеяй, а пазней «братняй» дапамогі і апекі Савецкага Саюзу. Тады польская мова засвоіла шмат русізмаў, многія з якіх захаваліся да нашых часоў. Гаворыць Ірына Завіша з Расейскай службы Праграмы для замежжа ПР.

- Канешне, я заўважыла, што ёсць уплыў расейскай мовы. Мяне вельмі кранае адно слова, якое, дарэчы, вельмі складанае ў вымаўленні палякаў. Гэта „душещипательный”. Зразумела, ёсць аналагі ў польскай мове – wzruszający, poruszający, але „душещипательный” гавораць, каб падкрэсліць самую высокую ступень узрушэння. Іншы прыклад русізму – ciut-ciut (расейскае чуть-чуть, польскі адпаведнік – troszkę, bardzo mało). Акрамя таго, шмат у польскай мове ненарматыўнай лексікі з рускай мовы. Нашы народы ў гэтым, эмацыйным плане, вельмі падобныя.

І яшчэ адзін наш калега – Славэк Шэфс з Ангельскай службы Праграмы для замежжа. Ён адзначае, што цяпер значна больш уплыву ангельскай мовы на польскую, чым яшчэ 20-30 гадоў таму.

- Здараюцца і парадаксальныя сітуацыі, асабліва часта забаўная лексіка назіраецца ў карпарацыях. Я ўжо не кажу пра слова odźwierny (швейцар на ўваходзе), які перастае быць брамнікам, ён ужо door menadger. Гэта проста смешна, але таксама ў іншых назвах пасад палякі часам бываюць больш ангельскія за саміх ангельцаў і прыдумваць розныя ангельскія назовы. Зразумела, немагчыма цалкам супрацьстаяць перайманню ангельскіх слоў, але перш за ўсё я прапаную здаровы сэнс.

У наступнай перадачы з цыклу «Польская мова без межаў» мы разам з мовазнаўцай Агатай Хонцяй паразважаем пра словы замежнага паходжання, звязаныя з тэхналагічным прагрэсам.

Цыкл «Польская мова без межаў» часткова фінансуецца Фондам «Дапамога палякам на Ўсходзе» у рамках ажыццяўлення падтрымкі Сенатам Польшчы польскай дыяспары і палякаў за мяжой.

ПР/нг/яс

Больш на гэтую тэму: Польская мова без межаў