Беларуская Служба

Сяргей Навумчык пра Лукашэнку: «Беларуская мова нічога не давала яму ў кар'еры, а з 1993 года ён стаў на прарасійскія шавіністычныя пазіцыі»

04.03.2021 12:46
Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Сяргей Навумчык разважае пра прычыны адмоўнага стаўлення Аляксандра Лукашэнкі да беларускай мовы.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Сяргей Навумчык пра адносіны Аляксандра Лукашэнкі да беларускай мовы.
,   , 2  2001 .                II .
Масква, Вялікі Крамлёўскі палац, 2 красавіка 2001 года. Цырымонія ўзнагароджання Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным ордэнам «За заслугі перад Айчынай» II ступені.Commons.wikimedia.org/Kremlin.ru/CC BY-SA 4.0

Выступаючы 11 лютага на сходзе наменклатуры — г.зв. VI Усебеларускім народным сходзе — Аляксандр Лукашэнка, які называе сябе Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, сярод іншага заявіў аб тым, што яго апаненты нібыта прапануюць «стварэнне скразной сістэмы адукацыі [...] на беларускай мове: ад дзіцячых садкоў да ўніверсітэтаў. Увядзенне крымінальнай адказнасці за публічную абразу беларускай мовы і гэтак далей».

Лукашэнка на г.зв. VI Усебеларускім народным сходзе адзначыў, што «ёсць асновы, якія дазваляюць нам заставацца ў гісторыі моцнай і незалежнай дзяржавай. Гэта перш за ўсё культурная спадчына, нацыянальная самасвядомасць, лад жыцця». Што ж Лукашэнка разумее пад «нацыянальным»? У тым жа дакладзе ён растлумачыў: «У нас дзве родныя мовы. Беларуская і руская. [...] Вялікая руская мова, дзе многа нашай беларускай душы. Мова — матэрыя, якая ўвесь час развіваецца. Калі мы гэта страцім, мы ніколі больш гэтага не вернем. Таму беларуская і наша руская мова — яны будуць заўсёды здабыткам нашай нацыі, і мы не будзем цкаваць людзей... І ціснуць, каб яны не размаўлялі на рускай мове».

Лукашэнка ўвесь час абараняе «вялікую», «нашу», як ён кажа, рускую мову. І душыць беларускую. Ён палохае беларусаў тым, што яны, калі б не было Лукашэнкі, будуць размаўляць на беларускай мове. З боку гэта выглядае недарэчна. Але паколькі «лад жыцця» ў Беларусі вызначае аднаасобна Лукашэнка, у тым ліку моўную палітыку, то яго заявы — далёка не пусты гук.

У Мінску ў 2018/2019 навучальным годзе толькі ў пяці гімназіях і дзвюх школах прадметы выкладалі па-беларуску. Гэта складае толькі 2,8% ад 247 сярэдніх навучальных устаноў горада.

Беларусы складаюць 83,7% насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Але толькі 53,2% грамадзян Беларусі лічаць роднай беларускую мову. Пры гэтым дома па-беларуску размаўляюць 23,4% насельніцтва краіны. Гэта даныя перапісу 2009 года і вынік моўнай палітыкі Лукашэнкі.

Сяргей Навумчык добра знае Лукашэнку асабіста і па рабоце ў беларускім парламенце ў 1990-1995 гадах. У 1994 годзе Лукашэнка стаў Прэзідэнтам. А Навумчык ў 1996 годзе быў вымушаны эмігрыраваць — як прынцыповы апанент Лукашэнкі, адзін з лідараў апазіцыйнага дыктатару Беларускага Народнага Фронту, які адстойваў правы беларускай мовы, пазбаўленай па ініцыятыве Лукашэнкі ў 1995 годзе статусу адзінай дзяржаўнай, а па сутнасці наогул пазбаўленай амаль усіх правоў.

Цяпер, гледзячы з Прагі на тое, што адбываецца ў Мінску, Сяргей Навумчык бачыць адну з прычын адмоўнага стаўлення Аляксандра Лукашэнкі да беларускай мовы ў сацыяльна-эканамічных умовах, у якіх рос гэты чалавек у 1960-я гады на ўсходзе Беларусі, ля самай граніцы з Расіяй.

Сяргей Навумчык: Усход Беларусі, памежжа Магілёўскай і Віцебскай абласцей, адкуль родам Лукашэнка, у той час ужо быў істотна русіфікаваны. Хоць, безумоўна, гэта беларуская тэрыторыя з беларускім насельніцтвам.

Адзінай магчымасцю вырвацца з сацыяльнай галечы, з сацыяльнага дна для людзей быў пераезд у горад. А ў горадзе, каб хутчэй стаць «сваім», трэба было, паступіўшы ў інстытут або пайшоўшы працаваць на завод, гаварыць так, як у горадзе. А ў горадзе гаварылі, дый лічылася, што трэба размаўляць па-руску.

Таму сфарміравалася стаўленне да беларускай мовы як да «калгаснай», нізкай па статусе, мовы нейкага сацыяльнага дна.

На шляху да больш высокага грамадскага статусу — ад калгасніка да гараджаніна — выхадцу з беларускай вёскі, у тым ліку Лукашэнку, давялося прайсці праз шэраг абавязковых выпрабаванняў. Сярод іх — адмова ад роднай мовы.

Сяргей Навумчык: Лягчэй за ўсё ім было адрачыся ад таго, што было іх характэрнай прыкметай — ад мовы. Тут, вядома, накладваецца палітыка русіфікацыі, якая ішла з 1930-х гг. і актыўна набірала тэмп у 1960-я гг.

Сяргей Навумчык бачыць у Аляксандру Лукашэнку свайго роду адзін з архетыпаў беларусаў, выхаваных у 1960-1970-я гады.

Сяргей Навумчык: Лукашэнка, калі гаварыць пра яго ў моўным кантэксце, быў прадуктам таго часу.

Потым, дадайце сюды яшчэ службу ў Савецкай Арміі.

Лукашэнка выйшаў з самага сацыяльнага дна, з цяжкімі псіхалагічнымі захворваннямі, нават бадай комплексамі, з крыўдай на ўвесь свет.

У 1990-я гады журналісты ездзілі ў вёску, дзе вырас Лукашэнка. Гэта было закінутае сяло — самае сацыяльнае дно. Там не было культу кнігі, музыкі, пра тэатр наогул наўрад ці хто-небудзь ведаў. Там панаваў культ сілы. Хто моцны, той б'е слабага, той і ўзбіраецца наверх. Лукашэнка прайшоў гэтую школу. І таму на фоне палітыкі русіфікацыі і на асабістым вопыце атрымаўся такі вынік.

Да «букету» рознага роду прычын, што сфарміравалі адмоўнае стаўленне Аляксандра Лукашэнкі да беларускай мовы Сяргей Навумчык дадае службу ў пагранічных войсках СССР, дзе зусім не прышчаплялі любоў да беларускай мовы, а наадварот — выхоўвалі ў духу савецкага патрыятызму і адмаўлення ўсякага роду нацыянальных адметнасцей.

Сяргей Навумчык: Ён прыйшоў у 1990 годзе ў Вярхоўны Савет, не вылучаючыся сярод сваіх аднагодкаў — партыйнай наменклатуры.

Характарызуючы наменклатуру пакалення Лукашэнкі, Сяргей Навумчык адзначае яе адрозненне ад наменклатуры старэйшага пакалення — у тым ліку ў адносінах да беларускай мовы.

Сяргей Навумчык: Яны яшчэ вучыліся ў беларускіх школах, яны яшчэ заспелі той час, калі беларуская мова, вядома, не перажывала росквіт, але была натуральнай з'явай, да якой у народзе не было адмоўнага стаўлення.

А вось новыя гадаванцы — гэта наменклатура, якая пайшла расці ў перыяд Слюнькова, першага сакратара ЦК КПБ, пастаўленага Андропавым, які проста знішчаў усю нацыянальную культуру, як толькі мог. Слюнькоў быў тэхнаром, для якога важны быў план, выкананне надояў, укосаў, г.зв. сацыялістычных абавязацельстваў прадпрыемстваў. Адпаведна, культура знаходзілася ў занядбаным стане, яна не была прэстыжная, не была патрэбная.

Наменклатура пакалення Лукашэнкі проста не разумела каштоўнасці беларускай культуры, мовы. Таму Лукашэнка ў гэтым плане не быў унікальны.

Калі Лукашэнка стаў у 1990 годзе дэпутатам, а ў 1994-м Прэзідэнтам, дзейнічаў закон «Аб мовах у Беларускай ССР», прыняты яшчэ цалкам камуністычным, не абраным, а прызначаным кампартыяй Вярхоўным Саветам Беларускай ССР XI склікання, а таксама палажэнне Канстытуцыі БССР і Рэспублікі Беларусь, якое абвяшчала, што беларуская мова з'яўляецца дзяржаўнай, а руская — «мовай міжнацыянальных зносін».

Сяргей Навумчык: Прарасійскія палітычныя сілы разумелі, што дзяржаўны статус беларускай мовы будзе азначаць адрыў Беларусі ад Расіі ў тым плане, што больш не будзе вяртання назад, у імперыю, і яны не маглі гэтага дапусціць.

Лукашэнка не тое, каб адчуў гэтыя настроі. Я перакананы, што ён проста выконваў пажаданні і намеры гэтых праімперскіх, прарасійскіх сіл, якія былі ў яго асяроддзі. Сярод іх быў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, былы дэпутат Вярхоўнага Савета Леанід Сініцын. Гэта быў цалкам прарасійскі чалавек, ён з'яўляўся «архітэктарам», калі можна так сказаць, рэферэндуму 1995 года.

Яшчэ адным ідэолагам рэферэндуму 1995 года быў палкоўнік Уладзімір Замяталін — адкрыты беларусафоб, які заяўляў, што Беларусь павінна быць часткай Расіі, знаходзячыся на пасадзе намесніка прэм'ер-міністра, уявіце сабе! Вось такія людзі акружалі Лукашэнку. І ўсё гэта спалучалася з поўным непрыманнем Лукашэнкам на псіхалагічным узроўні нацыянальных каштоўнасцей, беларускай мовы і г.д.


Пасведчанне аб абранні Сяргея Навумчыка дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. 1990 год. Пасведчанне аб абранні Сяргея Навумчыка дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. 1990 год.

На рэферэндуме 1995 года, нягледзячы на ​​тое, што, як адзначае Сяргей Навумчык, вынесеныя на яго пытанні аб змене дзяржсімволікі (з беларускай нацыянальнай на відазмененую савецкую), наданні рускай мове статусу дзяржаўнай супярэчылі Канстытуцыі, большасць з тых, хто прыняў удзел у галасаванні, падтрымала прапановы Лукашэнкі.

Так беларуская мова перастала быць адзінай дзяржаўнай, раздзяліўшы гэты статус з рускай, якая пачала выцясняць беларускую. Пад ціскам рэжыму Лукашэнкі закрываліся беларускія школы, беларуская мова выводзілася са справаводства (дзе і без таго займала сціплае месца), замяняліся шыльды на вуліцах, ва ўстановах, пераводзілася на ​​рускую мову прэса, тэлебачанне, увогуле — усё грамадскае і дзяржаўнае жыццё краіны.

Ці валодае Лукашэнка беларускай мовай? Без паперкі ён ніколі на ёй не размаўляў. Дый рабіў гэта занадта рэдка, звычайна зачытваючы некалькі абзацаў у г.зв. Дзень Незалежнасці — 3 ліпеня (дый тое, не штогод) або на ўручэнні прэзідэнцкай прэміі «За духоўнае адраджэнне» на праваслаўнае Раство Хрыстова.

З іншага боку, Лукашэнка мае выразнае беларускае вымаўленне, акцэнт, калі размаўляе па-руску — ад сябе, не па паперцы.

Сяргей Навумчык не прыпомніць, каб з ім Лукашэнка размаўляў на беларускай мове, аднак лічыць, што той ёю валодае.

Сяргей Навумчык: Ён нашмат лепш ёю валодае, чым абсалютная большасць цяперашніх лідараў апазіцыі. Гэта адназначна. Бо я чуў як яны гавораць, калі наогул гавораць па-беларуску. Я маю на ўвазе новую палітычную апазіцыю: штаб Святланы Ціханоўскай і прыхільнікаў Віктара Бабарыкі.

Украінскай мовай не валодалі ў дастатковай ступені да з'яўлення прэзідэнцкіх амбіцый ні Пётр Парашэнка, ні Уладзімір Зяленскі, ні Віктар Януковіч. Тым не менш, усе прэзідэнты Украіны гаварылі ці навучыліся размаўляць па-ўкраінску.

Аляксандр Лукашэнка, аднак, нават не спрабаваў авалодаць беларускай літаратурнай мовай. Чаму?

Сяргей Навумчык: Ён вырас у 1960-1970-я гады, калі не было неабходнасці вывучаць беларускую мову. Пасіўна ён, вядома, мовай валодаў. Але беларуская мова нічога не давала яму ў кар'еры. Абсалютна. І таму цалкам натуральна, што беларуская мова не ўяўляла для Лукашэнкі каштоўнасці: ні культурнай, ні ў кар'ерным плане.

Сяргей Навумчык успамінае, калі Лукашэнка цвёрда стаў на прарасійскія пазіцыі. Гэта здарылася, на думку былога дэпутата, у 1993 годзе. Ужо тады, успамінае Навумчык, Лукашэнка ездзіў у Маскву і падтрымліваў тамтэйшых рускіх нацыяналістаў — баркашоўцаў і макашоўцаў, прыхільнікаў Рускага нацыянальнага адзінства.

Сяргей Навумчык: Ён дзесьці з 1993 года поўнасцю стаў не проста на прарасійскія, а на праімперскія, шавіністычныя пазіцыі.

Ён ідэйна разумеў, што беларуская мова — гэта яго вораг.

Лукашэнка імкнуўся на працягу некалькіх гадоў, пасля таго, як стаў прэзідэнтам Беларусі, заваяваць расійскі трон. У яго былі прэтэнзіі на шапку Манамаха, ён хацеў аб'яднаць Беларусь і Расію і замяніць хворага Ельцына.

Узгадайце, што ён ажыццявіў дзясяткі паездак у расійскія рэгіёны, дзе яго ўрачыста сустракалі, яму ледзь не прысягалі «губернатары», асабліва ў рэгіёнах з камуністычнага «чырвонага пояса». Гэта было ў 1996, 1997, 1998 гадах. У яго былі даволі нядрэнныя шансы змяніць хворага Ельцына, калі б адбыўся «аншлюс».

У гэтым працэсе, у ажыццяўленні гэтых жаданняў беларуская мова была перашкодай. Бо Лукашэнку трэба было прывесці беларускую нацыю да аднаго назоўніка з рускай нацыяй. А што ў першую чаргу адрознівае, вылучае нацыю? Ясна, што мова. Таму была яшчэ ідэалагічна-тэхнічная ўстаноўка на знішчэнне беларускай мовы. Лукашэнка разумеў, што рабіў.

Тое асяроддзе, якія было з ім з 1993 года — панславісцкія, шавіністычныя персоны, уклала Лукашэнку ў галаву, што ён можа прэтэндаваць на расійскі трон.

Калі б сёння зноў склалася сітуацыя, як у 1997 годзе, калі Лукашэнка мог бы заняць галоўнае месца ў Крамлі, то ён бы зрабіў гэта без ваганняў. Ён быў здаў Беларусь адназначна і адразу.

А найгоршае, што за 26 з паловай гадоў яго кіраваньня ён выхаваў і ў выніку селекцыі вывеў такое пакаленне чынавенства і бізнесменаў, якое зрабіла б тое ж. Для іх Беларусь як тэрыторыя, дзе жыве пэўная нацыя, не ўяўляе ніякай каштоўнасці.

Словы Сяргея Навумчыка штодня падмацоўваюць прыкрыя факты. Вось адзін з апошніх. 26 лютага а 10.45 у момант выхаду з электрычкі на станцыі «Мінск-Паўночны» асобамі ў цывільным была затрымана група пенсіянераў. Пенсіянеры ў электрычцы чыталі беларускія кнігі — гэта была акцыя ў падтрымку беларускай мовы. Затрыманых даставілі ў Заводскае і Партызанскае РУУС. У спісе затрыманых 75-гадовая Наталля Леанідаўна. Яе спынілі на станцыі Ждановічы, пасадзілі ў мікрааўтобус, адтуль адвезлі ў РУУС, а потым і ў суд Заводскага раёна Мінска. Яе аштрафавалі па артыкуле 23.34 КаАП на 25 базавых велічынб (725 рублёў) і адпусцілі дадому. У судзе жанчына сказала, што ў той электрычцы не ехала, у акцыі не ўдзельнічала, вярталася з дому за горадам, дзе жыве. У яе торбе было знойдзена насенне на расаду і кнігі Ніла Гілевіча, Васіля Віткі, Артура Вольскага. Супрацоўнік РУУС сказаў, што ўсё гэта — апазіцыйная літаратура.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост