Беларуская Служба

Кракаў прымае Сусветны кангрэс Каперніка

24.05.2023 14:10
Сёння выпадае 480-годдзе з дня смерці выдатнага астранома.
Кракаў прымае Сусветны кангрэс КапернікаPAP/Art Service

На Сусветны кангрэс Каперніка у Кракаў прыехалі навукоўцы сусветнага ўзроўню з Польшчы і з-за мяжы: антраполагі, тэолагі, філосафы, касмолагі, матэматыкі і эканамісты. Цягам трох бліжэйшых дзён яны будуць сустракацца і размаўляць у рамках кракаўскай часткі Сусветнага кангрэса Каперніка, паведамляе рэгіянальная штодзёнка Gazeta Krakowska.

Галоўнымі тэмамі дэбатаў будуць інтэлектуальная спадчына Мікалая Каперніка і яго манетарная канцэпцыя. Кангрэс праходзіць у памяшканнях Ягелонскага ўніверсітэта. Удзел у ім бясплатны, але неабходная рэгістрацыя.

Удзельнікі кангрэса з секцыі філасофіі абмяркуюць, між іншым, рэвалюцыю ў навуцы і ўплыў Каперніка на навукова-папулярны вобраз свету. У эканамічнай секцыі зоймуцца грашовай рэформай Мікалая Каперніка, якая ў прыватнасці стане натхненнем для дыскусіі пра сучаснасць і будучыню манетарнай палітыкі. У ёй возьмуць удзел навукоўцы, эканамісты-практыкі і прадстаўнікі найважнейшых фінансавых інстытутаў.

Газета нагадвае, што Сусветны кангрэс Каперніка быў арганізаваны ў сувязі з 550-годдзем з дня нараджэння астранома, урачыстае адкрыццё якога адбылося 19 лютага ў Торуні – у дзень нараджэння Мікалая Каперніка.

У сваю чаргу пачатак дэбатаў у Кракаве прыпадае на 480-годдзе з дня смерці астранома. У рамках кангрэса навукоўцы сустрэнуцца з 21 па 24 чэрвеня ў Ольштыне і з 12 па 15 верасня ў Торуні.
Дэбаты ў Ольштыне будуць прысвечаны біяграфіі Мікалая Каперніка з улікам яго адукацыі і «вармінскага перыяду». Торуньская частка збярэ культуролагаў, літаратуразнаўцаў і мастацтвазнаўцаў, гісторыкаў астраноміі і медыцынскіх навук.

аз