Беларуская Служба

Дырэктар Палаца вялікіх князёў літоўскіх: З XV ст. мы добра ведаем хлусню і агрэсію Масквы

26.05.2022 16:05
Дырэктар Палаца вялікіх князёў літоўскіх у Вільні Відас Далінскас атрымаў польскую Прэмію імя Гейштара за папулярызацыю спадчыны Польшчы і Літвы.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". В.Далінскас пра спадчыну ВКЛ і РП.
        .
Нацыянальны музей — Палац вялікіх князёў літоўскіх у Вільні.Pixabay.com

23 мая ў Каралеўскім замку ў Варшаве гісторык культуры, музеязнаўца, дырэктар Нацыянальнага музея — Палаца вялікіх князёў літоўскіх у Вільні Відас Далінскас (Vydas Dolinskas) атрымаў прэстыжную польскую XXIII Прэмію імя праф. Аляксандра Гейштара за яго працу па папулярызацыі культурнай спадчыны Польшчы і Літвы. Гэта таксама агульная спадчына беларусаў і ўкраінцаў.

Відас Далінскас з 2009 года ўзначальвае Нацыянальны музей — Палац вялікіх князёў літоўскіх у Вільні. Гэты помнік дойлідства, разбураны расійскімі акупантамі дзвесце гадоў таму, быў адноўлены к 1000-годдзю першага ўпамінання Літвы ў пісьмовых крыніцах. Цяпер гэта адзін з сімвалаў Літвы — як сучаснай, так і гістарычнай, якая ўключала таксама тэрыторыі сучасных Беларусі, Польшчы, Латвіі, Украіны і Расіі.

Мы маем супольную гісторыю. Аднак бывалі перыяды, калі мінулае нас дзяліла. Цяпер яно аб’ядноўвае Літву і Польшчу, злучае з Украінай. Беларусь гістарычна звязана з Літвой, але сучасныя мінскія ўлады гэта ігнаруюць. У той жа час Расія не адмаўляецца ад прэтэнзій на былыя землі ВКЛ.

Пра гэтыя праблемы разважае Відас Далінскас, з якім мы гутарым у Каралеўскім замку ў Варшаве — яшчэ адной рэзідэнцыі вялікіх князёў літоўскіх, якія з часоў Ягайлы з’яўляліся і польскімі каралямі.

Відас Далінскас: — Паміж Польшчай і Літвой з часу аднаўлення незалежнасці Літвы (у 1990 г. — Рэд.) адносіны складваюцца вельмі добра. Быў, праўда, перыяд пэўнага палітычнага марозу, але ён працягваўся толькі пару гадоў.

І я хацеў бы адзначыць, што якраз наш музей праводзіў разам з польскімі калегамі выстаўкі, якія былі прысвечаны хрысціянізацыі Літвы, Адаму Міцкевічу, і на акдкрыцці гэтых выставак у палітыкаў Літвы і Польшчы была якраз магчымасць сустрэцца і пагаварыць.

А затым пачалі часта сустракацца спікеры Сеймаў Польшчы і Літвы.

Можа быць, так супала, але мы, супрацоўнікі музея, вельмі рады, што зрабілі ўклад у паляпшэнне адносін паміж Польшчай і Літвой пасля перыяду “замаразкаў”.

А што датычыць устаноў культуры Літвы і Польшчы, то мы заўсёды, з самага пачатку, вельмі шчыльна супрацоўнічалі. І можна сказаць, што гэта братэрскае супрацоўніцтва. У нас ёсць і прыватныя кантакты. І ніякіх праблем у нас няма. Трэба размаўляць, трэба дамаўляцца, трэба ісці на кампрамісы — і тады ўсё будзе ў парадку.


Дырэктар Нацыянальнага музея — Палаца вялікіх князёў літоўскіх у Вільні Відас Далінскас у Каралеўскім замку ў Варшаве, на цырымоніі ўручэння XXIII Прэміі імя праф. Аляксандра Гейштара за яго працу па папулярызацыі культурнай спадчыны Польшчы і Літвы. Дырэктар Нацыянальнага музея — Палаца вялікіх князёў літоўскіх у Вільні Відас Далінскас у Каралеўскім замку ў Варшаве, на цырымоніі ўручэння XXIII Прэміі імя праф. Аляксандра Гейштара за яго працу па папулярызацыі культурнай спадчыны Польшчы і Літвы.

Відас Далінскас канстатуе, што польскім і літоўскім гісторыкам удалося дасягнуць згоды ў інтэрпрэтацыі гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Відас Далінскас: — Польскія гісторыкі, якія займаюцца палітычнай гісторыяй, ужо не спрачаюцца з намі пра тое, што ВКЛ захавала сваю дзяржаўнасць да самага канца, і што абараняла сваю дзяржаўнасць, і што Рэч Паспалітая з’яўялася рэспублікаў двух гістарычных народаў, федэратыўнай дзяржавай, па тагачасным мерках нават дэмакратычнай. І вялікіх праблем па гэтым пытанні мы не назіраем.

Відас Далінскас расказвае, у якіх формах супрацоўнічае Нацыянальны музей — Палац вялікіх князёў літоўскіх у Вільні з вучонымі суседніх краін.

Відас Далінскас: — Мы задаволены, што ў нашых зборніках друкуюцца артыкулы і літоўскіх, і ўкраінскіх, і беларускіх, і польскіх калег. На прыкладзе гэтых артыкулаў відаць, што нас аб’ядноўвае.

У нас былі вельмі шчыльныя сувязі з Беларуссю, з многімі музеямі — і ў Мінску, і ў Гродне, і ў Полацку, і ў Нясвіжы, міры і г.д. А прыватныя адносіны з супрацоўнікамі, дырэкцыямі гэтых музеяў мы падтрымліваем дагэтуль. Але на ўзроўні ўстаноў і на дзяржаўным узроўні гэтыя адносіны пакуль што замарожаны.

Але мы спадзяёмся, што свет зменіцца: праўда павінна перамагчы, і ідэя Рэчы Паспалітай двух або многіх народаў, я спадзяюся, адродзіцца ў гэтым рэгіёне Еўропы.

У той жа час супрацоўніцтва Нацыянальнага музея — Палаца вялікіх князёў літоўскіх у Вільні з Украінай працягваецца на ранейшым узроўні.

Відас Далінскас: — Так, як і ў выпадку Беларусі і Польшчы, у Літвы склаліся натуральныя, гістарычныя адносіны з Украінай. Многія музейныя прадметы, важныя і для нас, літоўцаў, захоўваюцца не толькі ў Літве ці Польшчы, але і ва Украіне і Беларусі. Таму з украінцамі мы шчыльна супрацоўнічалі і супрацоўнічаем.

Перш за ўсё мы супрацоўнічаем з Заходняй Украінай, з музеямі Львова, Луцка.

Якраз за тыдзень да вайны, у нас, у Нацыянальным музеі — Палацы вялікіх князёў літоўскіх, была адкрыта выстаўка, прысвечаная Ёгану Георгу Пінзелю і львоўскай школе скульптуры XVIII ст. Гэта выстаўка працягваецца і цяпер. На жаль, нашы калегі ўкраінцы не змаглі прыехаць на яе адкрыццё. Але гэта выстаўка адкрылася, і з’яўляецца цяпер свайго роду расказам пра сённяшні дзень ва Украіне. На выстаўцы экспануецца скульптура Божай Маці, якая смуткуе, што з’яўляецца персаніфікацыяй сённяшняй Украіны.

І мы, вядома, дапамагаем фінансава і маральна, так, як можам, нашым калегам украінцам — тым музейным работнікаў, якіх мы знаем.

А гэтыя скульптуры, каб не быць знішчанымі, мабыць, пакуль што не вернуцца ва Украіну, а паедуць у Латвію, а потым, можа быць, у Польшчу, Германію, а вернуцца ва Украіну тады, калі, спадзяюся, скора, ва Украіне наступіць мір і спакой.

Падчас візіту ў Польшчу, Варшаву, Відас Далінскас параўнаў тутэйшую атмасферу салідарнасці з Украінай з тым, што назірае на бацькаўшчыне, у Літве, і не толькі.

Відас Далінскас: — Мабыць, у Польшчы і Літве падобнае ўспрыняцце таго, што адбываецца ва Украіне. Мабыць, таксама і ў Беларусі, толькі афіцыйная ўлада трымаецца іншай пазіцыі. Але, думаю, беларускі народ вельмі добра разумее, хто агрэсар, хто вінаваты.

З нашай агульнай гісторыі — з XVXVI стст. — мы вельмі добра ведаем хлусню і агрэсію Масквы, якая ўвесь час побач з намі. Ёй ужо 500 гадоў. Так што — нічога новага. А ўкраінцаў у нашым музеі мы прымаем як сясцёр і братоў. У нашым музеі жывуць дзве ўкраінскія сям’і. У нашым музеі ўсе паслугі для ўкраінцаў бясплатныя.

Мы вельмі добра разумеем украінцаў, спачуваем ім і робім усё, што магчыма. Мы хочам, каб гэта вайна як мага хутчэй скончылася, каб захаваць жыцці і культурную спадчыну — каб яна не была знішчана ва Украіне.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Гісторык: Назіраецца пераемнасць з XVIII да XXI ст. у поглядах расійскіх палітыкаў на беларусаў і ўкраінцаў

17.02.2022 14:40
Цэнтр польска-расійскага дыялогу і паразумення выдаў укладзены Лукашам Адамскім зборнік дакументаў пра польска-савецкія адносіны ў 1939-1945 гг.

М. Каламайская-Саід: З амаль 200 рымска-каталіцкіх кляштараў, скасаваных пасля паўстання 1830–1831 гг., захавалася 10%

24.03.2022 15:46
Мастацтвазнавец Марыя Каламайская-Саід уклала, а Інстытут Polonika падрыхтаваў і выдаў двухтомны альбом Rosyjskie plany klasztorów skasowanych w roku 1832.

250 год без выхаду: пасля далучэння да Расіі Беларусь так і не вызвалілася

31.03.2022 15:03
250 год таму адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай: да Расійскай імперыі адышлі ўсходнія землі ВКЛ, а менавіта — тэрыторыі сучаснай усходняй Беларусі.

Мірослаў Янковяк: Беларускія гаворкі пад Вільняй сфарміраваліся на балцкім субстраце і пад польскім уплывам

28.04.2022 16:21
У Празе выйшла кніга польскага лінгвіста Мірослава Янковяка Leksyka gwar białoruskich na Litwie. Dziedzictwo językowe pogranicza bałtycko-słowiańskiego.