Беларуская Служба

Агляд «Нівы»: выбары ў БГКТ, зборнік Уладзіміра Арлова, украінская песня для беларусаў...

17.04.2022 10:29
Тыднёвік апісвае, чым жывуць беларусы Польшчы.
Аўдыё
Рэдакцыя тыднёвіка ў Беластокуфота: Н. Грышкевіч/radyjo.net

У выніку павятовых справаздачна-выбарчых канферэнцый былі выбраны дэлегаты, якія 27 сакавіка прыехалі правесці ХІХ з'езд Беларускага грамадска-культурнага таварыства і вырашыць статутныя задачы, – піша Міра Лукша. Ранейшы віцэ-старшыня Галоўнага праўлення таварыства Васіль Сегень, які зʼездам быў абраны новым старшынёю, адзначыў, што перад арганізацыяй вельмі складаны час, які патрабуе вытрымкі, супольнай працы і еднасці. БГКТ апошнім часам вяло сваю дзейнасць ва ўмовах эпідэміі, якая адмоўна паўплывала на арганізацыйную дзейнасць. У апошні час спынілася таксама супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь, як з дыпламатычным яе прадстаўніцтвам у Польшчы, так і з рознымі структурамі ў самой Беларусі. На гэта накладваюцца яшчэ тыя сумныя падзеі, якія цяпер адбываюцца ва Украіне і стаўленне да вайны афіцыйных улад Беларусі, якое ўсіх беларусаў трывожыць, нягледзячы на асабістыя погляды і стаўленне да канфлікту. «Спадзяюся, што ў цяжкі час выйдзем на прамую, – сказаў новавыбраны старшыня Васіль Сегень. – Трэба з надзеяй глядзець у будучыню, ператрываем цяжкія хвіліны, якія перад намі. Заклікаю несці ў народ інфармацыю пра нас, што мы не прыхільнікі вайны ва Украіне, таго, што пэўныя недэмакратычныя паводзіны ці прынцыпы ўсталяваныя зараз у Рэспубліцы Беларусь. Мы за нармальнае зладжанае жыццё і супрацоўніцтва з кожным разумным чалавекам. Заклікаю ўсіх беларусаў, усіх асоб, якім беларускасць дарагая сэрцу: давайце сумесна працаваць, каб БГКТ далей існавала, смела глядзела ў вочы нашым суродзічам, для якіх наша дзейнасць вельмі істотная»

У мінулым годзе ў Любліне выйшаў зборнік балад Уладзіміра Арлова «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань» у перакладзе на польскую мову, – піша Аляксей Мароз. Прамоцыю кнігі з удзелам яе аўтара ў Бельскім доме культуры наладзіў Яраслаў Іванюк – кіраўнік Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі «Камунікат». Пісьменнік пачаў бельскую сустрэчу са сцвярджэння, што гэты дзень, гэты вечар нядобрыя для вельмі многіх людзей у суседняй Украіне, бо якраз у гэтай хвіліне хтосьці можа гінуць у баі, са зброяй у руках. Можа гінуць таксама безабаронная жанчына, дзіця. Мы, Еўропа, а мабыць увесь свет уступілі ўжо ў іншую эпоху і ранейшае жыццё мне ўяўляецца часам як Атлантыда. Апускаецца ў хвалі і нараджаюцца ў гэтай сітуацыі новыя жыццёвыя каштоўнасці, новыя прыярытэты. Таму я вельмі рады, што ў новым часе, калі побач ідзе вайна, усё-такі застаецца месца для паэзіі, культуры, літаратуры, для матэрыі нематэрыяльных, але якія вельмі істотныя ў жыцці і якія робяць людзей больш трывалымі і больш моцнымі ў часы цяжкіх нацыянальных выпрабаванняў», – адзначыў у Бельску Уладзімір Арлоў.

Песню «Ой, у лузе чырвона каліна» шмат хто атаясамлівае з сучаснай вайной, – піша Ганна Кандрацюк. – Асабліва пасля таго, як дзякуючы Дэвіду Гілмору з легендарнага гурта «Pink Floyd», яна стала сусветным хітом. Песня набыла ўжо некалькі варыянтаў, якія ўзніклі на аснове дзвюх першых строф арыгінальнага тэксту. У журналісткі з песняй свой досвед і памятная гісторыя. Гэта было на Пятра і Паўла 12 ліпеня 2016 года на ўкраінскім Палессі. Да застолля запрасілі яе спевакі з Гуты-Баравецкай, якія прыехалі з «ягаднымі песнямі». Салістку, якой ужо было за восемдзесят, журналістка папрасіла заспяваць песні, якія памятае з роднай хаты, і спадзявалася пачуць архаічны напеў, якім славіцца Палессе. А тут такі сюрпрыз! Баба Маня, бо так звалі салістку, заспявала менавіта «Чырвоную каліну» з небывалай сардэчнасцю і чуласцю. «Тое народнае выкананне «Чырвонай каліны» не апускае мяне з таго часу, – напісала Ганна Кандрацюк. – Песня прагучала ў час сямейнага свята, калі пры віне мы з мужам адзначылі трыццатую гадавіну шлюбу. Гэта было 23 лютага, некалькі гадзін да таго, як з новай сілай успыхнула расійска-ўкраінская вайна».

Класік беларускай часопіснай ілюстрацыі Язэп Горыд вырас у Марыупалі, жыў і творча працаваў у Вільні, а загінуў падчас першай бамбардзіроўкі Варшавы ў 1939 годзе, – піша наш віленскі карэспандэнт Андранік Антанян. – У 2014 годзе былі ідэя і магчымасць паехаць у Марыупаль і Данецк, каб сабраць матэрыялы пра першыя гады жыцця мастака, паглядзець, дзе ён пачаў фармавацца. Па збегу абставін, міма віленскай майстэрні Язэпа Горыда на скрыжаванні вуліц Вітаўта і Латвійскай я прайшоў не менш за пару тысяч разоў, і мне здавалася, што для поўнай карціны варта было б зірнуць на ландшафты, якія атачалі мастака ў дзяцінстве. Але пачаліся Крым з ДНРамі, украінскія рэгіянальныя архівы зацягнула ў вір вайны і падарожжа страціла значную частку практычнага сэнсу. Не выключаю, што зʼяўляюся адзіным чалавекам на гэтай планеце, якому было важна ўбачыць, што захавалася ад горада дзяцінства Язэпа Горыда. Відавочна, што ў рэалізацыі гэтага жадання сёння засталося не так і шмат сэнсу, і як бачым, гэта не самае страшнае з таго, што можа здарыцца, – напісаў біёграф Язэпа Горыда Андранік Антанян.

Віталь Луба