У суботу, 13 траўня ў Варшаве ў 19-ы раз адбудзецца незвычайная культурная імпрэза – Ноч Музеяў. У суботні вечар і да самай позняй ночы варшавякі і госці польскай сталіцы маюць магчымасць прыяднацца да высокага мастацтва, наведаць разнастайныя музеі, дзяржаўныя ўстановы, а таксама пападарожнічаць у часе на рэтра аўтобусах і трамваях, якія выедуць на вуліцы польскай сталіцы. На варшаўскай Ночы музеяў прадстаўлены 270 цікавых і непаўторных прапановаў, большасць з якіх – бясплатныя.
На культурнай мапе Варшавы ўжо на працягу 160 гадоў пачэснае месца займае Нацыянальны музей – гэта адзін з найбуйнейшых музеяў у Польшчы і найбуйнейшы ў Варшаве. Ноч музеяў – выдатная нагода, каб занурыцца ў гэту незвычайную прастору, кажа адзін з куратараў Нацыянальнага музею ў Варшаве Пётр Чыж:
-У ноч музеяў Нацыянальны музей у Варшаве запрашае на нядаўна адкрытую выставу «MNW kolekcjonuje», дзе сабраныя самыя цікавыя набыцці музею за апошнія шэсць гадоў. На гэтай выставе можна будзе пабачыць больш за 120 работ, якія былі абраныя куратарамі 10 музейных аддзяленняў і калекцый. Выстава вельмі разнастайная, яна прадстаўляе розныя культуры, эпохі, стылі і жанры мастацтва.
Магчыма самым цікавых для нашых гасцей будуць 14 рысункаў Марка Шагала, якія былі набытыя Нацыянальным музеем у 2020 годзе. Гэтыя рысункі складваюцца ў асобны мікракосмас, які адлюстроўвае рэлігійныя матывы пераплеценыя з дзіцячымі перажываннямі Шагала, аздобленымі прыгажосцю натуры.
Апроч гэтага можна будзе ўбачыць пастэль Станіслава Выспяньскага, якія ўпершыню знаходзяцца ў нашым музеі. Асобнай увагі заслугоўвае калекцыя фатаграфій, напрыклад, рэдкія і вельмі каштоўныя фотаздымкі з вядомага парыжскага фотаатэлье «Надара».
Таксама хочам прадэманстраваць творчасць сучасных мастачак, якія дэбютавалі ў 1970-ых гадах. Гаворка ідзе пра Ізабэлу Густоўскую, Тэрэзу Морак і Зоф’ю Кулік. На нашай спецыяльнай выставе добра прадстаўлена Калекцыя скульптуры Нацыянальнага музею ў Варшаве, узбагачаная творамі сучасных мастакоў, напрыклад, Ежы Бэрася і Зузаны Янін. Як бачым у выпадку скульптуры і жывапісу выстава вельмі разнастайная і насычаная.
Як вы ўжо напэўна пераканаліся, выстава падрыхтаваная для Ночы музеяў вельмі багатая, у нашых гасцей ёсць магчымасць азнаёміцца і з унікальнымі творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва дызайну, арыентальных мастацтваў, а таксама з экспанатам Музею плакатаў. Напрыклад, дэсертны сервіз, выраблены ў Каралеўскай парцалянавай мануфактуры ў Майсэне, альбо кунтушавы пояс, выраблены ў Гарадзенскай каралеўскай мануфактуры па вырабу шоўку. Апроч гэтага розныя крэслы і зэдлікі, створаныя польскімі дызайнерамі, такімі як Мар’я Ганшынец, Крысціян Кавальскі і калектыў «Томандо» – прыклады сучаснага польскага дызайну. Таксама прадстаўляем нашу калекцыю арыенталізму. Напрыклад, прадметы вырабленыя з жадэіту, які ў Кітаі называецца «каменем неба». Гэта ўнікальныя, часта вельмі малыя прадметы, якімі карысталіся старажытныя кітайскія вучоныя.
Апроч гэтага, у Ноч музеяў Нацыянальны музей у Варшаве адкрывае ўсе свае галерэі. Можна будзе пабачыць творы старажытнага, сярэднявечнага мастацтва, выдатную Галерэю польскага жывапісу ХІХ стагоддзя, ці Галерэю сучаснага польскага дызайну і г. д.
Сардэчна запрашаем усіх ахвотных наведаць Нацыянальны музей у Варшаве 13 траўня з 19 па 1 гадзіну ночы. Апошняя група запускаецца апоўначы.
Слухайце аўдыё!
эж