На гэтыя пытанні адказвалі журналісты, якія займаюцца музычнай тэматыкай.
На думку журналісткі Радыя Унэт, Радыя Рацыі, вядучай музычных імпрэз Марыны Савіцкай, музычная журналістыка патрэбная. Пасля 2020 году яна крыху памянялася, бо стала больш раздробленай:
-Раней мы ўсе ведалі, што калі патрэбная інфа, то трэба ісці на experty.by, tuzin.fm, Еўрарадыё, Радыё Сталіца. Гэта калі казаць да 2020 году і крыху раней. То цяпер з’явілася шмат асабістых, персаналізаваных праектаў. Крута, што ў кожнага з іх ёсць сваё меркаванне. Таму галіна развіваецца, ідзе сваім шляхам.
На думку стваральнік тг-праекта “Клік” Мікіты Абрамчыка, музычная тэма актуальная як ніколі, асабліва ў эміграцыі. Музычныя імпрэзы – гэта кропка прыцягнення беларусаў, якія выехалі з Беларусі:
-Палітычныя мерапрыемствы не збіраюць столькі людзей, колькі канцэрты. Плюс гэта цікава людзям, якія выйшлі з палітычнай павесткі, магчыма расчараваліся ў некаторых героях. Бачна, што людзям хочацца пераключыцца і адзін з інструментаў – гэта музыка. Аб зацікаўленні музыкай можа сведчыць папулярнасць многіх каналаў. Яшчэ год таму не было нічога, у прыватнасці ў Тэлеграме. Цяпер ёсць 4-5 каналаў, якія прынамсі раз на тыдзень робяць пост пра беларускую музыку. Я думаю, што няма такога, што людзі не могуць жыць без беларускай музыкі, тым не менш у размовах тэма музыкі прысутнічае. Таму журналісты, якія пішуць пра музыку, могуць ствараць “ежу для абмеркавання”. Лічыцца, што гэта актуальна, як ніколі ў апошніх гадах.
Пытанне трэба задаць падвойнае: ці ёсць музыка, пра якую трэба пісаць, і ці ёсць людзі, якім патрэбная музычная аналітыка, якія хочуць разумець музыку на больш сур’ёзным узроўні, гаворыць галоўны рэдактар Еўрарадыё Павал Свярдлоў. І дадае, што абедзьве рэчы прысутныя:
-Па-ранейшаму, ёсць людзі, для якіх музыка - гэта нешта больш глыбокае, чым дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Яны з’яўляюцца спажыўцамі таго, што цяпер перацякло ў тг-каналы з вялікіх сайтаў. І гэта зручна, бо вялікія сайты пісалі пра ўсю музыку адразу, а ў Тэлеграме можна знайсці канал, які цябе цікавіць і чытаць тое, што ты хочаш чытаць. З іншага боку, бачна, што пакаленне, дзеля якога мы рабілі музычную журналістыку, сышло. Мне здаецца таму, што яно ўжо ўсё разумее.
Музычная журналістыка як была запатрабаваная, так такой і застаецца. Іншая справа, што за апошнія гады яна дэфармавалася, гаворыць журналіст Аляксандр Чарнуха, аўтар YouTube-канала “Міністэрства сепультуры” і тг-канала “Беларуская музыка”. На яго думку, музычная журналістыка цяпер адкрывае беларускай аўдыторыі беларускіх артыстаў. Прычым шмат каго адкрываюць нанова.
-Яны не ведалі пра іх. Мы пра іх пішам. Журналістам, які шмат гадоў займаюцца тэмай, часамі так маюць: ім падаецца, што нічога новага ўжо не напішаш. Пісаць дзясяты раз адно і тое ж – гэта для журналіста прафесійнае выгаранне. Трэба, каб новыя людзі прыходзілі ў гэтыю сферу і нанова адкрывалі для сябе старых артыстаў і пісалі пра іх. Гэта пераемнасць пакаленняў. Гэта тое, праз што беларуская музычная журналістыка можа і будзе запатрабаванай.
2020 год змяніў не толькі палітычную і грамадскую журналістыку, але і музычную. Цяпер галоўнай крыніцай ведаў пра беларускуб музыку з’яўляюцца тг і youtube-каналы. Музычная журналістыка нікуды не знікла, яна надалей ёсць і надалей развіваецца.
ав
слухайце аўдыё