Беларуская Служба

Многія не ведаюць, што славутага пісьменніка Джозефа Конрада на самой справе звалі Юзэф Кажанёўскі

20.07.2021 12:40
Жыццё Конрада было поўнае прыгод, часта небяспечных.
Joseph Conrad
Joseph ConradPolona.pl

Выданне Sieci ў сваім цыклічным дадатку пра выбітных палякаў згадвае славутага пісьменніка Джозефа Конрада. Ён лічыцца адным з самых вядомых на свеце палякаў. Але далёка не ўсе ведаюць, што на самой справе брытанскага пісьменніка польскага паходжання звалі Юзэф Кажанёўскі, яго бацькі ўдзельнічалі ў змовах супраць расійскага панавання ў Польшчы, першыя гады жыцця ён правёў разам з імі ў ссылцы ў глыб Расіі. Бацькі рана памерлі, выхаваннем хлопца заняўся дзядзька, які не асабліва за ім сачыў. Маладосць Юзэфа прайшла ў тавернах, анёлам ён не быў. Алкаголь і даўгі давялі яго да такога стану, што маладзён ва ўзросце 21 года вырашыў стрэліць сабе ў галаву. Але... не трапіў. Пасля гэтага здарэння Юзэф, відаць, пасталеў. Хутка вывучыў ангельскую мову і паступіў на службу на ангельскае судна. Так пачалася яго любоў да мора.

Жыццё Конрада было поўнае прыгод, часта небяспечных. Напрыклад, паўгода Юзэф правёў у Конга, што было адным з самых траўматычных перыядаў у яго жыцці. Ён цяжка пераносіў каланіяльную ментальнасць белых (тады Конга было прыватнай тэрыторыяй бельгійскага караля). У афрыканскую краіну траплялі пераважна белыя, якіх цікавіла выключна хуткая нажыва на біўнях слана ды каўчуку, а да чарнаскурых яны ставіліся з выключнай жорсткасцю.

На пачатку 90-ы х гадоў 19-га стагоддзя Кажанёўскі перастаў плаваць, і тады паўстала пытанне, што рабіць далей. Пачаў выдаваць свае кнігі. Пісаў з цяжкасцю, паколькі ангельская мова не была для яго роднай, але кожная наступная кніга была лепшай. Слава і грошы прыйшлі далёка не адразу – толькі праз 15 гадоў пісьменніцкай дзейнасці.

нг