Беларуская Служба

72 гады таму Радыё Свабодная Еўропа выпусціла першую перадачу на польскай мове

04.07.2022 13:01
У часы ПНР Радыё Савабодная Еўропа было найбольш часта слуханай замежнай радыёстанцыяй у Польшчы.
Аўдыё
  • 72 гады таму Радыё Свабодная Еўропа выпусціла першую праграму на польскай мове
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:rafabendo/pixabay.com/CC0 Public Domain

72 гады таму, 4 ліпеня 1950 году, Радыё Свабодная Еўропа выпусціла сваю першую польскамоўную перадачу. Паўгадзінная, а потым гадзінная праграма, запісаная ў студыі ў Нью-Ёрку, была адпраўлена авіяпоштай у Германію і транслявалася перадатчыкам, змешчаным пад Франкфуртам.

Першым кіраўніком Польскай службы ў Радыё Свабодная Еўропа ў Нью-Ёрку стаў Леслаў Бадзеньскі, былы чыноўнік дыпламатычнай службы Рэспублікі Польшча. Неўзабаве была арганізавана радыёстанцыя ў Мюнхене. Адной з першых станцый, якія пачалі вяшчанне адтуль (1 мая 1951 года), была Чэхаславацкая радыёстанцыя.

У сваю чаргу Польская служба Радыё Свабодная Еўропа была заснаваная 3 траўня 1952 года. Яе галоўнай задачай была барацьба з камуністычнай прапагандай і індактрынацыяў, паказ гістарычнай праўды і аб'ектыўная інфармацыя пра Польшчу і свет.

У перадачах гаварылася, між іншым, пра лёс палякаў, якія сядзелі ў лагерах у Савецкім Саюзе, пра пратэсты і забастоўкі працоўных у краіне, пра Катынскае злачынства, пра якое камуністычныя ўлады хлусілі больш за паўстагоддзя. Пазыўным службы стаў фрагмент мазуркі: «Прывітанне, майская зара».

Першым і шматгадовым дырэктарам Польскай службы Радыё Свабодная Еўропа быў легендарны «кур’ер з Варшавы», пісьменнік і палітык, эмісар Арміі Краёвай і польскага ўраду ў Лондане Ян Новак-Езяраньскі (памёр у 2005 г.). 3-га мая 1952 года ён урачыста адкрыў працу рэдакцыі:

- Нашыя галасы будуць несціся па ўсёй краіне, як Польшча доўгая і шырокая. Яны будуць распаўсюджваць польскую вольную і свабодную думку. Да Вас я звяртаюся – суайчыннікі, якія слухаеце мяне на польскай зямлі. Вы павінны памятаць, што ніякая заслона фальшу і хлусні ніколі не зацямніла нам вашага аблічча – сапраўднага аблічча Польшчы.

Польская служба Радыё Свабодная Еўропа транслявала культурныя і рэлігійныя перадачы, прэзентавала творы пісьменнікаў-эмігрантаў і ўспаміны жаўнераў, якія не змаглі вярнуцца ў краіну.

У верасні 1953 года станцыя паведаміла пра арышт і інтэрнаванне прымаса Польшчы Стэфана Вышыньскага, а напярэдадні Калядаў перадала пажаданні паэта і пісьменніка Яна Леханя (памёр у 1956 г.), які казаў пра прымаса, як пра адважнага пастыра Касцёла:

- З глыбіні нашых сыноўскіх сэрцаў мы жадаем шчаслівых Калядаў кардыналу Стэфану Вышыньскаму, які хоць зняволены ў сакрэтнай вязніцы, то зараз ён сапраўдны прымас-interrex. Ён атрымаў больш магутную ўладу, чым былыя гнезненскія арцыбіскупы, бо яна атрыманая бясстрашнай адвагай.

Радыё Свабодная Еўропа таксама распавядала пра падзеі чэрвеня 1956 году ў Познані, калі рабочыя паўсталі супраць камуністычнага ўраду. Нагадваем, пратэсты былі крывава падаўленыя, у вулічных баях загінулі каля 60 чалавек, больш за 650 былі параненыя. Адным з пратэстоўцаў быў Ян Паўлоўскі, якому ўдалося пакінуць краіну. У эфіры радыёстанцыі відавочца распавёў, як з вокнаў Установы бяспекі ў Познані без папярэджання функцыянеры стралялі з вострай зброі па сабраных пратэстоўцах:

-Функцыянеры СБ адкрылі вокны ў сядзібе службы і пачалі страляць. Яны паранілі, а можа і забілі некалькіх дэманстрантаў. Усе пачалі разбягацца. Узнікла паніка, хто змог той уцякаў, каб схавацца.

Кіраўнік Польскай службы ў 1982-1987 гадах, гісторык літаратуры, апазіцыйны дзеяч часоў ПНР прафесар Здзіслаў Найдэр (памёр у 2021 г.), нагадаў, што рэдакцыя мела вялікае значэнне для працэсу вяртання свабоды ў Польшчы:

- Асноўны поспех – гэта тое, што нам, а асабліва заснавальніку службы Яну Новаку-Езяранскаму, удалося стварыць з яе інструмент польскага інтарэсу. Для сярэдне статыстычнага паляка Польская служба стала сімвалам установы, якая нагадвала, што Польшча павінна быць іншай, чым была.

З Радыё Свабодная Еўропа супрацоўнічалі вядомыя пісьменнікі, публіцысты і эміграцыйныя дзеячы, у тым ліку Станіслаў Бараньчак, Густаў Герлінг-Грудзінскі, Марыян Кукель, Ян Лехань, Мар’ян Гемар, Казімеж Вяржыньскі і Шымон Візэнталь.

Дзякуючы архівам Польскай службы, сёння мы маем доступ да бясцэнных, гістарычных запісаў. Нягледзячы на пераслед з боку камуністычных уладаў, многія жыхары Польшчы падтрымлівалі кантакты з Польскай службай Радыё Свабодная Еўропа, перадаючы матэрыялы з-за «жалезнай заслоны». Сярод іх Данута Банькоўская, Уладзіслаў Барташэўскі, Эва Дрэжапольская і Юзэф Шаняўскі. Многія палякі былі асуджаныя за тое, што слухалі «Свабодную Еўропу» і іншыя, як іх называлі «імперыялістычныя радыёстанцыі», такія як BBC і «Голас Амерыкі». У часы Польскай Народнай Рэспублікі Радыё Свабодная Еўропа было найбольш часта слуханай і сістэматычна глушанай замежнай радыёстанцыяй у Польшчы.

Польская служба Радыё Свабодная Еўропа была закрытая ў 1994 годзе, праз пяць гадоў пасля змены палітычнай сістэмы ў краіне. Было вырашана, што яна выканала сваю ролю. У сваю чаргу ў 2001 годзе завяршылася перадача запісаў Польскай службы ў Дзяржаўны архіў.

IAR /аз