Сёння ў Музычным уроку польскай мовы я прапаную вашай увазе песню маладой спявачкі, якая стала папулярнай выканаўцай дзякуючы сваёй дзейнасці блогера.
Завуць дзяўчыну Магда Бэрэда (Magda Bereda), яна належыць да маладога пакалення польскіх музыкантаў. Нарадзілася 11 красавіка 1996 года, пачала сваю творчую дзейнасць у інтэрнэце ў 2011 годзе. Спачатку публікавала свае запісы папулярных хітоў, а з цягам часу кожны яе ролік пачаў набіраць дзясяткі тысяч праглядаў.
Найбольшую папулярнасць Магда заваявала дзякуючы пераробленай песні Despacito Луіса Фонсі, але яна выконвае і ўласныя версіі хітоў. Акрамя кавер-версіяў, Магда спявае таксама свае песні. Свой першы ўласны твор музыкантка напісала, калі ёй было 14 гадоў. Нейкі час таму Магда Бэрэда падпісала кантракт з кампаніяй гуказапісу Universal Music Polska.
Магда спрабавала свае сілы ў музычных праграмах і ў кіно. Яна ўдзельнічала ў адборачных турах праграмы Must Be The Music (Толькі Музыка), была ўдзельніцай праекту «Голас Польшчы», сыграла эпізадычную ролю ў фільме «Кароль жыцця».
А я ў сённяшні ўрок я выбрала кампазіцыю, якая ідзе ў нагу з часам, у ёй гаворка пра экалагічныя праблемы сучаснага свету, пра тое, што ў нас усё менш часу, каб ратаваць нашу цудоўную планету. Называецца песня «Odzyskaj» (Вярні).
Sama znów, całą noc, kryję łzy, kryję złość. Chciałabym znać receptę na zepsuty świat. Dobrze wiem, dosyć mam. Pięknych słów, pięknych zdań. Jutro już, może tu zabraknąć nas. Chciałam odejść stąd Uciec, byle już, byle gdzie. Wokół pusty dom. Czasu masz coraz mniej, coraz mniej. Czy mamy jeszcze czas. Odzyskać co się da? Brak tu powietrza, braknie tchu. Jak wiele mamy prób?
Nowy Rok, nowy dzień. Jakby drzew trochę mniej. Znajomy las marnieje tak jak ja. Nie chcę się szarpać tak. Dzisiaj świat zwątpił w nas. Napraw mnie, wierzę kiedyś będzie lżej.
Przyśpieszony oddech w zgiełku miast. Na zielonym stoję, czy to znak? Chcemy znowu leżeć w harfie traw. Bez odpadów spalin, setki aut.
Las płonie wokół nas. Wciąż nam ucieka czas. Brak tu powietrza, braknie tchu Jak wiele mamy prób? Jak wiele jeszcze mamy prób? Jak wiele mamy prób? Jak wiele jeszcze mamy prób? Jak wiele jeszcze mamy prób?
Зноў я адна, усю ноч, хаваю слёзы, хаваю злосць, хацела б ведаць рэцэпт на папсаваны свет. Я добра ведаю, мне надакучылі прыгожыя словы, прыгожыя сказы. Заўтра, магчыма, нас тут можа не быць.
Я хацела пакінуць гэтае месца, уцячы адсюль, абы-куды, каб толькі цяпер. Навокал пусты дом, часу ўсё менш і менш. Ці ў нас яшчэ ёсць час, каб вярнуць тое, што магчыма вярнуць? Няма паветра, няма дыхання. Колькі ў нас спробаў?
Новы год, новы дзень. Быццам дрэў трошкі менш. Знаёмы лес марнее, як і я. Я не хачу так мучыцца. Сёння свет засумняваўся ў нас. Папраў мяне, я веру, што калі-небудзь стане лягчэй.
Хуткае дыханне ў гарадской мітусні. Я стаю на зялёным, ці гэта знак? Мы хочам зноў ляжаць у траваў арфах. Без выхлапных газаў, сотні машын.
Лес гарыць навокал нас. Час праходзіць. Не хапае паветра, не хапае дыхання. Колькі ў нас яшчэ магчымасцяў? Колькі ў нас спробаў?
Тэкст гэтай песні напісала сама Магда Бэрэда разам з Камілем Дурскім, музыку – Марк Тыспэр, Матс Гедстром ды Эрык Пальмквіст (Mark Tysper, Mats Hedström, Eric Palmqvist).
Sama znów – я зноў адна, у адзіноце.
Zepsuty świat – папсавана або паламаны свет. Адным словам, свет, які неабходна паправіць, адрамантаваць. Я хачу звярнуць увагу на слова zepsuć się. Гэтым выразам палякі называюць усё, што папсавалася або паламалася. Кажуць «telewizor się zepsuł, mleko się zepsuło, nasze relacje się zepsuły» – беларус бы тут зрабіў адрозненне паміж матэрыяльнымі рэчамі, тэхнікай, якую можна адрамантаваць, і тым, што немагчыма ўжо вярнуць у нармальны стан. І таму мы б сказалі па-беларуску «тэлевізар зламаўся, але малако папсавалася (скісла), адносіны папсаваліся».
Piękne zdanie – прыгожы сказ. Выраз zdanie азначае таксама «меркаванне, погляд, думка».
Byle już, byle gdzie – слова byle таксама мае некалькі значэнняў. Яно азначае як «няважна, не мае значэння» – byle gdzie – абы-куды, з byle kim – з абы-кім, з кім-небудзь, так і можна перакласці словам «толькі» – byle szybko – толькі хутка, byle nie ze mną – каб толькі не са мной.
Odzyskać co się da – і чарговае слова, якое можна разглядаць з розных ракурсаў. Odzyskać – вярнуць, атрымаць назад, гэты дзеяслоў таксама часта прымяняецца, калі кажуць пра экалогію, натуральныя багацці нашай планеты, якія паступова вычэрпваюцца. Палякі кажуць, што нешта паходзіць «z odzysku» – гэта значыць, дадзены прадмет ужо хтосьці выкарыстоўваў, таксама гавораць пра odzyskiwanie, напрыклад, metali kolorowych – рэцыклінг каляровых металаў.
Jak wiele mamy prób – колькі ў нас спробаў (каб выратаваць свет). Próba – гэта таксама рэпетыцыя, напрыклад, у тэатры.
нг