Беларуская Служба

Удумлівае ўсведамленне перспектывы беларускай культуры ў эміграцыі і ўдома

06.06.2023 18:00
Эміграцыя – добры шанец не толькі беларусам лепей пазнаёміцца з палякамі і іх культурай, і ўзяць нешта для сябе, але і для палякаў шанец больш пазнаёміцца з беларусамі і іх культурай.
         . , 3  2023 .
Віла Дэц'юша стала пляцоўкай для Дзён салідарнасці «Культура ў эміграцыі». Кракаў, 3 чэрвеня 2023 года.Казімір Шчадковіч

Культура ў эміграцыі – двухдзённая імпрэза, якая праходзіла ў Кракаве ў гістарычнай Віле Дэц’юша. Імпрэза стала пляцоўкай для ўдумлівага ўсведамлення таго, у якім стане зараз находзіцца беларуская культура і літаратура, якія пацярпелі і яшчэ церпяць вялікі палітычны пераслед. Як заставацца беларусамі, жывучы за мяжой, і галоўнае, дзе знаходзіць сілы, каб працягваць тварыць? На гэтыя пытанні таксама шукалі адказ удзельнікі імпрэзы. 

Кракаўская імпрэза «Культура ў эміграцыі», што праходзіла 3 і 4 чэрвеня, мела і падназву – Дні салідарнасці. Тут падвойны сэнс. 4 чэрвеня 1989 года ў Польшчы прайшлі першыя выбары з удзелам апазіцыйных камуністычнаму рэжыму палітычных сілаў. А сёлета гэты дзень стаў адным з днём салідарнасці палякаў з Беларусамі. Абодва народы звязвае агульнае мінулае, і агульная будучыня, упэўнены кіраўніка замежнай службы МЗС Польшчы амбасадар Аркадзі Жэгоцкі.

– Сапраўды Беларусь ёсць у сэрцы кожнага паляка. Таму і так моцна стараемся, каб свет не толькі бачыў, што робіцца ў Беларусі, але і каб Беларусь ішла да зменаў у бок свабоды і дэмакратыі. Гэтак жа як ўдалося нам пераканаць свет, што няма вольнай Еўропы без вольнай Польшчы, гэтак жа мы сёння перакананыя, што няма вольнай Еўропы без вольнай і дэмакратычнай Беларусі.

Амбасадар Аркадзі Жэгоцкі вітае ўдзельнікаў Дзён салідарнасці «Культура ў міграцыі». Кракаў, Віла Дэцʼюша, 4 чэрвеня 2023 года. Амбасадар Аркадзі Жэгоцкі вітае ўдзельнікаў Дзён салідарнасці «Культура ў эміграцыі». Кракаў, Віла Дэцʼюша, 4 чэрвеня 2023 года.

Пры падтрымцы польскага МЗС Віла Дэц’юша і яе гаспадыня Дамініка Каспровіч шчыра вітала ў дні імпрэзы мноства беларусаў з Кракава іншых месцаў Польшчы.

 Многія беларусы сёння жывуць, тут, у Кракаве, – казала Дамініка Каспровіч, – хачу каб разам з украінцамі, і прадстаўнікамі многіх іншых народаў, якія сёння жывуць у гэтым гістарычным горадзе, вы адчувалі сябе кракавякамі, былі часткай супольнасці, і тварылі, славячы і сваю гістарычную Радзіму, і гэта новае месца, дзе вы знайшлі прытулак.

І сапраўды, на Віле Дэц’юша ў гэтыя два дні беларусы не тое каб гаравалі, хоць і было багата трагічных нотак і ўспамінаў, але перш спрабавалі ўсвядоміць, што рабіць далей, як захаваць сваю самабытнасць, дзе знаходзіць натхненне. Жыццё ў іншай краіне ставіць чалавека перад пытаннем як інтэгравацца ў новае грамадства і разам з тым не страціць сябе. Свой адказ на гэтыя пытанні мае адзін з удзельнікаў кракаўскай імпрэзы, знакаміты беларускі паэт Уладзімір Някляеў. Ён кажа, што верыць у моц беларускіх каранёў, якія абавязкова праб’юцца ў любой краіне.

– Рана ці позна гэта пачынае прабівацца. Скажу са свайго вялікага досведу – бываў у Амерыцы, Нямеччыне іншых краінах – гэта пачынае прабівацца. Сустракаешся з сямʼёй, і пачынаецца сакральнае – а вось мы з-пад Баранавічаў, мы з пад Ашмянаў, мы яшчэ аднекуль. Найперш пачынаецца з сябе праз культуру, праз чытанку, праз слуханне песень. І ўсё пачынаецца ў сям’і, бо ўсё захоўваецца ў сям’і.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў падпісвае кнігі чытачам падчас Дзён салідарнасці «Культура ў міграцыі». Кракаў, Віла Дэцʼюша, 4 чэрвеня 2023 года. Пісьменнік Уладзімір Арлоў падпісвае кнігі чытачам падчас Дзён салідарнасці «Культура ў эміграцыі». Кракаў, Віла Дэцʼюша, 4 чэрвеня 2023 года.

Многія ўдзельнікі імпрэзы, як прадстаўніца Аб’яднагага пераходнага кабінету Аліна Коўшык, казалі і пра тое, што беларуская культура развіваецца і ўдома. Можа ў падполлі, можа ва унутранай эміграцыі, можа тоячыся, каб не справакаваць чарговы ціск з боку ўладаў, але многія творцы свядома застаюцца ў Беларусі, каб мець магчымасць падсілкоўваць сваю творчасць ад уласнага народу. І гэта выбар, якія заслухоўвае падзякі і ўхвалення, хоць і не просты выбар у сённяшніх умовах.

Лейдматывам усёй імпрэзы ў Кракаве, усе два дні былі палітвязні. Па дадзеных праваабаронцаў зараз у Беларусі афіцыйны прызнаныя праваабаронцамі больш за 1500 чалавек. Іх больш на самай справе, бо бывае вязні ці іх сваякі не хочуць каб пра іх ведалі, каб не ўзнікла яшчэ большых праблем. З палітвязняў не менш за 132 дзеячы культуры і не менш за 31 – чалавек слова. З улікам тых, хто адбыў адміністрацыйныя арышты – агульная лічба рэпрэсаваных перавышае 40 тысяч чалавек. Каля трыццаці чалавек знаходзяцца ў вязніцах і двойчы, і тройчы. І многім з іх не даходзяць лісты. Хіба толькі ад сваіх. Напрыклад, набэлянт, праваабаронца Алесь Бяляцкі атрымоўвае зрэдку лісты толькі ад сваёй жонкі Наталлі Пінчук. Аднак трэба каб ім пісалі як мага больш людзей, нават калі лісты не даходзяць, лічыць праваабаронца цэнтру «Вясна» Алена Лапцёнак.

– Але тым не менш калі мы пішам гэтыя паштоўкі, то мы даем сігнал уладам, што яны паводзяць сябе па скоцку з людзьмі, мы аказваем супраціў. Вы зачыняеце дзверы, але мы грукаемся ў гэтыя дзверы, мы пішам людзям, якім вы не аддаяце паштоўкі.

Афіша Дзён салідарнасці «Культура ў міграцыі». Кракаў, Віла Дэцʼюша, 4 чэрвеня 2023 года. Афіша Дзён салідарнасці «Культура ў эміграцыі». Кракаў, Віла Дэцʼюша, 4 чэрвеня 2023 года.

Прама перад уваходам у Вілу Дэц’юша беларуская дыяспара Кракава зрабіла выставу партрэтаў палітвязняў, выставіўшы іх на вуліцы. Падчас імпрэзы была магчымасць кожнаму падпісаць паштоўку, і не адну, якія потым за кошт арганізатараў імпрэзы паляцяць у Беларусь, у вязніцы. Удзел у гэтай часткі імпрэзы прыняла і лідарка беларукіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская, якая спачатку выступіла на імпрэзе з прамовай пра культурны супраціў і творцаў эміграцыі, а потым пад вечар прыехала на імпрэзу ў другі раз, каб падпісаць паштоўкі палітвязням. Вось што Ціханоўская сказала з гэтай нагоды:

– У нас ужо даўно няма звестак пра Віктара Бабарыку, пра Максіма Знака, пра Марыну Калеснікаву, Ігара Лосіка. Зараз рэжым будуе вакол іх такі мур маўчання, ён ізалюе іх. І вось кожны ліст, кожная паштоўка, якія людзі адпраўляюць палітзняволеным, гэта такая маленькая кропелька, якая павінна гэтую сцяну разбурыць.

Хочацца сказаць і некалькі слоў пра кніжны кірмаш пад час Дзён салідарнасці «Культура ў эміграцыі». Выдавецтвы «Янушкевіч», «Гутэнберг», Камунікат, польскае выдавецтва «Пагранічча» прывезлі сапраўднае багацце. Кніг было мноства – знакамітых і яшчэ не беларускіх аўтараў, мноства кніжак для дзяцей, настольныя гульні, гістарычныя карты. А пераклады беларускіх аўтараў на польскую мову можна было і набыць і паслухаць. Як сказаў адзін з удзельнікаў імпрэзы, цяпер ёсць добры шанец не толькі беларусам лепей пазнаёміцца з палякамі і іх культурай, і ўзяць нешта для сябе, але і для палякаў шанец больш пазнаёміцца з беларусамі і іх культурай.

Казімір Шчадковіч