Беларуская Служба

Сяргей Доўгушаў пра жыццё і творчасць па-за межамі Беларусі — нічога не спыняецца, рух працягваецца

12.10.2021 17:04
Музыка Сяргей Доўгушаў падкрэслівае, што з беларусамі трэба працаваць і па-за межамі Беларусі
Аўдыё
Сяргей ДоўгушаўФота: facebook.com/douhushau

Размаўляем з музыкам, культурным менеджарам, папулярызатарам беларускай традыцыі Сяргеем Доўгушавым пра хвалю вымушанай эміграцыі і ці магчыма ствараць культурны грунт для Беларусі, знаходзячыся па-за яе межамі.

– Сітуацыя складаецца так, што шмат людзей эмігруе, шукае лепшага жыцця. У Варшаве цяпер шмат музыкаў, культурных дзеячаў. Я заснаваў аркестр, у якім граюць толькі беларускія артысты. Тут цяпер калектыў Navy Band, Ягор Забелаў, Аляксей Варсоба, Андрэй Еўдакімаў, напэўна, і Лявон Вольскі  ў Польшчы. Мы з Аляксеем Варсоба і Еўдакімавым стварылі новы калектыў Isna Trio, з якім актыўна гастралюем у Польшчы і іншых краінах Еўропы Дзейнічае і тэатральны праект рэжысёра «Свабоднага тэатру» Юрыя Дзівакова. Я заснаваў арт-рэзідэнцыю, куды беларускія творцы могуць прыязджаць і працаваць, не думаючы пра побыт і ўласную бяспеку. Першая рэзідэнцыя была ў жніўні, за яе час была пастаўленая міні-опера з кампазітарам Вольгай Падгайскай і рэжысёрам Юрыем Дзіваковым. Гэта прыклад таго, як цяпер ствараецца новае.

У Беларусі цяпер сур'ёзны ўсплеск захворванняў на кавід, гэта моцна ўплывае на культурную сферу. Хаця ў краіне і няма лакдаўна, праводзіць масавыя мерапрыемствы проста безадказна.


– У Беларусі ўсё цяпер складана. Акрамя палітычных умоў, непрадказальных і небяспечных, вельмі цяжкая сітуацыя з кавідам, перапоўненыя бальніцы. Людзям няма як збірацца. Немагчыма казаць пра масавыя мерапрыемствы.


У жніўні проста падчас святкавання Дня вакалісткі Надзеі Калач былі затрыманыя музыкі з гурта Irdorath па падазрэнні ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК) за іх музычныя выступы на масавых пратэсных шэсцях у жніўні 2020 года. Гэта быў яшчэ адзін аргумент для іншых артыстаў, каб з’ехаць з краіны.

– Большасць людзей з’ехалі, бо ў Беларусі небяспечна быць. І таму прыклад музыкі, якія падчас вулічных акцый ішлі па вуліцы і гралі на дудах. Гэта гурт Irdorath. Ім хочуць прыпісаць крымінальную справу толькі за тое, што яны гралі музыку. Яны больш за два месяцы ў турме. Гэта выпадак, пасля якога яшчэ больш музыкаў з’ехалі. З’язджаюць не толькі культурніцкія дзеячы, але і людзі іншых прафесій, праграмісты, медыкі, людзі, якія хочуць, каб іх сям’я жыла проста ў спакойных, бяспечных умовах.


— Ці не шкада гадоў працы, калі цяпер уся і грамадска-палітычная, і культурніцкія сферы выглядаюць раздушанымі?

– Агулам нічога не спыняецца, рух працягваецца. Гэта нейкі момант паўзы. У Беларусі я цяпер не змагу праводзіць спеўныя сходы, але пяць-шэсць год актыўнай працы стварылі падмурак, усё зафіксавалася. Гэта стала падмуркам для новых ініцыятыў, дапамагло стварыць новыя калектывы. Я разумею, што беларуская культура будзе тварыць цяпер у іншых краінах. Галоўнае, каб гэта захавалася і множылася, і калі надыдуць больш спакойныя часы ўсе вярнуліся. Дзе б я ні знаходзіўся, я раблю сваю працу на карысць Беларусі. Калі я раблю імпрэзы, гэта звязана з беларускай культурай, калі канцэрты, то гэта папулярызуе нашу культуру, музычныя інструменты.

Музыка Сяргей Доўгушаў падкрэслівае, што з беларусамі трэба працаваць і па-за межамі Беларусі: ствараць беларускія ўстановы, развіваць адукацыю. Гэта будзе ўплываць на захаванне нацыянальнай самасвядомасці і ўрэшце на жаданне людзей вярнуцца.

– Я ў прынцыпе нікуды і не з’язджаў. Я часова. Я не збіраюся нікуды інтэгравацца. З павагай стаўлюся да іншых культур, ведаю польскую мову. Але мая зямля там, дзе я нарадзіўся, дзе я гэта адчуваю. Як казаў Барадулін, Радзіма там, дзе адпачывае душа.

вх