Беларуская Служба

У маленькай мясцовасці Гараец на польска-ўкраінскім памежжы сёння адбываецца Дзень салідарнасці з Беларуссю

11.11.2022 08:11
Прысутныя пазнаёмяцца з беларускай музыкай, кінематографам і грамадскімі актывістамі.
Аўдыё
  • У маленькай мясцовасці Гараец на польска-ўкраінскім памежжы сёння адбываецца Дзень салідарнасці з Беларуссю

. 

11 лістапада для палякаў – асаблівы дзень, Дзень незалежнасці. Часта людзі забываюць, што незалежнасць не дадзеная раз і на заўсёды. Менавіта таму чацвёрты раз запар у Гарайцу ладзяцца Дні салідарнасці з Беларуссю, гаворыць арганізатар Марцін Пятроўскі з таварыства «Folkowisko».

-Мы сустракаемся за вашу і нашу свабоду. Мы хочам нагадаць, што нашыя суседзі беларусы, а цяпер і ўкраінцы, вымушаныя змагацца за сваю свабоду рознымі спосабамі. Мы расказваем пра тое, як выглядае цяперашняя Беларусь, нагадваем, што здарылася два гады таму, падчас рэвалюцыі годнасці.

Дні салідарнасці з Беларуссю на Хутары Гараец праводзяцца чацвёрты раз запар. Марцін Пятроўскі адзначае, што яны хочуць як мага больш даведацца пра Беларусь і бліжэй пазнаёміцца, асабліва з беларускай музыкай. Сёлета на мерапрыемстве выступіць гродзенскі гурт Dzieciuki, які, як дзясяткі іншых музыкаў, вымушана пераехаў у Польшчу.

Штогод частка праграмы Дзён салідарнасці з Беларуссю прысвячаецца кінематаграфіі. У супрацоўніцтве з камандай кінафестывалю Bulbamovie, які пройдзе ў Варшаве ў другой палове лістапада, будзе паказаны адзін з фестывальных фільмаў, пра які раскажа дырэктар фестывалю Януш Гаўрылюк.

Традыцыйна ў Гараец завітваюць беларускія артысты. Сёлета запрошаная актывістка Яна Шостак. Яна разам з таварыствам «Folkowisko» вельмі інтэнсіўна працавала на польска-ўкраінскай мяжы, аказваючы дапамогу тысячам украінскіх уцекачоў.

Дарэчы, Хутар Гараец знаходзіцца ў 10 км ад польска-ўкраінскай мяжы. Марцін Пятроўскі называе яго «амбасадай свабоды».

-Гэта месца, у якім могуць сустрэцца розныя людзі і расказваць пра сябе. А Гараец – гэта маленечкая вёска на Падкарпацці, на Усходзе Польшчы. Цяпер тут жыве толькі 41 чалавек. Гэта своеасаблівая машына часу. Побач з нашым хутарам, а мы так называем наш дом, дзе праводзім сустрэчы, канцэрты, фестывалі, знаходзіцца прыгожая старадаўняя царква з 1586 году. Калісці вельмі шматкультурны рэгіён. Тут жылі ўкраінцы, палякі, габрэі і немцы. Цяпер гэта аднародная вёска, у якой жыве толькі адна нацыянальнасць. Мы, як палякі, стараемся знаёміцца з іншымі культурамі, а найлепш гэта рабіць сустракаючыся з людзьмі. Разам спяваючы, танцуючы, размаўляючы. Беларускія дні – гэта таксама знаёмства праз удзел. А беларусы цяпер апынуліся ў вельмі цяжкай сітуацыі. З герояў рэвалюцыі раптам Беларусь пачалі ўспрымаць як агрэсары. Часта нашых беларускіх сяброў укідваюць у адзін мяшок з агрэсарамі, а мы ведаем, што многія беларусы дапамагаюць, змагаючыся на тэрыторыі Украіны, а таксама аказваючы дапамогу ўкраінскім уцекачам у Польшчы.

Марцін Пятроўскі разумее цяжкую сітуацыю беларусаў, таму імкнецца падтрымліваць тых, хто змагаецца за годнасць, роўнасць, салідарнасць. Тамы ў «амбасадзе свабоды» для беларусаў заўсёды будзе месца.

ав

слухайце аўдыё