Беларуская Служба

Польская кінаакадэмія ўзнагародзіла фільм «Іё»

07.03.2023 12:45
Стужка «Іё» атрымала шэсць статуэтак «Арол 2023», у тым ліку ў намінацыі за найлепшы фільм.
Аўдыё
  • Польская кінаакадэмія ўзнагародзіла фільм «Іё»
    2023
Лаўрэаты польскай кінапрэміі «Арлы 2023» на ўрачыстасці ў Польскім тэатры ў ВаршавеPAP/Radek Pietruszka

Стужка «Іё» Ежы Скалімоўскага атрымала Польскую кінапрэмію «Арлы 2023» за найлепшы фільм. У панядзелак увечары ў Польскім тэатры ў Варшаве адбылося ўрачыстае мерапрыемства, падчас якога былі ўручаныя «польскія Оскары». Нагадваем, кінастужка «Іё» атрымала адзінаццаць намінацыяў, а яе галоўны супернік стужка «Джоні» – восем. Канчаткова Польская кінаакадэмія прысудзіла «Іё» шэсць статуэтак, а «Джоні» – чатыры.

Кінастужка «Іё» атрымала «Арла 2023» за рэжысуру для Ежы Скалімоўскага і сцэнарый – для Эвы Пяскоўскай. Дарэчы Ежы Скалімоўскі адсутнічаў на ўрачыстасці ў Польскім тэатры, паколькі «Іё» – гэта таксама польскі кандыдат на прэмію Амерыканскай кінаакадэміі «Оскар» у катэгорыі «Лепшы міжнародны фільм» і зараз рэжысёр прабывае ў ЗША.

Аднак узнагарода за рэжысуру і сцэнар не адзіныя ў выпадку «Іё». «Арла» за мантаж фільма атрымала Агнешка Гліньска(Agnieszka Glińska):

- Гэта вялікія эмоцыі. Столькі ўзнагародаў, якія сведчаць пра высокую ацэнку Польскай кінаакадэміі. Я вельмі ўдзячна членам кінаакадэміі.

Агнешка Гліньска падкрэсліла, што фільм «Іё» мае ўнікальны характар:

- Герой фільма выключны. Ён кранальна расказвае сваю гісторыю. Гэта таксама нешта новае ў маёй кар’еры – герой асёл. Нагадваю, удзел актораў у фільме быў абмежаваны.

За аператарскую працу «Арла» атрымаў Міхал Дымэк, а за музыку да «Іё» – Павел Мыкетын.
Нагадваем, галоўны герой фільма – гэта асёл, якога забіраюць з цырка, і які адпраўляецца ў вандроўку па польскай правінцыі і па Еўропе.

У сваю чаргу «Арла» за лепшую галоўную мужчынскую ролю атрымаў Давід Агроднік(Dawid Ogrodnik) за ролю ксяндза Яна Качкоўскага ў фільме «Джоні». Акцёр падкрэсліў, што роля ксяндза Яна была для яго выклікам:

- Ксёндз Ян быў шоўменам, дырэктарам хоспіса ў Пуцку, быў святаром, які змагаўся з касцельнай бюракратыяй. Для мяне, як для актора, складаным заданнем была спроба пераняць спосаб паводзінаў Яна, яго гаворку і эмоцыі… Гэта заўсёды самы складаны этап будавання ролі.

Марыя Пакульніс(Maria Pakulnis), якая атрымала ўзнагароду за жаночую ролю другога плана ў фільме «Джоні«, заявіла, што праца над фільмам была незвычайным вопытам:

- Гэта вялікае шчасце – апынуцца ў «сям’і Джоні». Дарэчы падчас працы над фільмам я чула яго прысутнасць. Паводле мяне сцэнар выдатна паказаў філасофію ксяндза Яна, які заўсёды паўтараў: Найважнейшае тваё сумленне.

«Джоні» – гэта гісторыя заснаваная на рэальных падзеях. Яна навязвае да біяграфіі ксяндза Яна Качкоўскага – заснавальніка хоспіса, які сам становіцца яго пацыентам.

Стужка «Джоні» атрымала таксама ўзнагароду публікі, што вельмі ўзрадавала рэжысёра Даніэля Ярошэка(Daniel Jaroszek):

- Рэцэпт поспеху – працаўладкаваць выдатных людзей, каб пазней менш працаваць на плане. Сёння я тут – сярод людзей, якіх я паважаю і мяне цяжка ў гэта паверыць. Прашу вас, трымайце пальцы за мае будучыя праекты.

У сваю чаргу за лепшы візаж узнагароду атрымала Ліліяна Галонзка, якая таксама працавала на плане стужкі пра ксяндза Качкоўскага.

Старшыня Польскай кінаакадэміі Дарыюш Яблоньскі(Dariusz Jabłoński) запэўніў, што пераможцаў конкурсу выбіраюць найлепшыя польскія кінематаграфісты, а вынікі галасавання трымаюцца ў сакрэце да апошняга:

- Гэта адзіная ўзнагарода ў Польшчы, якая ўручаецца такім чынам, што вынікі засакрэчаныя да апошняга моманту. За гэта адказвае буйная сусветная кампанія, якая апрача нашага конкурсу, займаецца таксама прэміяй «Оскар».

Дарыюш Яблоньскі адзначыў, што Польская кінапрэмія за 25 гадоў існавання адыграла надзвычайную ролю ў польскім кіно:

- Кожны з лаўрэатаў можа ганарыцца гэтай узнагародай – гэта для нас вельмі важнае. Узнагарода не мае грашовага вымярэння. Цягам 25 гадоў «Арлы» памянялі польскае кіно. Узнагарода прысуджаецца за аб’ектыўныя дасягненні. Таму яна мае для творцаў такое значэнне – большае, чым я мог прадугледжваць 25 гадоў таму.

«Арла 2023» за найлепшую галоўную жаночую ролю атрымала Дарота Памыкала за ролю ў фільме Анны Ядоўскай «Жанчына на даху». Анджэй Сэвэрын быў узнагароджаны за мужчынскую ролю другога плану ў стужцы «Слюбук».

Узнагароду за дэб’ют года атрымаў Дам'ян Коцур – рэжысёр фільма «Хлеб і соль». За лепшы гук былі ўзнагароджаныя Радаслаў Охня і Міхал Фойцік за фільм «Арол. Апошні патруль». Дарэчы за сцэнаграфію да згаданай стужкі «Арла» атрымала таксама Марцэліна Пачонтэк-Кунікоўска.

У сваю чаргу «Арла» за жыццёвыя дасягненні атрымаў кампазітар, аўтар музыкі да больш чым 70 фільмаў, лаўрэат прэміі «Оскар» Ян. А.П. Качмарэк.

Нагадваем, «Арлы» – штогадовая ўзнагарода Польскай кінаакадэміі, якая ўручаецца з 1999 года. Галасаванне за фільмы-прэтэндэнты на прэмію праводзіцца ў двух этапах. Яно мае сакрэтны характар да моманту абвяшчэння вынікаў.

IAR/аз