Кніжны кірмаш у Кракаве праходзіў на той жа самай Віле Дэц’юша ў рамках Дзён салідарнасці «Культура ў эміграцыі», пра якія мы расказвалі раней. Ён меў сваю адметную праграму. У той час як у канферэнц-зале праходзілі дыскусіі пра сучаснасць і будучыню беларускай культуры, адбываліся сустрэчы са знакамітымі пісьменнікамі і беларускімі палітыкамі, на кніжным кірмашы можна было пабачыць матэрыяльнае ўвасабленне беларускай культуры – кнігі на беларускай мове.
Выдавец Андрэй Янушкевіч расказаў вашаму карэспандэнту, што вымушана з’ехаўшы з Беларусі год год таму меў пэўныя страхі. Задаўся пытаннем, а ці будзе попыт на беларускую кнігу? Бо выдавецкая справа – гэта бізнес. Калі няма чытачоў, няма пакупнікоў, калі кнігі не будуць купляць, то і няма сэнсу іх выдаваць. Без продажаў выдавецтва не можа існаваць, бо выданне кнігі – вынік працы вялікай колькасці спецыялістаў. Але страхі развеяліся, чытацкі попыт ёсць, – расказаў Янушкевіч.
– Адказ быў станоўчы, і па крысе як мы выдавалі новыя кнігі, мы бачылі што гэтая аўдыторыя толькі прырастае. Калі глядзець на нашу дзейнасць без пафасу, як на эканамічную з’яву, то мы ўстойліва стаім на нагах, разумеем, куды рухаемся, маем запатрабаванне на сваю працу.
На кірмашы было шмат беларускіх выданняў і выдавецтваў.
Андрэй Янушкевіч паведаміў, што адчыніць бізнес наноў, у Польшчы аказалася не так і цяжка, хаця адрозніваецца заканадаўства. Але тут не трэба ліцэнзіі, а развітая сістэма маркет-плэйсаў дапамагла хутка знайсці свайго чытача, якія гатовы набываць беларускія кнігі. Выдавец лічыць, што інтэрнэт увогуле спрыяе сёння распаўсюджванню твораў беларускай культуры. Для захавання ўласнай ідэнтычнасці беларусам патрэбны ўсе прадукты сучаснай культуры – тэлебачанне, кіно, музыка, кнігі, бо інакш будуць спажываць кантэнт на іншых мовах і ідэнтычнасць будзе размывацца, лічыць Янушкевіч.
– Зараз вялікая патрэба на гэты свой кантэнт. Таму пісьменнікі, журналісты, усе творцы, зараз павінны не сядзець склаўшы рукі, а працаваць, працаваць і працаваць. Бо Беларусь яшчэ не мела такога прыдатнага часу.
На стэндзе выдавецтва Gutenberg можна было сваімі рукамі надрукаваць гравюру з выявай старажытнага Кракава.
Калісьці Менску існаваў цікавы праект imago.by, выдавалі старадаўнія карты, гравюры, займаліся перакладамі. Аднак і ім прыйшлося з’ехаць з Беларусі па пэўных прычынах. Цяпер яны знайшліся ў Кракаве, дзе заснавалі новае беларускае выдавецтва Gutenberg, і пачалі выдаваць кнігі не толькі па картаграфіі, а і на іншыя цікавыя тэмы. Справы ідуць бадзёра, расказала рэдактарка выдавецтва Gutenberg Валянціна Андрэева.
– Справы рухаюцца добра, ужо выдалі кніжку, выдалі пазл, выдалі настольную гульню «Я ніколі не», і раза ў чаканні выхаду яшчэ двух кніжак і ў пошуку інвестыцыяў для яшчэ адной цікавай настолкі «Шляхта».
Па словах Валянціны, на новым месцы выдавецтва стала больш глядзець не толькі на тых беларусаў, якія цікавяцца картамі, але даць нешта ўсім беларусам. Бо, кажа Андрэева, беларусам зараз патрэбна маральная падтрымка, нешта вясёлае і пазітыўнае. Таму выдавецтва развівае кірунак настольных гульняў.
– Цяпер мы здалі ў друк гульню «Я ніколі не», яна вельмі вясёлая і пазітыўная. І мы спадзяёмся ў яе пагуляць у Кракаве на беларускім пікніку «Летуцень, які пройдзе ў кракаўскім парку Ярдана напрыканцы ліпеня. Другая настолка «Шляхта» таксама вельмі класная, з цудоўнымі малюнкамі майстэрні «Гуца Цуца». У нас чэшуцца рукі яе аддаць у друк, паказаць усім, якая яна прыгожая, як у яе весела гуляць. Але пакуль што не знайшлі інвестара на друк, таму яна трохі затрымліваецца, але спадзяемся што гэта справа пары тыдняў.
Пісьменнік Уладзімір Някляеў пасля творчай сустрэчы у Кракаве.
Дзед этнічнага беларуса з Падляшша Яраслава Іванюка сем разоў мяняў грамадзянства, не мяняючы месца жыхарства. Нарадзіўся ў Расейскай імперыі, а памёр у часы Польскай народнай рэспублікі. Гэта ілюстрацыя пра няпросты лёс беларусаў ва ўсе часы. Ну а сам Яраслаў больш за 20 гадоў развіваў у Польшчы беларускую інтэрнет-бібліятэку «Камунікат», дзе сабраныя больш за 50 тысячаў публікацыяў, электронных кніг, аўдыякніг, музычных твораў і відэафільмаў на беларускай мове. Пэўны час Іванюк нават прытрымліваўся лозунга «беражы лес, чытай электронныя кнігі». Але і «Камунікат» апошнім часам стаў выдаваць папяровыя кнігі. Бо гэта запатрабавана, кажа Яраслаў Іванюк.
– Я не думаў, што давядзецца мне выдаваць друкаваныя кнігі. Але заўсёды мне хацелася рабіць тое, што патрэбнае. Лічу што пасля 20 года папяровая кніга зрабілася запатрабаванай у эміграцыі як ніколі раней.
Першай кнігай «Камуніката» на паперы быў раман Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном». На сёння выдадзены паэтычны зборнік Ганны Янкуты «Канстытуцыя», за апошнія 10 месяцаў Іванюк з камандай выдаў і перавыдаў 10 кніг Уладзіміра Арлова. Супольна з Беларускай радай культуры выдадзены зборнік «Нерастраляныя», у якім змешчаны вершы і біяграфіі 17 беларускіх паэтаў, расстраляных НКВД у 1937 годзе ў Курапатах. Як адзначыў Яраслаў Іванюк, гэтыя ўсе кнігі запатрабаваныя як раз на паперы.
– Калі казаць пра беларускіх выдаўцоў, то мы якраз не канкурэнты, кожны займаецца нейкім асобным фрагментам гэтага выдавецкага рынку. Ёсць Андрэй Янушкевіч які выдае Альгерда Бахарэвіча і пераклады з замежных моваў. Ёсць выдавецтва Gutenberg, якое займаецца канкрэтнымі справамі. Шыкоўна выдадзены пазл «Бітва пад Воршай», не ведаю колькі трэба правесці вечароў, каб скласці гэты пазл. У палякаў ёсць пазл «Грунвальд», а ў нас вот «Ворша». Тут няма яшчэ выдавецтва «Вясна» з Прагі, няма выдавецтва «Скарына» з Лондану. Як бачыце, гэтых выдавецтваў становіцца ўсё больш.
Пісьменнік Уладзімір Арлоў сустрэўся з чытачамі.
Яраслаў Іванюк прывёў звесткі нядаўняга апытання, паводле якога толькі каля 15-16% беларускага рынку займаюць кнігі на лічбавых носьбітах. Апроч папяровых кніг і кніг для электронных прылад запатрабаваныя аўдыябукі. Таму трэба дзейнічаць комплексна, выдаваць кнгі ў розных фарматах, каб можна было і пачытаць у спакойнай абстаноўцы, і ў дарозе паслухаць у машыне, у ў беларускія настолкі пагуляць, каб заставацца як мага працяглы час у беларускім культурным кантэксце.
І Іванюк, і іншыя ўдзельнікі кірмашу адзначалі, што большасць наведвальнікаў кніжнага кірмашу на Віле Дэц’юша ў Кракаве – людзі ва ўзросце да 40 гадоў. Вельмі цікава, што менавіта гэта аўдыторыя пераважала і на нядаўнім кніжным кірмашы ў Варшаве. Іванюк успамінае, што быў вельмі ўражаны чэргамі.
– Да стэндаў беларускіх незалежных выдаўцоў стаялі вялізныя чэргі. Такія вялікія, што я не ведаю ці сам бы стаяў у такіх, каб набыць нейкую кнігу. А там стаялі ў асноўным маладыя людзі, што абнадзейвае, значыць ім беларуская кніга патрэбная.
Прэзентацыя кнігі «Алесь» пра Алеся Бяляцкага.
Цікавасць да кнігі на кірмашы ў Кракаве падмацоўвалі творчыя сустрэчы з Ганнай Янкутай, Уладзімірам Арловым, Уладзімірам Някляевым. Прайшлі прэзентацыі кнігі «Алесь» пра набэлянта і палітвязня Алеся Бяляцкага, была прэзентаваная кніга пра беларускі культурніцкі супраціў у 60-80-я гады мінулага стагоддзя ад Таццяны Астроўскай. Вельмі важна, што былі прадстаўлены і пераклады беларускіх аўтараў на польскую мову. Былі і двухмоўныя кнігі – адразу на польскай і беларускай – ад выдавецтва «Пагранічча». Як расказала прадстаўніца выдавецтва Агата Васілевска, пераклады – важны спосаб міжкультурнай камунікацыі.
– Гэта важны важны спосаб міжкультурнай камунікацыі. Нашы культуры досыць блізкія, і з размоваў бачна, што гэтыя кніжкі вельмі цікавыя для тых, хто жыве ў Польшчы, бо могуць адразу ўбачыць, як беларускія вершы выглядаюць у перакладзе, і нават папросту вычыць мову, ну і палякі могуць праз гэта убачыць, як беларусы бачаць свет, а беларусы могуць паглядзець як свет бачаць палякі.
Паводле Агаты Васілевскі, беларусы вельмі падобныя да палкаў украінцаў літоўцаў. Аднак заразa яны знаходзячцца ў жахлівай сітуацыі. І каю іх зразумець, патрэбна іх выслухаць і ўбачыць свет іх вачамі. І кніга для гэтага найлепшы інструмент.
Удзельнікі Дзён салідарнасці «Культура ў эміграцыі», Кракаў, 3-4 чэрвеня 2023 года.
Казімір Шчадковіч