Беларуская Служба

Сёння адчыняецца выстава, прысвечаная 450-годдзю Люблінскай уніі

23.10.2019 12:54
Выставай распачынаецца святкаванне 25-годдзя Польскага інстытуту ў Мінску.
Аўдыё
Арыгінальны акт заключэньня Люблінскай уніі фота: Н. Грышкевіч/radyjo.net

Да 13 лістапада ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь будзе працаваць часовая экспазіцыя «Вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі». Выстава прысвечана 450-годдзю падпісання Люблінскай уніі.

Вернісаж выставы пройдзе сёння ў Нацыянальным гістарычным музеі. Акт Люблінскай уніі заключаны ў 1569 годзе. Гэта быў міжнародны прававы акт, які паклаў пачатак дзяржаўнаму саюзу паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім, вядомаму як Рэч Паспалітая.

Часовая экспазіцыя прадстаўляе дакладную гістарычную рэканструкцыю акта Люблінскай уніі са збору Музея гісторыі Польшчы. Выява аднайменнага твора Яна Матэйкі 1869 года нібы пры дапамозе дапоўненай рэальнасці дазваляе зразумець гістарычныя рэаліі і акалічнасці падпісання старадаўняга дакументу.

Арыгінал Акта Люблінскай уніі знаходзіцца ў калекцыі пергаментных дакументаў Галоўнага архіва старажытных дакументаў у Варшаве. Тэкст акта быў падрыхтаваны ў двух экзэмплярах, прызначаных для кожнага з бакоў – Кароны і Княства. Польскі асобнік, падпісаны дэпутатамі Польскай Кароны, які прызначаўся для Вялікага Княства Літоўскага, не захаваўся да нашых часоў. Існуючы акт уніі – гэта экзэмпляр Вялікага Княства Літоўскага. Ён зацверджаны пячаткамі сенатараў і дэпутатаў Вялікага Княства Літоўскага і быў прызначаны для Кароны.

Арыгінал Акта Люблінскай уніі захаваўся ў адносна добрым стане, але ён не даступны шырокай грамадскасці. Гэта абумоўлена крохкасцю артэфакта, спецыфічнымі патрабаваннямі да ўмоў яго экспанавання. Таму было прынята рашэнне аб стварэнні яго дакладнай гістарычнай рэканструкцыі – дакладнай копіі, якая паўтарала б матэрыялы і тэхналогію вырабу арыгінала. Праца над стварэннем гістарычнай рэканструкцыі дакументу заняла каля двух гадоў.

Польскі інстытут у Мінску ўжо некаторы час як далучыўся да плыні святкавання 450-годдзя падпісання акта Люблінскай уніі. Выстава «Вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі» стала чарговым, натуральным этапам – гаворыць дырэктар Польскага інстытуту ў Мінску Цэзары Карпінскі:

- Паводле мяне, гэта вельмі важна для сучаснага разумення пасылу, які з сабой несла Люблінская ўнія. Каб гэта зразумелі сучасныя людзі, мы. Не толькі палякі, але і беларусы, украінцы – усе, хто меў прынамсі якую-колечы сувязь з даўняй першай Рэччу Паспалітай, якая ўзнікла пасля падпісання ўніі. Апрача лепшага зразумення новай перспектывы, якую стварыла Люблінская ўнія для ўсіх жыхароў Рэчы Паспалітай, можа гэта таксама будзе натхненнем у падыходзе да сучаснасці, натхненне да лепшых рэчаў. Для таго, каб задумацца, напрыклад, пра нашыя адносіны, што з ідэалаў уніі засталося, на што мы можам спасылацца. Гэта быў вялікі выклік нашых продкаў. Я думаю, важна, каб гэта падкрэсліць, каб пра гэта памятаць.

Цэзары Карпінскі дадаў, што выставай, якая сёння адчыняецца ў Мінску, распачнецца святкаванне 25-годдзя Польскага інстытуту ў Мінску:

- Гэта ўрачысты пачатак юбілейнага сезону, які будзе працягвацца ажно да чэрвеня будучага году. Акрамя выставы пра Люблінскую ўнію, пройдуць яшчэ некалькі важных праектаў для нас і мясцовых адрасатаў. Гэта наш малы юбілей. Хутчэй за ўсё юбілейныя ўрачыстасці мы закончым у чэрвені, калі ўжо шмат гадоў праходзіць Дзень Польшчы ў Мінску. Гэта будзе добрая нагода, каб падвесці вынік нашага 25-годдзя годна і на высокім мастацкім узроўні, паколькі мастацкая якасць нашых праектаў з’яўляецца вельмі істотным элементам.

У 2018 годзе Люблінская ўнія 1569 года была ўнесена ў Міжнародны рэестр ЮНЕСКА «Памяць свету» па захаванні сусветнай дакументальнай спадчыны. Дакумент быў прадстаўлены як сумесны запіс пяці краін – Польшчы, Літвы, Украіны, Беларусі і Латвіі.


Плакат выставы Плакат выставы

ав