Беларуская Служба

Экс-камандзір палка Каліноўскага пакінуў пасаду і заявіў, што падраздзяленне ўжо не з'яўляецца палком па колькасці

15.11.2025 15:15
Павел «Дзядзька» Шурмей пакінуў пасаду камандзіра палка Кастуся Каліноўскага (ПКК).
 .
Павел Шурмей. Фота: Полк Каліноўскага

У інтэрвʼю «Люстэрку» ён таксама прызнаў, што па колькасці байцоў падраздзяленне ўжо не адпавядае статусу палка. Цяпер кіраванне фармаваннем перайшло да калегіяльнага органа – Рады камандзіраў, а сам Шурмей будзе займацца палітычным прадстаўніцтвам.

На пытанне «Люстэрка», ці з'яўляецца ПКК палком па колькасці вайскоўцаў, якое можа складаць ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч чалавек, Павел Шурмей адказаў адмоўна.

– Я адкажу: не. І, калі ўжо вяртацца ў гісторыю, гэта (тое, што падраздзяленне назвалі палком. – Заўв. рэд.) была праца на перспектыву. Ну, як ёсць, так ёсць, – заявіў ён.

Павал Шурмей патлумачыў «Люстэрку», што пакінуў пасаду камандзіра ў межах структурных зменаў. Цяпер упраўленне палком ажыццяўляе Рада камандзіраў, якая, паводле яго слоў, існавала і раней, але цяпер яе роля стала публічнай.

– Рада – гэта ўсё камандзіры баявых падраздзяленняў. Некаторыя з іх – ветэраны, якія ваююць з самага пачатку [уварвання РФ], з 2022 года, – распавёў Шурмей.

Экс-камандзір таксама ўдакладніў, што сам у Раду не ўваходзіць, але выконвае ўсе яе рашэнні.

Па словах Шурмея, у кампетэнцыю Рады ўваходзяць грамадскія, адміністрацыйныя і лагістычныя пытанні, напрыклад, размеркаванне атрыманых рэсурсаў паміж падраздзяленнямі.

Пры гэтым Рада камандзіраў не аддае баявыя загады – гэта застаецца ў паўнамоцтвах украінскага ваеннага камандавання.

– Усе байцы ПКК – гэта байцы Сіл абароны Украіны. Зразумела, што мы ўсе служым у Інтэрнацыянальным легіёне Галоўнага ўпраўлення разведкі. І зразумела, што загад аддаецца камандзірам воінскай часці, у якой мы служым, – растлумачыў Шурмей.

Ён растлумачыў, што будзе займацца палітычным прадстаўніцтвам палка.

– Я не сышоў у нікуды. Стаў займацца іншым напрамкам працы, які нават Рада камандзіраў лічыць, магчыма, не менш важным, чым тая баявая праца, якую яны робяць. Гэта прадстаўляць увесь рух каліноўцаў. І ў тым выпадку, калі гэта неабходна, – палітычна, – распавёў Шурмей.

Нагадаем, 12 кастрычніка 2025 года полк Каліноўскага абʼявіў аб пераходзе да калегіяльнай мадэлі кіравання. У спецыяльным звароце, які тады зачытваў яшчэ ў статусе камандзіра Павел Шурмей, паведамлялася, што ўсе ключавыя рашэнні ў падраздзяленні зараз будзе прымаць Рада камандзіраў.

Тады ж было абвешчана аб стварэнні ветэранскага руху «Каліноўцы» ў фармаце грамадскай арганізацыі, якую прадставіў Ян Мельнікаў, і аб актывізацыі палітычнай дзейнасці. Часовым прадстаўніком гэтага напрамку стаў сам Павел Шурмей.

вх