Беларуская Служба

У Польшчы здымаюць фільм пра важную постаць каталіцкага касцёла

05.08.2020 14:43
Кінастужка пра Стэфана Вышыньскага называецца «Паўстанне кардынала».
Kardynał Stefan Wyszyński
Kardynał Stefan WyszyńskiNarodowe Archiwum Cyfrowe

У Польшчы здымаюць кінафільм пра важную постаць у гісторыі каталіцкага касцёла – прымаса Стэфана Вышыньскага. Перад тым, як стаць галавой каталіцкага касцёла, ён быў святаром жаўнераў Арміі Краёвай, выконваў працу духоўнага ў паўстанцкім шпіталі ў мясцовасці Ляскі пад Варшавай.

Кінастужка называецца «Паўстанне кардынала». Фармат фільма – дакументальна-мастацкі. У якасці дакументальных запісаў выкарыстоўваюцца ўспаміны ўдзельнікаў Варшаўскага паўстання супраць нямецкіх акупантаў, здымкі ды гістарычныя рэквізіты з тых часоў. Прадзюсар фільму і аўтар сцэнару Тадэвуш Сыка (Tadeusz Syka) адзначае, што праз дадзены кінафільм аўтары стараюцца расказаць маладому пакаленню пра жыццё і дзейнасць ксяндза Вышыньскага.

- Мы пастараліся ўкласці шмат намаганняў, каб не рабіць чарговага дакументальнага фільму. Мы хацелі паказаць сапраўдную ваенную драму, паказаць усё, што перажываў малады ксёндз-паручнік пад псеўданімам «Radwan III». На маю думку, гэтая гісторыя наблізіць гледачу жывую постаць ксяндза Стэфана Вышыньскага, а не помнік. Хтосьці з маладога пакалення калісьці мяне запытаў: «А кім быў Вышыньскі, ці ён граў у Легіі (Легія – гэта футбольны клуб – рэд.)?». І таму гэты фільм мы здымаем, каб маладым пра яго расказаць.

Ролю ксяндза Стэфана Вышыньскага пад псеўданімам «Radwan III» выконвае актор Ксавэры Шленкер (Ksawery Szlenkier). Ён кажа, што для яго праца над кінастужкай была выдатным часам.

- Пра саракавыя гады мінулага стагоддзя, пра той вельмі важны час для Вышыньскага мы як правіла не думаем. А гэта быў вельмі важны перыяд, які яго сфармаваў. Мне пашанцавала, паколькі я мог не думаць пра пазнейшы перыяд жыцця прымаса, а звярнуць увагу толькі на гэты. Гледзячы на гэтыя месцы, дзе паручнік Вышыньскі прабываў, спавядаў ці перавязваў параненых, я думаў пра тагачасную бяду, але таксама пра сціпласць і сілу характару гэтага чалавека, які тады сфармаваўся.

Працягласць фільму – каля адной гадзіны. Стужка ўтрымлівае 18 мастацкіх сцэн з каментаром экспертаў і ўспамінамі паўстанцаў. Апошнія сцэны будуць знятыя восенню, калі заканчваліся баі Варшаўскага паўстання. У кінастужцы былі выкарыстаныя архіўныя здымкі Польскага інстытуту нацыянальнай памяці.

нг