Беларуская Служба

Музей POLIN прапануе віртуальнае падарожжа ў тысячагадовую гісторыю польскіх габрэяў

15.04.2020 10:39
Выставу «1000 гадоў гісторыі польскіх габрэяў» можна наведваць з гідом у рамках цыклу «Шпацыры па выставе. Не выходзячы з дому».
.
.Падзея музею ў Фэйсбуку

Віртуальнае падарожжа ў тысячагадовую гісторыю польскіх габрэяў – гэта новая прапанова Музея POLIN. Нягледзячы на закрыццё музею па прычыне эпідэміі каранавірусу, выставу «1000 гадоў гісторыі польскіх габрэяў» можна наведваць з гідом у рамках цыклу «Шпацыры па выставе. Не выходзячы з дому».

Дагмара Манька-Візар з адукацыйнага аддзелу Музея POLIN гаворыць, што гэтай магчымасцю могуць карыстацца таксама тыя, хто ўжо бачыў выставу:

-Мы ўвойдзем у габрэйскі дом, у сінагогу. Раскажам пра дылемы габрэяў у рэчаіснасці XIX стагоддзя, калі ўсё мяняецца вельмі хутка. Таксама пра дылемы тых, хто перажыў Другую сусветную вайну і жыў у камуністычнай Польшчы. Нават, калі нехта ведае выставу, то можа адкрыць новыя рэчы, сустрэць новыя постаці.

У галерэі знаходзіцца таксама адзін з самых старых аўтэнтычных экспанатаў у калекцыі музею. Гэта невялікая манета з XIII стагоддзя, якая нагадвае пра тое, як каралі і польскія князі давяралі габрэям надзвычай важную задачу выбіваць манеты – дадае кандыдат навук Марыюш Ястшамб:

-Габрэі, якія прыбылі з захаду Еўропы, былі знаёмыя з грашовай гаспадаркай. Акрамя таго, габрэйскія супольнасці, якія існавалі ў розных месцах Еўропы, утрымлівалі паміж сабой сувязі. Таму габрэі былі ў стане арганізаваць, пазычыць ад сваіх аднавернікаў серабро, якое было патрэбнае, каб выбіваць манеты.

Віртуальная выстава складаецца з васьмі інтэрактыўных галерэй, прысвечаных розным перыядам у гісторыі. Віртуальныя сустрэчы будуць адбывацца на працягу сямі тыдняў у кожную суботу ў 10.00.

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры