Беларуская Служба

Пазл «Бітва пад Воршай» і «Беларускі народны соннік» паявіліся ў выдавецтве «Гутэнберг»

27.04.2023 16:32
Еўрапейскае беларускае выдавецтва «Гутэнберг» адкрыла сваю старонку-краму, якая найперш прысвечана кнігам і настольным гульням па-беларуску. Офіс выдавецтва таксама будзе месцам правядзення культурніцкіх імпрэз.
Аўдыё
  • Пазл «Бітва пад Воршай» і «Беларускі народны соннік» паявіліся ў выдавецтве «Гутэнберг»
Пазл «Бітва пад Воршай»фота: выдавецтва «Гутэнберг»

«Гутэнберг» наладзіў дзейнасць у Польшчы, у Кракаве. У жыцці выдавецтва пачаўся новы этап: пачала працу інтэрнэт-старонка, яна ж інтэрнэт-крама, якая найперш прысвечана кнігам і настольным гульням па-беларуску. Галоўная рэдактарка, заснавальніца Валянціна Андрэева гаворыць, што гэта важны арганізацыйны крок, але самым важным з’яўляецца друк першых масавых выданняў: пазл «Бітва пад Воршай» і «Беларускі народны соннік».

-Настольныя гульні і пазлы – гэта тое, чаго хочуць беларусы. Гэта тое, што лёгка карыстаць, не патрабуе вялікай разумовай працы ў сваім выкарыстанні. У беларусаў няпросты час, усім патрэбны адпачынак і пазітыйныя эмоцыі. Іх крыніцу мы бачым у настольных гульнях і пазлах. Пазлы мы выпусцілі, бо гэта было танней, і мы хутчэй знайшлі інвестыцыі. У нас падрыхтаваныя дзве настольныя гульні, але інвестыцыі на іх мы яшчэ шукаем. Нам хочацца, каб гэта быў важны кірунак працы выдавецтва. Калі казаць пра «Беларускі народны соннік», то ў першую чаргу гэта навуковае выданне. Яно расказвае пра філасофію сну, пра прычыны і правілы, па якіх аповеды пра сон уваходзяць у фальклор, пра методыку вывучэння апісання сноў. Пры тым у кнізе больш за 2 тысячы тлумачэнняў сноў, варожбаў на сон, спосабаў закладання на сон, якія праўдзяць. Гэта надзвычай цікавы пласт нашай беларускай культуры.


Валянціна Андрэева Валянціна Андрэева

У выдавецтва ёсць адукацыйны кампанент. У прасторы «Гутэнберга» будуць праходзіць лекцыі і сустрэчы, прысвечаныя тэмам гісторыі і літаратуры.

Валянціна Андрэева з вялікім энтузіязмам падыходзіць да працы выдавецтва. Гэта праца на гады, на перспектыву, гаворыць яна:

-Я займаюся з ёй вялікім натхненнем і захапленнем па той прычыне, што я тут не баюся гэтым займацца. Я даўно хацела рабіць нейкі падобны праект. Мы рабілі намаганні ў Беларусі, але кожны раз гэта сутыкалася з праблемамі ці то эканамічнымі, ці то палітычнымі. Цяпер я з вялікім натхненнем займаюся стварэннем новага асяроддзя, выдавецтва для Беларусаў. Цяпер у Польшчы некалькі дзясяткаў тысяч беларусаў. Для мяне гэтай колькасці дастаткова. Калі мне ўдасца даносіць свае думкі і праекты да беларусаў за мяжой, то гэта ўжо неймаверна высокая планка. Мы таксама не абмяжоўваемся ад беларусаў у Беларусі. Цяпер усё ў інтэрнэце, можна купіць аўдыёкнігу, можна кнігу замовіць поштай. Цяпер можна працаваць у любой кропцы зямнога шару. Галоўнае рабіць тое, што людзям патрэбна, што сапраўды ў іх адгукаецца.

Дастаўку выдавецтва робіць па ўсім свеце, у тым ліку ў Беларусь.

Выдавецтвы «Гутэнберга» можна знайсці па адрасе: gutenbergpublisher.eu і ў сацсетках.

слухайце аўдыё