Беларуская Служба

«Мы не мяса!» У Варшаве адкрылася выстава плакатаў «Бел-чырвона-белы» (ФОТА)

09.08.2022 15:22
Гэта выстава плакатаў, якія ўдзельнічалі ў аднайменным конкурсе на плакат, прысвечаны падзеям жніўня 2020 году.
Аўдыё
  • «Мы не мяса!» У Варшаве адкрылася выстава плакатаў «Бел-чырвона-белы» (ФОТА)
Плакаты пераможцыЛ.Вялічка/radyjo.net

У другую гадавіну трагічных падзей жніўня 2020 году ў Варшаве адкрылася выстава «Бел-чырвона-белы». Гэта выстава плакатаў, якія ўдзельнічалі ў аднайменным конкурсе на плакат, прысвечаны падзеям жніўня 2020 году, які ладзіў Нацыянальны цэнтр культуры.

На конкурс былі дасланыя 243 працы. З іх былі выбраныя тры пераможцы, а 14 плакатаў былі асобна адзначаныя. Пераможныя і адзначаныя працы можна глядзець на пленэрнай выставе ў Каралеўскіх Лазенках да 4 верасня. 9 жніўня адбыўся вернісаж выставы.

Выстава твораў у публічнай прасторы – гэта выраз салідарнасці з беларусамі, якія працягваюць мірным шляхам дамагацца дэмакратызацыі сваёй краіны.


. .

Віцэ-прэм'ер, міністр культуры Польшчы Пётр Гліньскі адзначыў, што зрух беларусаў ва ўмовах таталітарнай дзяржавы вымагаў вялікай адвагі. Палітык казаў, што праз два гады свет паволі становіцца абыякавым да беларускай трагедыі.

-Таму тыя, хто памятае, разумее сваю адказнасць маюць абавязак нагадваць і не пагаджацца на абыякавасць у дачыненні да зла. Таму я дзякую Нацыянальнаму цэнтру культуры, МЗС, маім супрацоўнікам за арганізацыю сімвалічнага конкурсу плакатаў, які павінен падтрымаць памяць аб пратэстах, аб тым, што мы не можам пагаджацца са злом. Конкурс пры дапамозе плакату будзе нагадваць у грамадскай прасторы пра тое, што адбылося два гады таму ў Беларусі. Мы павінны быць разам з тымі, хто змагаецца, хто не пагаджаецца, церпяць у турмах.


. .

Намеснік кіраўніка польскай дыпламатыі Пётр Ваўжык падчас цырымоніі адкрыцця выставы падкрэсліў, што нельга забываць пра ўсіх, хто пратэставаў у Беларусі ў 2020 годзе:

-Мы павінны памятаць пра тых, хто тады сказаў «Не!» фальсіфікацыям і «Не!» міліцэйскаму рэжыму. Таксама мы не маем права забыць пра тых, хто зараз знаходзіцца ў турме. Міжнародная супольнасць прызнае вязнямі сумлення на гэты момант амаль 1300 чалавек.

Першае месца заняў плакат Каміля Скшыпца «Беларусь 2020-2022». На ім бачныя гэта кампазіцыя лічбаў 2020 і 2022, дзе нулі прадстаўленыя ў форме разарванага ланцуга.

-20, 20, 20, 22 стаяць у калоне, а ўсе нулі ўтвараюць ланцуг, які разарвалі. Спадзяюся, гэта пазітыўнае прадказанне, якое ўжо рэалізоўваецца, і якую ўдасца рэалізаваць цалкам. На нізе сіметрычна адвернутыя двойкі. Адныя бачаць там лебедзяў, яшчэ іншыя сэрца. І тут таксама, дарога да сэрца, то бок да свабоды, да любові, да павагі ў дачыненні да іншага чалавека. Магчымасці свабодна выказвацца. Тое, што кожнаму ў свеце павінна быць гарантавана. Спакой, што я магу адчуваць і думаць.

Другое месца заняў плакат Пятра Дэпты-Клешты «В як свабода». Трэцяе – плакат «Мы не мяса!» Яўгеніі Мужэвай.

-Гэта сапраўды быў эмацыйны складнік маёй рэакцыі на тое, што адбывалася пасля выбараў. Калі я пабачыла, што чалавечае жыццё нічога не значыць, што людзі ставяцца да іншых літаральна як да мяса, не ўспрымаючы іх асобы, эмоцыі, жаданні, памкненні, то я зрабіла такую працу. Памалявала сябе белай фарбай і намалявала чырвоныя лініі, як разбіраюць тушу на бойні.


«26 гадоў акупацыі» «26 гадоў акупацыі»

Яўгенія таксама была адзначаная за працу «26 гадоў акупацыі».

-Гэта стары красовак, з чырвонай палоскай, які аброс мохам. Людзі ўжо 26 гадоў спрабуюць нешта памяняць і 26 гадоў мы павольна псуемся і зарастаем імхом. І нарэшце гэты мох трэба спыніць.

Да прысутных са словамі падзякі за падтрымку звярнулася Святлана Ціханоўская.

-Я таксама радая, што пасля абвяшчэння вынікаў конкурсу выстава будзе ўвесь месяц працаваць у Алеях Уяздоўскіх. Дзякую Польшчы, што пры дапамозе выставы вы дапамагаеце яшчэ раз нагадаць пра Беларусь, пра нашую барацьбу за свабоду, пра нашых герояў. Я рада, што гэтай акцыя Польшча чарговы раз паказвае сваё сяброўства з беларускім народам.

Плакаты можна глядзець да 4 верасня.


. .

ав