Арганізатарам фестывалю з’яўляецца фонд «Tutataka». Зміцер Косцін, арганізатар і журналіст, адзначае, што «SONCAHRAJ» – гэта даніна мінулым пакаленням, але і натхненне для сучаснікаў.
-Гэта фестываль, на якім мы хочам паказваць традыцыйную беларускую культуру – спеўную і музычную ў яе аўтэнтычным фармаце, ці ў мінімальным апрацаванні. Ідэя была таксама ў тым, каб пачаць працаваць з беластоцкім фальклорам. І сапраўды фестываль пачаўся з майстар-класаў з удзелам трох падляскіх калектываў і этнамузыколага Ірыны Мазюк. Вынікі сустрэч потым прадстаўляліся на невялікіх імпрэзах у Дубічах Царкоўных, Залуках і Нарве. Вялікі фінал з удзелам гасцей з Беларусі пройдзе ў бліжэйшую суботу ў Саколе.
Нам хочацца адчараваць беларускую культуру, якая на Беласточчыне нярэдка ўспрымаецца ў паўэстрадным фармаце, не да канца прывабным. Моладзь не заўсёды хоча атаесамляцца з такой культурай. Мы хочам вярнуцца да каранёў, паказаць, што з гэтым можна рабіць у сучасным свеце.
На фінальным канцэрце сустрэнуцца лакальныя гурты – Kalina, Triada, Kresovki – і госці з Беларусі – Astroŭna, Kriwi, GUDA. Завяршыцца забава традыцыйным купальскім карагодам і патанцоўкай.
Выступы музыкаў будуць не адзіным цікавым пунктам фестывалю. Арганізатары падрыхтавалі для майстар-класы, прэзентацыі і кулінарныя паказы.
- Майстар-клас па вырабе лялькі «матанкі» з фондам «Яны – Гэта Мы»;
- Майстар-клас па маляванні ўзораў на тэкстылі з Міраславам Здрайкоўскім (можна прынесці свае майкі ці торбы);
- Прэзентацыя «Беларускія традыцыйныя спевы» з Ірынай Мазюк;
- Майстар-клас па выплятанні «крайкі» з фондам «Яны – Гэта Мы»;
- Прэзентацыя Традыцыйнага беларускага строю з Кацярынай Ваданосавай;
- Аўтарская сустрэча з Сяргеем Лескецем, аўтарам кнігі «Шэпт» пра шаптухаў і лекаванне зёлкамі на Палессі;
- Прыгатаванне купальскага крупніка і аповед пра традыцыйныя стравы, звязаныя з Купаллем ад Марыі Грыц;
На пляцоўцы фестывалю будзе працаваць фудкорт. Таксама пройдзе паказ традыцыйных вырабаў ад колаў сельскіх гаспадынь.
слухайце аўдыё