Беларуская Служба

Школа беларускай традыцыйнай культуры афіцыйна распачала дзейнасць у Варшаве (ФОТА)

12.09.2022 11:35
У ёй усіх жадаючых навучаць спяваць, танцаваць, вышываць, граць на дудзе.
Аўдыё
  • Школы беларускай традыцыйнай культуры афіцыйна распачала дзейнасць у Варшаве
Прэзентацыя беларускага народнага строюЛ. Вялічка

Беларусы Варшавы ўжо мелі магчымасць павучыцца беларускім традыцыйным танцам. Гэта было магчыма дзякуючы Школе беларускай традыцыйнай культуры. Учора, у нядзелю, адбылося афіцыйнае адкрыццё школы, дзе можна было пазнаёміцца з яе калектывам і дзейнасцю.

У школе дзейнічаюць чатыры напрамкі: традыцыйныя танцы, традыцыйныя народныя спевы, пашыў народнага строю і дудурская школа.


Наталка (злева) Наталка (злева)

Школа – гэта прастора для захавання і распаўсюду беларускай традыцыйнай культуры. «Мы хочам паказаць яе шматбаковасць і перанесці ў сучаснае жыццё кожнага беларуса традыцыі, якія мы ўжо маем», – гаворыць каардынатарка і ідэйны натхняльнік школы Наталка.

-Такім чынам даць яшчэ адзін віток жыцця беларускай культуры. Гэта не замерлая істота, якая захавалася ў музеях, яна жыве і развіваецца. Мы, як носьбіты беларускай культуры, павінны даць ёй новае дыханне. І гэта наша асноўная місія. Наша школа – гэта не толькі адносіны настаўніка і вучня, мы не праводзім мяжы, мы суполка. Мы запрашаем усіх, хто цікавіцца і хоча. Часцей за ўсё чалавек, які хоча, то ён і навучыцца, бо нельга вучыць сілаю.


Лізавета Рэўт (злева) з групай спеваў Лізавета Рэўт (злева) з групай спеваў

Традыцыйныя народныя спевы выкладаць будзе Лізавета Рэўт. Спевы – для ўсіх, уключаючы тых, хто не абавязкова ўпэўнена сябе адчувае ў спеве. Лізавета нагадвае, што нашыя бабулі і дзядулі не мелі музычнай адукацыі, але падчас вячорак, святаў і абрадаў спявалі ўсе.

- Спачатку ў нас разміначка для дыхання, пасля ў нас традыцыйныя распевачкі. Пасля мы слухаем носьбітаў, як песня гучала, а потым я на сваім прыкладзе паказваю, як гэта спець сучасным голасам. Бо на запісах зазвычай запісаныя старыя бабулі, а не ўсе ўспрымаюць старыя галасы. Таму я сваім голасам пераймаю і паказваю кожную партыю асобна.

Заняткі па шыцці традыцыйнага беларускага строю разлічаны на год, расказвае Наталка. Кожны з удзельнікаў закончыць курс маючы ўласны нацыянальны строй, расказвае Наталка.

-Запрашаюцца ўсе, нават тыя, хто не трымаў іголку ў руках, але прагне зрабіць сабе прыгожы строй. Дасведчаныя дзяўчаты навучаць таму, што ўмеюць самыя. У выніку праз год кожны ўдзельнік будзе мець самаробны строй.


Дзяніс Шматко Дзяніс Шматко

Чарговы напрамак Школы беларускай традыцыйнай культуры – гэта навука ігры на дудзе. Дуду выкладаць будзе Дзяніс Шматко, лідар гурту «Літы Талер». Музыка ўжо мае шэсць вучняў, якія нават паспрабавалі зайграць на адкрыцці школы.

-Стартануць я хачу менавіта з шасцю вучнямі, бо ў мяне для іх ёсць інструмент. Каб вучні не набывалі адразу дуду, бо можа ім гэта не спадабаецца. Прыйсці могуць дарослыя вучні, я спрабаваў з дзецьмі і дарослымі, але пакуль у мяне няма такога досведу. Калі ў вучня ёсць папярэдні музычны досвед – гэта выдатна, калі няма – нічога страшнага. Я прафесійны аўтамеханік і калісьці ў школе мне сказалі, што я не здолею іграць на гітары, бо ў мяне крывыя пальцы. Па выніку я граю на дудах, на ліры, піяніна, флейце, гуслях, амаль на ўсім, чым заўгодна. І яшчэ спяваю.


Цімох Акудовіч Цімох Акудовіч

Беларускія народныя танцы – гэта адзін з фарматаў аб’яднання, магчымасць сабраць у адным месцы вельмі розных людзей, гаварыў Цімох Акудовіч.

-Людзей, якія ведаюць ці не ведаюць традыцыю. Можна за кароткі час аб’яднасць іх у супольнасць.

Усю патрэбную інфармацыю пра заняткі ў Школе беларускай традыцыйнай культуры можна знайсці ў Фэйсбуку, Інстаграме і Тэлеграме @ethno.art.by.

Рэпартаж з адкрыцця слухайце ў далучаным гукавым файле.

ав