Беларуская Служба

У Варшаве апублікаваны манускрыпты з Пінска, вывезеныя ў 1939 г. у Расію

23.03.2023 15:24
Нацыянальны інстытут польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika выдаў каталог праметаў з калекцыі Дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі ў Санкт-Пецярбургу, укладзены Томашам Якубоўскім.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Манускрыпты з Пінска ў Санкт-Пецярбургу.
  Polonika w kolekcji grafiki w Państwowym Muzeum Historii Religii w Petersburgu,   .
Вокладка каталога Polonika w kolekcji grafiki w Państwowym Muzeum Historii Religii w Petersburgu, укладзенага Томашам Якубоўскім.https://polonika.pl/wydawnictwo/wydawnictwa-naukowe/petersburg

Пасля анексіі Савецкім Саюзам у верасні 1939 г. усходніх тэрыторый Польшчы, у склад Беларускай ССР увайшоў у тым ліку Пінск. Аднак частка гісторыка-культурнай спадчыны з горада была вывезена далей — у Расію. Нацыянальны інстытут польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika апублікаваў унікальнае даследаванне Томаша Якубоўскага, мастацтвазнаўца і захавальніка калекцыі гравюр Каралеўскага замка ў Варшаве. Польскі вучоны вывучыў зборы Дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі ў Санкт-Пецярбургу і выявіў там прадметы, звязаныя як з польскай культурнай спадчынай, так і з гісторыяй Беларусі. Яго кніга Polonika w kolekcji grafiki w Państwowym Muzeum Historii Religii w Petersburgu (“Палоніка ў калекцыі графікі Дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі ў Санкт-Пецярбургу”) убачыла свет сёлета ў студзені ў выдавецтве інстытута Polonika. Гэты важкі том з'яўляецца вынікам даследчага праекта інстытута Polonika, які быў паспяхова завершаны ў 2021 годзе, яшчэ да ўварвання Расіі ва Украіну.

Томаш Якубоўскі ўспамінае, як натрапіў на след польскай культурнай спадчыны ў Дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі ў Санкт-Пецярбургу.

Томаш Якубоўскі:У Дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі ў Санкт-Пецярбургу захоўваецца алтар, які раней знаходзіўся ў Каралеўскім замку ў Варшаве. Калі я даведаўся пра гэта ад сваіх каляжанак з замка, то вырашыў паглыбіць свае веды па гэтай тэме.

Такая магчымасць з’явілася пасля знаёмства з Наталляй Суславай, загадчыкам аддзела графікі Дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі ў Санкт-Пецярбургу. Я спытаў у яе, ці можна пабачыць гэты алтар. І ў выніку, у 2019 г. я паехаў у Санкт-Пецярбург.

Гэта было яшчэ да вайны (ва Украіне. — Рэд.). Цяпер гэта, мабыць, было б немагчыма. Пасля 2019 г. я ўжо не бываў у Санкт-Пецярбургу, а працаваў у Варшаве. Аднак спадзяваўся, што яшчэ ўдасца паехаць у Расію, каб зверыць складзены мной каталог з калекцыяй музея. Аднак, на жаль, пачалася вайна...

Аднак я падтрымліваю добрыя адносіны з супрацоўнікамі Дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі ў Санкт-Пецярбургу, і загадчык аддзела графікі Наталля Суслава заўсёды мне дапамагала ў зверцы матэрыялаў. Мы добра супрацоўнічалі, і я гэта вельмі цаню.

Зрэшты, і цяпер я не страціў кантакт з супрацоўнікамі музея. Мы працягваем перапісвацца па электроннай пошце або ватсапе. Горш з магчымасцю туды паехаць.

Томаш Якубоўскі выбраў каля 1 000 прадметаў польскай культуры з 14 000 адзінак захавання ў аддзеле Дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі ў Санкт-Пецярбургу “Рэлігіі Захаду. Графіка”. Вучоны апублікаў некалькі соцень рэпрадукцый рукапісаў, гравюр, малюнкаў, паштовак з выявамі гарадоў, храмаў, Дзевы Марыі, Хрыста, святых і нават свецкія карыкатуры. Гэтыя матэрыялы да гэтага часу практычна не былі вядомы польскім даследчыкам.

Заслугоўваюць увагі дакументы, вывезеныя ў 1939 г. з Пінска ў РСФСР. Сярод іх такія рарытэты, як прывілеі на пергаменце, падпісаныя ўладарамі Польскага каралеўства і ВКЛ: каралевай Бонай (1494-1557) і каралём Уладзіславам IV Вазам (1595-1648), а таксама фатаграфіі армянскага сабора ў Львове.

Пра гэтыя дакументы Томаш Якубоўскі раіць прачытаць нарыс расійскіх даследчыц, змешчаны ў дадатку да яго кнігі.

Томаш Якубоўскі:Яны вельмі дакладна вывучылі паходжанне гэтых дакументаў. Яны датычаць пацвярджэння прыналежнасці зямлі ў Пінску кляштару францішканцаў.

Як гэтыя манускрыпты трапілі ў Санкт-Пецярбург? У 1932 г. у Ленінградзе быў адкрыты Музей гісторыі рэлігіі Акадэміі навук СССР. У 1947, 1952-1953 гадах сюды былі перададзены прадметы з расфарміраванага ў той час Маскоўскага цэнтральнага музея гісторыі рэлігіі (да 1942 года — Цэнтральны антырэлігійны музей), у тым ліку два вагоны з 92 скрынямі з дакументамі і кнігамі з бібліятэкі пінскай духоўнай семінарыі, што размяшчалася ў былым кляштары францішканцаў (будынак захаваўся да нашых дзён). Такім чынам, маршрут спадчыны з Пінска ў Санкт-Пецярбург ішоў праз Маскву.

Томаш Якубоўскі ўдакладняе, што ў Дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі ў Санкт-Пецярбургу захоўваюцца матэрыялы не толькі з Пінска.

Томаш Якубоўскі:У Санкт-Пецярбургу знаходзіцца Акадэмія навук, розныя бібліятэкі. І калі там знаходзілі нешта польскае, звязанае з рэлігіяй, то перадавалі гэта Музею гісторыі рэлігіі, пазбываючыся непатрэбных прадметаў.

У Дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі ў Санкт-Пецярбургу сярод матэрыялаў мы сустракаем, напрыклад, дакументы Вацлава Жылінскага (1803-1863). У 1820-я гг. ён служыў у Мінску: дэканам кафедральнага касцёла, выкладчыкам духоўнай семінарыі, а таксама пробашчам у Івянцы. У 1829 г. ён выехаў у Санкт-Пецярбург. З 1832 г. працаваў у Вільні, а з 1848 г. з'яўляўся віленскім біскупам. У 1856 г. папа рымскі Пій IX пагадзіўся з пажаданнем расійскага імператара Аляксандра II прызначыць Жылінскага арцыбіскупам Магілёўскім (з сядзібай у Санкт-Пецярбургу).

Томаш Якубоўскі расказвае, што яшчэ яму ўдалося выявіць у Дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі ў Санкт-Пецярбургу.

Томаш Якубоўскі:Там таксама захоўваюцца калекцыі жывапісу, нумізматыкі. Таксама там вялікая калекцыя кніг. І былі намеры апрацаваць збор кніг. Аднак вайна абрэзала тыя кантакты, якія неабходны, каб заняцца гэтай работай — паехаць туды.

Дырэктар Нацыянальнага інстытута польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika Дарота Янішэўская-Якубяк адзначае, што далейшыя пошукі польскай культурнай спадчыны ў расійскіх музеях і архівах прывялі б да новых адкрыццяў. Аднак ваенная рэчаіснасць дыктуе свае ўмовы.

Дарота Янішэўская-Якубяк: — На жаль, мы апасаемся, што расійскія музеі і архівы, якія неабходны для правядзення даследаванняў, звязаных з польскай культурнай спадчынай ва Усходняй Еўропе, могуць быць закрыты для нас на доўгі час. Тое ж датычыць і Беларусі.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Ад Гродна і Саколкі да Случы і Украіны: падарожжа ў Рэч Паспалітую з Ёганам Генрыхам Мюнцам

16.02.2023 15:49
Нацыянальны інстытут польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika выдаў альбом Podróże malownicze przez Polskę 1780-1784: малюнкі Ёгана Генрыха Мюнца канца XVIII ст.