Беларуская Служба

На творчую моладзь з Беларусі і Украіны сёлета Польшча выдаткавала 500 тысяч еўра

22.07.2020 15:36
У 2020 годзе фінансавай падтрымкай Міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы ў рамках ХIХ набору праграмы Gaude Polonia скарысталіся 10 грамадзянаў Беларусі і 38 грамадзянаў Украіны.
Аўдыё
  • Адной са стыпендыятак Gaude Polonia 2020 была беларуская выканаўца, заснавальніца беларускамоўнага музычнага праекту Paulinn Паўліна Цімохіна
48              Gaude Polonia 2020
48 грамадзянаў Украіны і Беларусі – творчыя асобы і адукатары завяршылі паўгадавую стыпендыяльную праграму Gaude Polonia 2020 Fot. Jarek Barański / NCK

48 грамадзянаў Украіны і Беларусі – творчыя асобы і адукатары завяршылі паўгадавую стыпендыяльную праграму Gaude Polonia. Стыпендыяты міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы атрымалі дыпломы аб паспяховым завяршэнні праграмы.

У 2020 годзе фінансавай падтрымкай Міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы ў рамках ХIХ набору праграмы Gaude Polonia скарысталіся 10 грамадзянаў Беларусі і 38 грамадзянаў Украіны. Асноўнай мэтай Gaude Polonia з'яўляецца распаўсюджванне польскай культуры і супрацоўніцтва паміж мастацкімі асяроддзямі Польшчы і ўсходніх краінаў-суседак.

Цягам амаль дваццаці гадоў рэалізацыі стыпендыяльнай праграмы Gaude Polonia грантамі былі ўзнагароджаныя амаль 800 чалавек, – гаворыць генеральны дырэктар ведамства культуры Ярослаў Чуба:

- Мы верым, што кожны творчы праект, рэалізаваны ў рамках праграмы Gaude Polonia стаў істотным умацаваннем культурных сувязяў паміж Польшчай ды яе суседзямі, а таксама краінамі Усходняй Еўропы. Вялізная большасць стыпендыятаў не толькі становіцца свайго роду пасламі польскай культуры ў сваіх краінах, але таксама падтрымлівае кантакты з польскімі творчымі асяроддзямі. Мы жадаем вам далейшых творчых поспехаў! І спадзяемся, што рэалізаваныя праекты, і атрыманы досвед дазволяць умацаваць культуру нашай часткі Еўропы.

У гэтым годзе бюджэт праграмы Gaude Polonia склаў больш за 2,2 млн злотых (прыкладна 500 тысяч еўра). У рамках праграмы стыпендыяты адбываюць шасцімесячны творчы стаж у Польшчы. За гэты час рэалізоўваецца культурніцкі праект, які быў пададзены ў заяўцы на ўдзел у Gaude Polonia.

Адной са стыпендыятак Gaude Polonia 2020 была беларуская выканаўца, заснавальніца беларускамоўнага музычнага праекту Paulinn Паўліна Цімохіна:

-Мой праект звязаны з творчасцю Чэслава Немана. Яго постаць яднае польскі і беларускі народы. Чэслаў Неман нарадзіўся ў Беларусі, на Гарадзеншчыне, але стаў славутым музыкам у Польшчы. На жаль, пра Чэслава Немана мала выедаюць у Беларусі, асабліва гэта тычацца маладога пакалення.

У сваім праекце я вырашыла наблізіць творчасць музыкі, кампазітара, паэта Чэслава Немана маладому пакаленню беларусаў. Падчас творчага побыту ў Польшчы, у рамках Gaude Polonia, выдаю мініальбом з чатырма творамі Немана, перакладзенымі на беларускую мову. Рэалізацыю майго праекту ўскладнілі сацыяльныя абмежаванні, выкліканыя эпідэміяй каранавіруса. З гэтае прычыны выхад кружэлкі крыху спазняецца, але гэта адбудзецца неўзабаве. (...)

Падчас свайго побыту ў Польшчы я прыйшла да ўсведамлення сваёй творчай самадастатковасці і для мяне гэтай бадай самы важны вынік, які я атрымала дзякуючы Gaude Polonia. (…)

У рамках стыпендыі Gaude Polonia Нацыянальны цэнтр культуры Польшчы прадстаўляе ўдзельнікам праграмы, між іншым, сродкі на набыццё матэрыялаў для творчых работ і індывідуальнага кансультанта. Заяўкі на ўдзел у праграме Gaude Polonia 2021 прымаюцца да 15 кастрычніка.

У папярэднія гады стыпендыятамі праграмы сярод іншых беларусаў былі кампазітар Дзмітрый Лыбін і мастак Артур Клінаў.

Слухайце аўдыё!

эж