Беларуская Служба

Украінскі журналіст апублікаваў дадзеныя пра дэзерціраў — тысячы ўцякаюць, ніхто іх не шукае

10.07.2025 12:07
Больш за 107 тысяч крымінальных спраў аб дэзерцірстве за шэсць месяцаў. Афіцыйна. Толькі 1,7% дэзерціраў вярнуліся ў падраздзяленні. Астатнія зніклі, і ніхто іх не шукае.
Украінскія артылерысты на баявой пазіцыі фота: Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны

Як адзначае ўкраінскі журналіст і ветэран Уладзімір Бойка, сённяшняя ўкраінская армія – гэта галоўным чынам лічбавая ілюзія, дзе салдаты існуюць толькі на паперы, а камандзіры ўжо нават не спрабуюць паведамляць пра выпадкі дэзерцірства.

Статыстыка не хлусіць: 230 тысяч дэзерціраў з пачатку вайны

Паводле дадзеных, прадстаўленых Уладзімірам Бойкам, з пачатку расійскага ўварвання ў 2022 годзе ва ўкраінскіх следчых органах зарэгістравана 230 804 справы, якія тычацца дэзерцірства або самавольнага пакідання месца службы. Толькі ў першай палове 2025 года ў рэестр трапілі 107 672 новыя выпадкі. Для параўнання: у студзені 2025 года зафіксавана 18 145 такіх выпадкаў, у лютым 17 809, у сакавіку 16 349, у красавіку 18 331, у маі ажно 19 956, а ў чэрвені 17 082. Такі ўзровень дэзерцірства не толькі падрывае маральны дух узброеных сіл, але і рэальна аслабляе абаронныя здольнасці Украіны. У рэчаіснасці армія скарачаецца: колькасць салдат змяншаецца хутчэй, чым дзяржава здольная іх замяніць.

Справы замятаюцца пад дыван: ніхто не пераследуе, ніхто не судзіць

Хоць лічбы ўражваюць, рэакцыя дзяржавы аказваецца амаль цалкам пасіўнай. Усяго ў 3,3% выпадкаў у першым паўгоддзі гэтага года былі выстаўленыя абвінавачванні, а толькі 1% спраў трапіў у суд з абвінаваўчым актам. Астатняя дакументацыя захоўваецца ў архівах – практычна некранутая. Як піша Бойка, рэальныя расследаванні не маюць шанцаў адбыцца з-за недахопу кадраў і адсутнасці палітычнай волі. Больш за тое, навацыя закона аб вайсковым абавязку ад красавіка 2025 года яшчэ больш паглыбіла праблему. Раней дэзерцір аўтаматычна выдаляўся з уліку і пераставаў быць фармальна салдатам. Цяпер, нават калі ён уцёк, ён усё яшчэ лічыцца актыўным вайскоўцам у статыстыцы. Дзякуючы гэтаму на паперы ўсё выглядае добра, але ў рэчаіснасці падраздзяленні пустуюць.

Хто ваюе?

Украінскі журналіст не хавае расчаравання і ў сваім допісе ў Telegram падкрэслівае, што на лініі фронту цяпер знаходзіцца ўсяго 30-50 тысяч салдат, галоўным чынам аператараў дронаў. Пяхота, найважнейшы сегмент арміі, проста знікла. У яго словах адчуваецца горыч, бо сам ён служыў і скончыў вайсковую кар'еру толькі па дасягненні гранічнага ўзросту. Уладзімір, верагодна, перабольшвае, але нядаўна было шмат паведамленняў пра заняцце расіянамі практычна неабароненых украінскай арміяй умацаванняў.

Як адзначае ўкраінскі журналіст, большасць салдат ніколі не трапляе на фронт – яны ўцякаюць ужо на этапе навучання або падчас транспарціроўкі ў баявыя падраздзяленні. Часам узнікае сітуацыя, калі салдаты ўнесеныя ў сістэму, але ў рэчаіснасці не нясуць ніякай службы.

Салдаты-знакамітасці: войска напаказ

Адным з найбольш эмацыйных фрагментаў допісу Бойкі зʼяўляецца апісанне ўкраінскіх салдат-знакамітасцяў. Журналіст не хавае праўды, піша наўпрост пра крывадушнасць эліты, якая пазбягае рэальнай службы, але фармальна лічыцца вайскоўцамі. Згадвае, між іншым, украінскіх палітыкаў і артыстаў, якія фармальна зʼяўляюцца салдатамі. Тым часам такія людзі з украінскіх першых старонак медыя забаўляюцца, канцэртуюць, ездзяць па свеце, а ў гэты час звычайныя прызыўнікі гінуць у акопах.

Бойка не хавае, што гэтая сітуацыя яго раздражняе і баліць. Яго допіс – гэта не толькі аналіз дадзеных, але поўны эмоцый пратэст супраць «фіктыўнай арміі», якая існуе галоўным чынам у дакументах і медыя-паведамленнях. На яго думку, ніхто не хоча паміраць, каб яго камандзір-знакамітасць граў DJ-сэт у начным клубе (тут гаворка пра канкрэтны выпадак украінскага палітыка ці артыста) альбо купляў кватэры за мяжой.

Ліквідавана ваенная пракуратура, нулявы кантроль

Адной з прычын поўнага распаду дысцыпліны і законнасці ў войску Бойка бачыць у рашэнні 2019 года аб ліквідацыі ваеннай пракуратуры. З таго часу адсутнічае інстытут, які мог бы эфектыўна кантраляваць выкананне закона ў арміі, што прыводзіць да ўсё большай сваволі. Гэта таксама прычына, па якой камандзіры часта ўвогуле не спрабуюць паведамляць пра дэзерцірства. Навошта ім змагацца з цывільнай бюракратыяй, калі салдат і так лічыцца на ўліку, а яго фізічная прысутнасць ужо нікога не цікавіць?

У сваім аналізе Уладзімір Бойка робіць высновы, што без пяхоты Украіна не мае як абараняцца. Нават лепш за ўсіх падрыхтаваныя аператары дронаў не заменяць сотняў тысяч салдат, неабходных для ўтрымання лініі фронту. Больш за тое – прававая і арганізацыйная сітуацыя прыводзіць да паглыблення хаосу.

Паводле forsal.pl/вх