X
Паважаны карыстальнік!
25 траўня 2018 году ўвайшло ў сілу Распараджэнне Еўрапейскага парламента і Еўрапейскага савета (ЕС) 2016/6/79 за 27 красавіка 2016 (RODO). Прапануем азнаёміцца з інфармацыяй пра апрацоўку асабістых дадзеных на сайце Polskieradio.pl
1.Адміністратарам асабістых дадзеных з'яўляецца Polskie Radio S.A з сядзібай у Варшаве, Al. Niepodległości 77/85, 00-977 Warszawa
2.Па пытанню, звязаным з вашымі дадзенымі, звяртайцеся да Інспэктара аховы асабістых дадзеных па электроннай пошце iod@polskieradio.pl альбо па тэл. (0048) 22 645 34 03.
3.Асабістыя дадзеныя апрацоўваюцца ў маркетынгавых мэтах на падставе дазволу карыстальніка.
4.Асабістыя дадзеныя могуць быць даступныя толькі для выканання паслуг, указаных у палітыцы прыватнасці.
5.Асабістыя дадзеныя не будуць перададзены за межы Еўрапейскай эканамічнай прасторы або міжнародным арганізацыям.
6.Асабістыя дадзеныя будуць захоўвацца на працягу 5 гадоў пасля адключэння профіля ў адпаведнасці з законам.
7.Вы маеце права атрымаць доступ да вашых асабістых дадзеных, выпраўляць іх, выдаляць або абмяжоўваць апрацоўку.
8.Вы маеце права забараніць далейшую апрацоўку; у выпадку, калі вы раней далі згоду на апрацоўку вашых асабістых дадзеных, вы можаце яе адклікаць. Ажыццяўленне права на адмену згоды не ўплывае на апрацоўку, якая адбылася да адклікання згоды.
9.Вы маеце права падаць скаргу ў назіральны орган.
10.Polskie Radio S.A. паведамляе, што падчас апрацоўкі асабістых дадзеных аўтаматычныя рашэнні не прымаюцца, а прафіляванне не ўжываецца.
Больш падрабязная інфармацыя знаходзіцца на старонках dane osobowe, а таксама polityka prywatności.
ЗГОДЗЕН
Беларуская Служба

Як вучаць польскую мову ў краінах, дзе пражывае польская нацменшасць

09.11.2019 17:18
Сёння паразмаўляем пра двухмоўе і запросім у студыю людзей, які валодаюць двума і больш мовамі, адной з якіх з’яўляецца польская.
Аўдыё
  • Як вучаць польскую мову ў краінах, дзе пражывае польская нацменшасць
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneJuan Ci/Shutterstock.com

У Латвіі, Літве, Беларусі і Украіне польская мова, з аднаго боку, замежная, а з другога – мясцовая, бо ў некаторых рэгіёнах гэтых краін пражываюць прадстаўнікі польскай нацыянальнай меншасці. У цыклі «Польская мова без межаў» мы размаўлялі на розныя моўныя тэмы з экспертамі і выкладчыкамі, а сёння паразмаўляем пра двухмоўе і запросім у студыю людзей, які валодаюць двума і больш мовамі. І адной з гэтых моў з’яўляецца польская.

І так, у студыі Польскага радыё Ёрэн Дабкевіч з Латвіі, Барбара Мікулевіч з Літвы і Вольга Лазавая з Украіны. Сёння яны нам раскажуць пра тое, як вывучылі польскую мову.

Барбара Мікулевіч з Літвы падкрэслівае, што польская – яе першая мова і заўсёды такой застанецца, таму што дзяўчына вырасла ў польскай сям'і.

- У Літве працуюць польскія школы, і я скончыла адну з іх. Дома, са сваімі бацькамі, са сваёй сямʼёй заўсёды гаварыла па-польску. Таму гэта мая родная мова, і так я яе ўспрымаю. І пасля таго, як я прыехала ў Польшчу, у Варшаву, то занялася «шліфаваннем» і ўдасканаленнем сваёй польскай мовы.

Ёрэн Дабкевіч з Латвіі адзначае, што ў яго краіне польская рэдка зʼяўляецца першай роднай мовай у мясцовых жыхароў. Але вывучаць яе карысна.

- Веданне гэтай мовы дае магчымасць пазнаць нашу агульную гісторыю, польскую культуру, традыцыі, а таксама захоўваць гэтыя традыцыі ў сучасным свеце. Бо шмат што было страчана.

Ёрэн Дабкевіч распавядае, што адкрыццё польскіх каранёў у сямʼі падштурхнула яго да таго, каб вывучаць польскую.

- Гэта была галоўная матывацыя для маёй сямʼі аддаць мяне ў польскі дзіцячы садок, потым скончыць польскую школу. І зараз гэта адкрывае магчымасці пераезду ў Польшчу, вучобы тут, атрымання новых ведаў і вопыту.
Польскія карані ў нас можна знайсці – гэта, так бы мовіць, наша «рэгіянальная» асаблівасць. А ў дзіцячых садках і школах ужо зʼяўляецца магчымасць вывучэння польскай мовы і культуры.

Я выказваю падзяку за тое, што створана такая адукацыйная сістэма ў дзіцячых садках і школах: мова вывучаецца па новых методыках, з вялікай колькасцю гадзін практычных заняткаў у Польшчы, пачынаючы з пачатковай школы. Мы часта прыязджалі ў Польшчу, у школы на практыку. Гэта па-першае. А па-другое, у нас былі настаўнікі з Польшчы. Гэта таксама давала матывацыю і магчымасці штодзённых зносін па-польску.

Вывучаць польскую мову Вользе Лазавой з Украіны падказалі яе бацькі для таго, каб у дзяўчыны была магчымасць прыехаць у Польшчу і вучыцца тут. Вось як адбывалася яе ўваходжанне ў польскае моўнае асяроддзе ўжо ў Польшчы.

- Вядома, першыя паўгода было цяжка. У гэты час я пераважна гаварыла па-англійску. А потым пачала спрабаваць, старацца размаўляць па-польску. І зараз я ўжо зʼяўляюся выпускніцай Варшаўскай ваенна-тэхнічнай акадэміі. І ўсё ў мяне атрымалася.

Вольга Лазавая прызнаецца, што самым цяжкім для яе было навучыцца чытаць на мове Міцкевіча і Славацкага.

- Ва Украіне іншы алфавіт – кірыліца. І гэта было для мяне цяжкасцю. А наогул нашы мовы вельмі падобныя: у вымаўленні, граматыцы.

Фонд «Дапамога палякам на Усходзе», які дапамагае палякам, што пражываюць за польскай усходняй мяжой, праводзіць акцыю сярод палякаў за мяжой «Кім ты зʼяўляешся?» (Kto ty jesteś?). Адна з яе мэт – далучэнне асобаў польскага паходжання да польскай славеснасці. Як польская мова вывучаецца ў Літве? Распавядае Барбара Мікулевіч.

- У Літве існуе вялікая польская нацыянальная меншасць. У нас шмат палякаў, і гэта ўсе ведаюць. Але ў палякаў існуюць цяжкасці з пазнаннем сваёй ідэнтычнасці, далучэннем да польскай культуры. Многія мае равеснікі, напрыклад, не надавалі асаблівай увагі польскай культуры, польскай мове. Гэта распаўсюджаная праблема. Акрамя таго, што дзеці былі палякамі па паходжанні і размаўлялі па-польску дома, то ў школе не імкнуліся казаць правільна.

Але з іншага боку, такое становішча спраў вынікае з таго, як бацькі вядуць сябе дома. І калі дома кажуць не правільна, а на польска-беларуска-літоўска-рускай змяшанай мове, то, на жаль, дзіця, якое прыходзіць у школу, не можа зарыентавацца і кажа так, як кажуць дома. Я гэта чула кожны дзень.

Я ў сямʼі гаварыла на правільнай польскай мове. Мае бацькі гавораць па-польску, мой брат, мае далёкія сваякі таксама. Мая мама працуе журналісткай у польскай газеце, таму для мяне гэта было натуральна. Я ведала, кім зʼяўляюся, я гаварыла па-польску, і пазней у мяне не было праблем з адаптацыяй у Варшаве. Аднак у некаторых маіх сяброў такая праблема ёсць. І, на мой погляд, гэта сумна, што яны не ведаюць сваёй мовы.

У той жа час, як адзначае Вольга Лазавая, расце папулярнасць польскай мовы ва Украіне.

- Цяпер шмат украінцаў прыязджае ў Польшчу. У той жа час мы як украінцы, павінны працаваць над пісьменнасцю. Таму што з-за таго, што польская мова падобная на ўкраінскую, шмат хто лічыць, што не трэба вывучаць гэтай мовы. А потым з-за гэтага ўзнікаюць пэўныя праблемы. Таму што часта мы гаворым няправільна.

Цыкл радыёпраграм «Польская мова без межаў» часткова фінансуецца фондам «Дапамога палякам на Усходзе» у рамках падтрымкі Сенатам Польшчы польскай дыяспары і палякаў за мяжой.

Катажына Сэмаан/вс/аз

Больш на гэтую тэму: Польская мова без межаў