Беларуская Служба

Многія лісты Станіслава Манюшкі знішчыла яго ўдава

19.03.2020 10:03
Магдалена Дзядэк і Радослаў Акуліч-Казарын рыхтуюць поўнае выданне лістоў Станіслава Манюшкі.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". М.Дзядэк пра лісты С.Манюшкі.
  ,         ,       .
Уваход у Бібліятэку, архіў і музей Варшаўскага музычнага таварыства імя Станіслава Манюшкі, дзе захоўваецца большая частка спадчыны гэтага кампазітара. Viktar Korbut

На II Сімпозіуме даследчыкаў музыкі ХІХ стагоддзя, які адбыўся 11-12 сакавіка ў Варшаве, у Інстытуце мастацтвазнаўства Польскай АН, прафесар Магдалена Дзядэк з кракаўскага Ягелонскага ўніверсітэта расказала пра падрыхтоўку ёю разам з прафесарам Радославам Акулічам-Казарыным з познаньскага Універсітэта Адама Міцкевіча поўнага збору лістоў Станіслава Манюшкі, а таксама яго сваякоў і знаёмых. Першае і пакуль адзінае выданне пісем Манюшкі ажыццявіў Вітальд Рудзіньскі, які ў 1969 годзе выдаў „Listy zebrane” Манюшкі — на больш як 600 старонках. Аднак гэта выданне стала бібліяграфічнай рэдкасцю і патрабуе ўдакладненняў і дапаўненняў.

Магдалена Дзядэк: — Гэтыя тэксты трэба яшчэ раз вывучыць з пункту гледжання філалогіі. У майго калегі ёсць такі вопыт: нядаўна ў Каўнасе выйшаў першы том падрыхтаванай ім да друку перапіскі мастака Мікалоюса Канстанцінаса Чурлёніса.

Мы, музыколагі, не ведаем, як рэканструяваць тэкст, як пісаць каментарый. У выданні лістоў Манюшкі, падрыхтаваным Рудзіньскім, гэтых каментарыяў вельмі мала. І вельмі часта гэта толькі здагадкі, асацыяцыі, часам адвольныя. Хаця прафесар Рудзіньскі выканаў вялікую працу.

Магдалена Дзядэк гаворыць, што ў новым выданні лістоў Манюшкі будуць апублікаваны таксама пісьмы яго сваякоў, сяброў, напрыклад, — цешчы Марыі Мюлер.

Магдалена Дзядэк: — З гэтых лістоў мы даведваемся многа новага пра тэатральнае жыццё ў Вільні, пра канкурэнцыю паміж польскай і нямецкай трупамі. З перапіскі Манюшкі мы можам таксама ўдакладніць і нават змяніць даты напісання і выдання яго твораў.

Прафесар Магдалена Дзядэк выступае на II Сімпозіуме гісторыкаў музыкі XIX стагоддзя ў Інстытуце мастацтвазнаўства Польскай АН у Варшаве. Прафесар Магдалена Дзядэк выступае на II Сімпозіуме гісторыкаў музыкі XIX стагоддзя ў Інстытуце мастацтвазнаўства Польскай АН у Варшаве.

Магдалена Дзядэк напамінае, што яшчэ першы біёграф Станіслава Манюшкі — яго сябар Аляксандр Валіцкі — знішчыў многія лісты Манюшкі, бо гэтыя лісты адмоўна сведчылі пра тых людзей, якія яшчэ жылі.

Магдалена Дзядэк: — Манюшка меў талент гаварыць дрэнна пра тых, хто яшчэ жыў. І гэтых лістоў ужо няма. Таксама некаторыя лісты былі знішчаны па цэнзурных меркаваннях. І іх мы ніколі ўжо не вернем.

Каласальную колькасць лістоў знішчыла ўдава — Аляксандра Манюшка. Па-першае, знішчыла ўсе свае лісты да Станіслава Манюшкі. Засталося толькі некалькі. А лістоў перыяду, калі Аляксандра была нарачонай Манюшкі, няма ўвогуле.

Няма лістоў, якія адносяцца да неспакойных перыядаў у жыцці Манюшкаў, напрыклад, перапіска раптам абрываецца ў момант смерці першага сына Казімежа. Апошні ліст, які ўцалеў, быў напісаны за тры тыдні перад яго смерцю. У ім бабуля Казімежа гаворыць пра тое, што хлопчык, як кажуць, быў адарваны ад цыцкі, выказана падзяка мамцы, хлопчык перайшоў на каровіна малако, пачаў есці булён і кашку — і праз тры тыдні не жыў: памёр ад бруду і дызентэрыі.

Адразу пасля смерці Манюшкі ўдава раздала многа лістоў і іншых памятных рэчаў, якія засталіся па кампазітару. Яна раздавала ноты, партытуры.

Я знайшла ліст, які быў напісаны ўдавой пасля смерці Манюшкі да мэра Варшавы Каліста Віткоўскага, вядомага таксама як паланафоб (polakożerca), арганізатар рэпрэсій пасля Студзеньскага паўстання 1863 года. Разам з гэтым лістом удава Манюшкі вяртае ордэн Святога Станіслава, які Манюшка атрымаў у красавіку 1872 года, за два месяцы да смерці. Удава Манюшкі піша ў сентыментальным тоне, што не ўяўляе сабе нікога, хто быў бы больш дастойны таго, каб мець такі прадмет на памяць пра Манюшку.

Фрагмент праграмы II Сімпозіума гісторыкаў музыкі ў Інстытуце мастацтвазнаўства Польскай АН у Варшаве. Фрагмент праграмы II Сімпозіума гісторыкаў музыкі ў Інстытуце мастацтвазнаўства Польскай АН у Варшаве.

Магдалена Дзядэк адзначае паваротны момант у справе захавання спадчыны Станіслава Манюшкі.

Магдалена Дзядэк: — Ян Карловіч пачаў інтэнсіўную працу ў адваротным кірунку — ён пачаў наведваць удаву і ўгаворваць яе знайсці партытуры Манюшкі. Пачалася кампанія пошуку партытур па розных людзях, бо не было вядома, дзе яны знаходзяцца. Частка, натуральна, прапала.

Таксама паміралі людзі, якія зналі Манюшку. Карловіч паклапаціўся пра тое, каб атрымаць ад гэтых людзей пэўную інфармацыю, напрыклад, ад урача і філантропа Юльяна Тытыуса.

У 1892 годзе была падрыхтавана славутая тэатральна-музычная выстаўка ў Вене, і тады з’явілася ідэя стварыць на гэтай выстаўцы пакой Манюшкі. На той жа выстаўцы быў прадстаўлены пакой Шапэна з яго пасмяротнай маскай, нотамі, публікацыямі, ілюстрацыямі.

Аднак пакой Манюшкі не ўдалося стварыць. Але ў сувязі з пошукамі матэрыялаў для выстаўкі Карловічу ўдалося сабраць яшчэ многа дакументаў. І ў такім выглядзе, як гэтыя матэрыялы ўпарадкаваў і пранумараваў Карловіч, а таксама Уладыслаў Захароўскі, у тым ліку нададзеныя sygnatury (архіўныя шыфры), яны захоўваюцца ў Бібліятэцы, архіве і музеі Варшаўскага музычнага таварыства імя С. Манюшкі.

Віктар Корбут

Фота аўтара

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост