Беларуская Служба

Раман Арлоў: Я не з'яўляюся рамантыкам, які верыць, што праз пару месяцаў можна будзе вярнуцца ў Беларусь

20.02.2023 15:38
Беларускі музыка сказаў некалькі праўдзівых слоў пра жыццё беларускіх артыстаў у эміграцыі.
Аўдыё
  • Беларускі музыка Раман Арлоў выказаў свае меркаванні наконт беларускіх артыстаў у эміграцыі
Раман Арлоўradyjo.net

Беларускі музыка, аўтар тэкстаў, заснавальнік гуртоў J:Mors, «У нескладовае», аўтар мюзікла «Чарадзей» Раман Арлоў выступае з акустычнымі канцэртамі ў розных польскіх гарадах, найперш для беларускай эміграцыі.

Беларуская служба Польскага радыё пагутарыла з артыстам пасля канцэрта ў Варшаве.

«Ёсць некалькі плыняў у маёй творчасці»

Раман Арлоў: Я пачаў з «J:Морса», таму што гэта храналагічна. Мне належаць правы дзесьці на 10 песень гурта і сёння некаторыя з іх былі выкананыя. Я думаю, што У.Пугач, мой былы партнёр, некаторыя з іх не выконвае ніколі. У прыватнасці, дзе правы на 100 адсоткаў належаць мне, такія песні як «Адлегласць», «Яна». То бок гэта быў такі «J:Морс» Рамана Арлова. Потым за часамі гурта «У нескладовае» зʼявіліся песні, як «Будзьма беларусамі», «Скажы Кастусь», «У нескладовае 1», «Станцыя». Гэта ўсё трэкі, якія належаць майму калектыву «У нескладовае». Але ў 2016 годзе я пайшоў у буйную форму, у мюзікл. Першы мюзікл «Чарадзей» быў прэзентаваны ў 2016 годзе на вялікіх пляцоўках, нават у 2017 годзе была паездка з некалькімі паказамі ў Польшчу ў Бельск Падляскі. Сёння ў канцэрце я граў нумары з «Чарадзея». Таксама пішацца новы мюзікл пра Еўфрасінню і я сыграў два нумары з «Еўфрасінні».

Ці ў вас ёсць мара, планы, або, магчыма, ужо працуеце ў такім накірунку, каб «Чарадзея», ці «Еўфрасінню» паказаць яшчэ больш шырокай публіцы ў Польшчы?

Раман Арлоў: Гэтыя амбіцыі ў мяне існуюць, але я гляджу як развіваецца рынак, і я бачу што ўсіх цікавяць такія складаныя сюжэты, каб там, паявіліся нейкія іншапланецяне. У мяне ідэя ёсць такая: імігранцкі мюзікл, некалькі імігранцкіх гісторыяў, якія перасякаюцца і, каб горад Варшава быў адным з персанажаў гэтага мюзікла. Але ў герояў гэтага мюзікла могуць быць аватаркі са старажытных часоў. Дапусцім, нейкі імігрант можа адчуваць сябе, напрыклад, Еўфрасінняй і менавіта дзякуючы гэтаму ён выжывае ў ментальным сэнсе. Зараз многім вельмі цяжка, я з кім не пагаварыў, ва ўсіх былі панічныя атакі, гэта вельмі страшна, усе сядзяць не нейкіх антыдэпрэсантах. Вяртаючыся да пытання: Так, такія планы ёсць. І нават удалося папрацаваць з адным польскім тэатрам. З Scena Współczesna мы рабілі шоў «Беларуска-польскія бізнес-каляды». Я там быў сцэнарыст, акцёр і вядоўца. Магчыма справа пойдзе далей.

Вось цяпер людзі беларускай культуры вялікай колькасцю знаходзяцца ў Польшчы, у тым ліку і ў Варшаве. Як вы думаеце, ці гэтыя складаныя акалічнасці можна выкарыстаць, каб данесці беларускую культуру да польскага гледача?

Раман Арлоў: Якраз на гэтай акцыі, якую я згадаў, была невялікая прысутнасць польскай аўдыторыі і многія засталіся задаволенымі. Я лічу, што праблема многіх беларускіх культурных праектаў эміграцыі ў тым, што яны не спрабуюць наладзіць кантакты нават з польскай культурай, не кажучы пра астатнія еўрапейскія культуры. І гэта, безумоўна вельмі кепскі трэнд, яго трэба пераадолець і пашыраць аўдыторыю. Раз, мы тут апынуліся, не трэба ўвесь час сядзець, у гэтай вось, нары.

 А вы можа зʼяўляецеся ўдзельнікам польскай праграмы для беларускіх творцаў Rezydencje artystyczne?

Раман Арлоў: Пакуль што не, я коратка ў Варшаве, я толькі знаёмлюся з сітуацыяй. Хаця я за час знаходжання ў Польшчы сыграў ужо шмат канцэртаў. У адным Гданьску мабыць, ужо тры. Наагул, у Польшчы знаходжуся з восені.

Што вы мяркуеце наконт супрацоўніцтва паміж беларускімі артыстамі ў Польшчы? Ці бачна праца ў адным накірунку, ці хутчэй, кожны спрабуе раскруціць сваю справу? І да каго яны звяртаюцца: да палякаў ці да беларусаў?

Раман Арлоў: Людзі розныя. Некаторыя ўмеюць вельмі добра атрымліваць гранты. Некаторыя вельмі таленавітыя людзі, але грошы да іх не даходзяць. Я, мабыць, скажу пару жорсткіх рэчаў, прывяду два прыклады: Уладзімір Цэслер, які малюе сучаснае мастацтва і ўсе выкарыстоўваюць яго плакаты, ён абсалютна без капейкі сядзіць на Кіры. Усе выкарыстоўваюць ягоныя лістоўкі, каб упакаваць свае пасты ў інтэрнэце, але ніхто не думае, дзе гэты геніяльны чалавек знаходзіцца і ў якім ён стане. І пра «купалаўцаў» таксама магу сказаць. Я нядаўна з Гарбузам гаварыў па тэлефоне. Сумныя галасы ў іх і ўсё вельмі слаба. Калі ўжо да гэтых праектаў не даходзяць грошы, то тут напэўна нейкае сваяцтва... Часам грант атрымліваецца, асвойваецца і справаздача адбываецца на ўзроўні нейкага маленькага клуба і двух чалавек, хоць па дакументах гэта выглядае, як міжнародны кінапраект. Я тут кажу сумныя рэчы, але такія рэчы адбываюцца.

Паводле вас, чыя тут задача, каб гэта змянілася?

Раман Арлоў: Я назіраю, што паколькі ёсць нейкі арганізатарскі трэнд, нібыта дзяржава, урад у выгнанні, і там ёсць нейкія людзі прызначаныя над культурай, то я думаю, што яны павінны паспрабаваць выбудаваць нешта. Крытэрыі, па якіх выдзяляюцца грошы, вельмі мутныя, і, больш затое, магчыма, у мяне завышаная планка, але я не бачу гэтых прадуктаў. Я не бачу нічога геніяльнага за гэтыя 2-3 гады працы. Няма нейкага тэатральнага праекта з wow-эфектам, няма інтэрнэт-серыяла. Добра працуюць праекты для дзяцей «Тэатральныя школы» або проста школы. Можна спісваць на тое, што тут, у эміграцыі, усе ў дэпрэсіі, але мне здаецца, што песні, што ўсё творчае ствараецца, калі цяжка. Я мяркую па сваім досведзе – калі ўсё добра, асабліва нічога не напішаш.

Час у выгнанні гэта страчаны час для беларускай культуры ў выгнанні?

Раман Арлоў: Не, не страчаны час. Гэта вымушаны выхад з зоны камфорту, але гэта шчаслівы момант зноў знайсці сабе сяброў, якія таксама выехалі. Магчыма, седзячы ў Беларусі, мы б два разы скінулі паштоўку на Новы год і больш ніколі не ўбачыліся б. Тут мы вымушаны, як 20 гадоў назад, праходзіць нейкія крокі, каб зарабіць першыя грошы, стаць на ногі. Гета вельмі каштоўны досвед. Я ў нейкім сэнсе апошнія гады існаваў, а тут я жыву, хоць і гэта вельмі цяжка. Больш за тое, я не зʼяўляюся рамантыкам, які верыць, што праз пару месяцаў можна будзе вярнуцца ў Беларусь. На жаль, гэта надоўга, гэта трэба прыняць і будаваць сваё жыццё тут.

На доўгія гады?

Раман Арлоў: Я бы абазначыў 3-5.

Думаеце, што за гэты час беларускія артысты ўліюцца ў польскі культурны паток?

Раман Арлоў: Я сумняюся, што яны ўліюцца. Польскі рынак спецыфічны і даволі закрыты. Пакуль што, я гляджу, што беларускія артысты, якія выехалі, там яны былі папулярнымі, але тут яны працуюць толькі для дыяспары. Гэта стамляе. Ім напэўна здавалася, што зараз і палякі прыйдуць, таму што яны такі геніяльны рок-гурт. Гэтага не адбылося. Гэта ўжо два гады не адбылося. Не той прадукт. І таму, я думаю, адміністрацыйна, трэба заходзіць з двух бакоў. Калі мы робім спектакль, павінна быць змяшаная трупа: частка палякаў, частка беларусаў, рабіць спектакль, які будзе па-польску, па-беларуску і па-англійску. Я, канешне, лезу не ў сваю справу, але я ведаю, што многія гранты выдаюцца на расійскамоўныя праекты. Гэта вельмі кепска. Я лічу, што зараз, беларуская мова не ў тым стане, каб яе не падтрымаць усімі магчымымі спосабамі. Як прыклад, мінулагодні літаратурны фестываль «Прадмова». Там было шмат скандалаў і шмат рускамоўных аўтараў. Я лічу, што трэба прыняць, што ў гэтых складаных і нават жахлівых умовах, беларуская культура можа быць толькі на беларускай мове. У мяне катэгарычная пазіцыя.

Дзякуй за размову!


Гутарыла Яланта Смялоўская