Завадатарам грамадскай кампаніі #KtoTyJesteś з'яўляецца Фонд «Pomoc Polakom na Wschodzie» (па-бел. «Дапамога палякам на ўсходзе»). Ён быў створаны ў 1992 годзе і падпарадкаваны Міністэрству замежных спраў Польшчы. Асноўная мэта Фонда – «дапамога і падтрымка палякам, якія пражываюць у краінах былога СССР і былога камуністычнага блока ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе». Разам з групай экспертаў Фонд папулярызуе перавагі двухмоўя, развенчвае міфы і стэрыятыпы. Сёлета кампаніі #KtoTyJesteś праходзіць ужо ў трэці раз, больш пра яе распавядае каардынатарка Анна Тшыньска:
- Кампанія #KtoTyJesteś створана ў 2018 годзе і мае на мэце папулярызаваць польскую мову за межамі краіны. Мы хочам прыцягнуць да кампаніі дзяцей, студэнтаў, настаўнікаў, моладзь, іх сваякоў і сяброў, каб усе ў той ці іншай форме далучыліся да вывучэння польскай мовы. Хочам падкрэсліць важкасць і перавагі валодання польскай. Фонд дапамогі палякам на ўсходзе ладзіць гэту кампанію сумесна з партнёрам – Асацыяцыяй педагогаў у Дубліне. Першапачаткова кампанія была скіраваная палякам, якія пражывалі на Захадзе, у краінах «новай эміграцыі».
Аднак цяпер кампанія пераарыентаваная на этнічных палякаў, якія пражываюць і ва Усходняй Еўропе.
- Другі раз кампанія праходзіла пазней, гэта значыць у 2019 годзе, і тады яна была адрасавана польскай меншасці з усходу, пераважна з былога СССР. Падчас кампаніі створаны новыя відэакліпы, абноўлены вэб-сайт, акрамя гэтага мы падрыхтавалі рэкламную кампанію ў традыцыйных сродках масавай інфармацыі. Адбылася прэс-канферэнцыя з экспертамі ў галіне лінгвістыкі і прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў і Міністэрства нацыянальнай адукацыі Польшчы. Усё гэта было ў рамках другога выпуску кампаніі. Аднак самае важнае для нас тое, што стаіць перад намі, – трэця кампанія. Яна адрасавана польскім меншасцям на ўсходзе з такіх краін як: Літва, Латвія, Украіна, Расія, Малдова, Эстонія і Чэхія.
На жаль былі пералічаныя ўсе краіны рэгіёну апроч Беларусі. Рэжым Лукашэнкі мэтанакіравана пераследуе польскую нацыянальную меншасць. Сярод 715 палітычных вязняў рэжыму – два лідары Саюзу палякаў у Беларусі – Анджэй Пачобут і Анжэліка Борыс. Удзел у дадзенай кампаніі ў Беларусі можа несці рэальную небяспеку.
Польскія меншасці ў гэтых кранах зачастую прадстаўлены старэйшым пакаленнем, але менавіта сталыя пераважна ад нараджэння валодаюць польскай, адпаведна кампанія скіравана маладзейшаму пакаленню, якое з натуральным прычынаў у меншай ступені мае дачыненне з польскасцю, кажа Анна Тшыньска:
- Кампанія арыентавана на маладых бацькоў, моладзь, студэнтаў, якія прымаюць рашэнне аб будучай адукацыі ці працы. Ад папярэдніх кампаній гэты выпуск адрознівае тое, што мы імкнемся перш за ўсё засяродзіцца на практычнай карысці мовы. Мы хочам паказаць, што валоданне польскай мовы і наогул двухмоўе – гэта вялікая інвестыцыя ў будучыню, якая павялічвае шанцы знайсці добрую працу на міжнародным рынку, гэта магчымасць трапіць на якаснае навучанне па-за межамі роднай краіны. Таму варта вывучаць польскую мову, бо яна адкрывае новыя магчымасці.
Асаблівая ўвага будзе нададзена падтрымцы і заахвочванню да удзелу ў кампаніі адукацыйных устаноў польскай меншасці ў краінах былога сацыялістычнага блоку. Прыдуманы адмысловы конкурс грантаў, кажа Анна Тшыньска:
- Конкурс накіраваны на польскія школы, якія дзейнічаюць за межамі краіны. Гэта могуць быць стацыянарныя і нядзельныя школы, адукацыйныя цэнтры, у якія выкладаюць польскую мову. У конкурсе могуць удзельнічаюць праекты, якія будуць папулярызаваць вывучэнне польскай мовы, спрыяць і заахвочваць да вывучэння мовы школьнікамі або мясцовай супольнасцю. Мэта ў тым, каб маладыя людзі ў групах або адзін на адзін з настаўнікам (а нават самастойна) напісалі праект, мелі добрую ідэю, дзякуючы якой маглі б заахвоціць сваіх аднагодкаў, бацькоў ці суседзяў вывучаць польскую мову. Мы абсалютна не абмяжоўваем шлях рэалізацыі задумы. Гэта можа быць экскурсія, выстава, кінафестываль ці канцэрт, але з адной умовай – гэта ўсё павінна тычыцца польскай мовы, двухмоўя і спрыяць развіццю нашай кампаніі. Тры ідэі, якія атрымаюць самыя высокія ацэнкі журы, выйграюць гранты ў памеры трох тысяч злотых. Гэтыя грошы пойдуць на рэалізацыю ідэй.
Каардынатарка кампаніі распавяла, якім чынам фонд прыцягвае будучую аўдыторыю і заахвочвае людзей актыўна ўдзельнічаць у мерапрыемствах кампаніі:
- Што тычыцца ідэнтыфікацыі мэтавай аўдыторыі, то ў нас няма праблем з тым, каб знайсці групы польскай меншасці, якія пражываюць за межамі краіны. Усё гэта з-за статутнай дзейнасці нашага фонду. Штодня мы супрацоўнічаем з арганізацыямі польскай дыяспары, са сродкамі масавай інфармацыі, школамі, настаўнікамі і дабрачыннымі арганізацыямі, якія актыўна дзейнічаюць на ўсходзе. Таму мы ведаем, дзе шукаць людзей, як да іх патрапіць з патрэбнай інфармацыяй і таксама выкарыстоўваем нашы штодзённыя працоўныя рэсурсы. Мы звяртаемся да людзей з дапамогай розных каналаў: паведамляем па электроннай пошце, тэлефоне, таксама польскія арганізацыі дапамагаюць нам распаўсюджваць інфармацыю аб кампаніі і яе дзейнасці. Мы таксама супрацоўнічаем з польскімі СМІ. У цэлым гэта супрацоўніцтва падчас першага і другога выпускаў кампаніі было выдатным. За той час было створана шмат цікавых публікацый, якія тычацца нашай тэмы. Журналісты інфармуюць сваіх чытачоў аб нашай дзейнасці ў Twitter, Facebook, Instagram, Youtube і праз наш вэб-сайт. Мы таксама плануем правесці платную рэкламную кампанію, каб наша інфармацыя трапіла да як мага большай колькасці людзей з дапамогай розных каналаў і пасярэднікаў.
Госцем нашага эфіру была Анна Тшыньска – каардынатарка кампаніі #KtoTyJesteś, накіраванай на папулярызацыю польскай мовы сярод палякаў замежжа.
Слухайце аўдыё!
эж