Беларуская Служба

Старшыня ПЭНу Таццяна Нядбай: Абапіраючыся на вашу незалежнасць, мы змагаемся за сваю. Абвешчаныя лаўрэаты прэміі Гедройця

18.11.2022 18:25
Абвешчаныя лаўрэаты прэміі Гедройця 2022. Гэта нефармальная галоўная літаратурная прэмія, якой узнагароджваюць беларускіх аўтараў.
Аўдыё
  • Абвешчаныя лаўрэаты прэміі Гедройця 2022. Гэта нефармальная галоўная літаратурная прэмія, якой узнагароджваюць беларускіх аўтараў.
    2022.     ,    .
Абвешчаныя лаўрэаты прэміі Гедройця 2022. Гэта нефармальная галоўная літаратурная прэмія, якой узнагароджваюць беларускіх аўтараў.Фота: Беларускі ПЭН

Цырымонія ўручэння літаратурнай Прэміі імя Ежы Гедройця другі год запар адбылася ў сценах Варшаўскага ўніверсітэту. З-за рэпрэсій, арганізатары ўрачыстасці ды і некаторыя пісьменнікі не могуць быць у Беларусі.

Слухайце далучаны файл!

Ян Маліцкі, дырэктар Студыум Усходняй Еўропы Варшаўскага Універсітэту, а гэта адзін з партнёраў прэміі, у сваёй прамове згадаў цяжкі фрагмент з гісторыі Варшаўскага ўніверсітэта, аднак цяпер ён можа даць магчымасць правесці ўрачыстасць тым, для каго няма месца ў Беларусі.

– Беларуская літаратура вымушаная атрымліваць узнагароды ў выгнанні. Але спадарства знаходзіцца ў адной з найпрыгажэйшых заляў Варшаўскага ўніверсітэту. Заля з калонамі была пабудаваная ў 1816 годзе, калі быў зарганізаваны ўніверсітэт. Гэтая заля перажыла разбурэнні падчас Другой сусветнай вайны. Вокны былі забітыя фанерай. І тут адбылася першая абарона магістарскіх, доктарскіх прац, якія былі падрыхтаваныя ў падземным Універсітэце Варшаўскім падчас вайны. Гэта гісторыя гэтай прыгожай залі.

- Мы не можам правесці цырымонію ў Мінску, мы знаходзімся ў Польшчы, якая дала нам прытулак, і мы працуем над тым, каб захаваць наш дом і вярнуць яго сабе. У Польшчы, якая за сваю паслядоўную падтрымку беларусаў, за салідарнасць, сёння таксама становіцца аб’ектам нападак. Атакуецца польская меншасць у Беларусі, руйнуюцца польскія могілкі, закрываюць польскія школы і арганізацыі, журналіст Анджэй Пачобут сядзіць у турме. Рэпрэсіі адбываюцца і да літоўскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі – забарона літоўскай мовы, культуры. Гэта таксама вынікі цвёрдай і паслядоўнай падтрымкі беларусаў. Я хачу падзякаваць Польшчы і польскім партнёрам, што дзякуючы вам мы можам працягваць сваю працу, Польшчы і Літве, якія прытулілі вялікую колькасць беларусаў і арганізацый, знішчаных у Беларусі. Абапіраючыся на вашу незалежнасць, мы змагаемся за сваю. Гэта ўсё ўкладаецца ў канцэпцыю Гедройця. Якая доўгі час лічылася нерэалістычнай, ідэалістычнай. Але сёння яна працуе. Пасля перамогі Украіны, пасля перамогі дэмакратыі ў Беларусі, я перакананая, Беларусь, Польшча, Літва, Украіна змогуць жыць у добрасуседстве, узаемным культурным абмене і супрацы, – сказала старшыня беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай

Артур Міхальскі, амбасадар Польшчы ў Беларусі, распавёў, чаму Польшча падтрымлівае Беларусь у гэтыя няпростыя часы:

– Гэта важна. Мы ведаем, якія абставіны цяпер у Беларусі. А беларускі народ – наш сусед, з якім мы звязаныя стагоддзямі сувязяў. І думаю, гэта нават наш абавязак быць разам у гэты складаны час. А Гедройц паказваў, як мусяць выглядаць стасункі паміж нашымі народамі. Гедройц таксама дапамог нам атрымаць свабоду. Думаю, праз культуру, мышленне пра права чалавека на годнасць, жыццё ў свабодзе, яно ўзмацняе дух народа. Без гэтага было б вельмі цяжка. Думаю, нашы суседзі-беларусы будуць свабоднымі і будуць жыць у дэмакратычнай дзяржаве, як жывём мы.

Лаўрэаты прэміі імя Ежы Гедройца:

І месца «за ўваскрашэнне genius loci і расшыфроўку іерогліфаў на стэле беларускай сталіцы» заняла кніга Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая» (Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2021)


ІІ месца «за чароўнае запрашэнне чытача ў свет чалавечай годнасці, пералівістых думак і абэртонаў» атрымала Вольга Гапеева з кнігай «Самота, што жыла ў пакоі насупраць» (Мінск, «Галіяфы», 2021).


ІІІ месца – у кнігі «Жэнька, каралева мышак» Валерыя Гапеева (Мінск, «Кнігазбор», 2021) «за стварэнне дзіцячага свету, поўнага дарослай мудрасці»

І месца «за ўваскрашэнне genius loci і расшыфроўку іерогліфаў на стэле беларускай сталіцы» заняла кніга Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая» (Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2021)
І месца - кніга Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая» (Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2021)



– Я быў уражаны, калі даведаўся пра намінацыю. Усё ж кніга не мастацкая, яна гістарычная. Але гэта і не класічная манаграфія. Там ёсць эсэістыка, ёсць мая простая мова, мае размовы са сведкамі, шмат цытатаў. Але былі прыклады, калі за гістарычныя кнігі давалі літаратурныя прэміі. Напрыклад, Энн Эпплбаум, якая жыве ў Польшчы, а атрымала Пулітцараўскую прэмію за манаграфію па гісторыі Гулага.

Гэта кніга пра найвялікшую мару майго жыцця: Я б вельмі хацеў убачыць у Мінску адноўленую забудову Замкавай гары і Нізкага рынку. Важна, каб людзі падзялілі гэтую думку. Я лічу, што беларуская культура сёння дыхае адным лёгкім. Матэрыяльны, цывілізацыйны кантэкст амаль знішчаны. І калі беларусы не адновяць гістарычныя цэнтры Мінску, Горадні, Полацку, Берасця, Наваградка ды іншых, то так і будзем дыхаць на адно лёгкае, – сказаў Сяргей Абламейка ў сваёй прамове пасля абвяшчэння пераможцаў прэміі.

Cёлета ў склад журы ўвайшлі: літаратуразнаўца Ульяна Верына; крытык, літаратар Сяргей Дубавец; пісьменніца Святлана Курс; паэт, перакладчык Андрэй Хадановіч; крытык, літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч.

Прэмія імя Ежы Гедройця ўручаецца за найлепшую арыгінальную кнігу, напісаную на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы і выдадзеную ў 2021 годзе.

вх