Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: разбіраемся, чаму палякі прагнуць, як «kania dżdżu»

20.10.2022 09:13
Так называецца песня, якую спявае Ян Канты Паўлюськевіч.
Аўдыё
Mówisz po polsku? - Poznaj ciekawostki języka
Mówisz po polsku? - Poznaj ciekawostki języka shutterstock.com

Апошнімі тыднямі я прадстаўляла вашай увазе кампазіцыі маладога пакалення польскіх выканаўцаў, а сёння хачу вярнуцца да класікі, да песняў, якія сталі ўжо трывалым прыкладам музычнай спадчыны польскай сцэны. Прызнаюся, што я выбрала гэтую песню не толькі дзякуючы цікаваму гучанню, але таксама, а можа і перш за ўсё, дзякуючы яе зместу, словам, у тым ліку фразеалагізмам.

Песня, якую я вам прапаную, называецца «Jak kania dżdżu». Я спецыяльна адразу не перакладаю загаловак, паколькі яго можна перакласці па-рознаму, і пазней патлумачу, чаму. Тэкст кампазіцыі напісаў Лешак Мачульскі, а музыка аўтарства Яна Канты Паўлюськевіча (Jan Kanty Pawluśkiewicz), спявае аўтар музыкі.

Ян Канты Паўлюськевіч больш вядомы ў Польшчы як кампазітар песняў, тэатральнай музыкі і музыкі да кінафільмаў, чым пясняр. Нарадзіўся ў 1942 годзе ў Новым Таргу, у маладосці заснаваў музычную групу «Анава», яго прафесійная кар’ера была звязана з кракаўскім музычным тэатрам «Піўніца пад баранамі» і Тэатрам СТУ, а таксама Вялікім тэатрам і Тэатрам Паўшэхным у Варшаве.

У 2005 годзе Паўлюськевіч атрымаў «Лаўр Кракава 21-га стагоддзя». Узнагарода ўручаецца выбітным асобам, якія спалучаюць дзейнасць у галіне навукі, мастацтва і бізнесу. Тры разы ён быў намінаваны да ўзнагароды «Фрыдэрык» у катэгорыі «Класічная музыка» і «Кампазітар года». У 2005 годзе ён атрымаў сярэбраны медаль «За заслугі перад культурай» – Gloria Artis, а ў 2016 годзе – залаты. У 2013 годзе атрымаў з рук прэзідэнта Браніслава Камароўскага Афіцэрскі крыж Ордэна Адраджэння Польшчы. У 2019 годзе атрымаў медаль святога брата Альберта за падтрымку людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Акрамя сачынення музыкі, другім захапленнем Паўлюськевіча з'яўляецца жывапіс. Мастак выкарыстоўвае тэхніку жывапісу, якую сам называе арт-гелем. Тэхніка надзвычай працаёмкая; карціна памерам 40 на 60 см складаецца з тысяч кропак, нанесеных гелевымі асадкамі – адсюль і назва. У сярэднім на квадратны сантыметр прыходзіцца 350-400 кропак. Карціны мастака былі прадстаўленыя на выставах у Польшчы, Бруселі, Італіі і Венгрыі.

І час ужо паслухаць песню ў выкананні Яна Канты Паўлюськевіча.

Jak kania dżdżu tak czekam cię tu i dusza ma co ma to da, czyś z chmurnej mgły czy z lśniących zórz przybywaj siądź tuż-tuż, a już. Nie całych lat daj czekać mi, godzinę, dwie, kwadransów trzy, czyś z chmurnej mgły czy z lśniących zórz przybywaj siądź tuż tuż, a już.

Wartki jest nurt, bieg naszych dni i ogrom dusz, a godzin trzy i niby nic - noc, dzień czy mgła, jak kania dżdżu tak czekam ja, jak kania dżdżu, tak czekam cię tu... 

Як каршун (грыб) дажджу я чакаю тут. І душа мая, што мае, то дае. Ці ты з хмарнага туману, ці з бліскучага ззяння – прыбывай, сядзь побач.

Не цэлыя гады дазволь чакаць мне, а гадзіну–дзве, тры чвэрці гадзіны.

Хуткая плынь, бег нашых дзён. І вялікія душы, а гадзіны – тры. І быццам бы нічога – ноч, дзень ці туман, як грыб (каршун) дажджу, так я чакаю. Як грыб дажджу, так цябе чакаю я...

Тэкст гэтай песні даволі просты, у ім кароткія выразы, дзякуючы чаму кампазіцыя мае такую цікавую мелодыю. Але ёсць у вершы некалькі момантаў, з якімі мы і будзем разбірацца. Перш за ўсё гэта загаловак, які звязаны з фразеалагізмам.

Jak kania dżdżu (łaknąć) – гэтая прымаўка азначае, што нехта вельмі чакае нейкай падзеі, у дадзеным выпадку – аўтар чакае, калі прыйдзе яго каханая. А што дакладна азначае гэты сказ? А вось тут няма адназначнага адказу. Справа ў тым, што выраз kania мае ў польскай мове два значэнні. Гэта грыб, інакш – грыб-парасон пярэсты, а таксама назва птушкі – каршуна чырвонага. І што маецца на ўвазе, хто ж так чакае дажджу – невядома. Канешне ж, хутчэй гэта грыб, які любіць дождж, акрамя таго, і назоў у яго звязаны з дажджом, але каршуны часта лятаюць перад дажджом, з характэрным крыкам. Бывае, што генезіс фразеалагічных канструкцый да канца немагчыма акрэсліць, і такой канструкцыяй з’яўляецца сказ, які стаў загалоўкам песні. Іншы яго элемент – гэта дождж, які ў дадзеным выпадку пішацца інакш, чым сучасная форма. Тут усё значна прасцей – гэта старапольская форма выразу дождж.

Kwadrans – а вось гэта слова, у якога няма аналагаў у беларускай мове, можа толькі чвэрць гадзіны, але адным словам не скажаш. Kwadrans – гэта 15 хвілін.

Siądź tuż-tuż – сядзь блізка. Tuz-tuż можна перакласці як вось-вось, калі гаворка ідзе пра час (wiosna tuz-tuż – вясна блізка, вось-вось прыйдзе), або побач, поруч, калі, як у дадзеным выпадку, маецца на ўвазе фізічная блізасць кагосьці або чагосьці.

 нг

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы