У Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве праходзіць тыдзень беларускай культуры, цягам якога адбываюцца выступленні беларускіх музычных груп, выканаўцаў класічнай музыкі, народных і мадэрновых танцавальных калектываў, адбываюцца цікавыя імпрэзы. У сераду 5 ліпеня была паказана мультымедыйная праграма «Падарожжа па краіне Ідыш», створаная беларуска-габрэйскім музыказнаўцам, музыкантам і паліглотам з Нью-Ёрку Зіслам Сляповіч.
Канцэрт беларуса з Нью-Ёрку Зісла Сляповіча стаў каштоўным падарункам аматарам беларускай культуры, якая гістарычна заўсёды была поліэтнічнай. Музыка габрэйскіх клязмераў моцна ўплывала на культурную прастору Беларусі, Польшчы і Літвы пачынаючы з 14 стагоддзя і аж да дугой сусветнай. А спевы на ідыш – мове габрэяў выгнання – гучалі ва ўсіх беларускіх мястэчках, дзе да вайны габрэі складалі большасць насельніцтва. Цяпер носьбітаў той культуры засталося ў Беларусі не шмат. Праграмай «Падарожжа па краіне Ідыш» Зісл Сляповіч захоўвае агульную спадчыну і перадае яе новым пакаленням.
– Гэта бясцэнны матэрыял. Ён зразумелы многім і не важна адкуль гэтыя людзі. Гэта як мюзікл «Скрыпач на даху». Чаму японцы на яго адклікнуліся, таму што гэта не пра габрэйскі народ: а пра страту традыцыі. У 20-м стагоддзі ўсе перажылі страту традыцыі. Гэта ўсіх закранула. Таму і гэтая праграма кранае сэрцы ўсіх людзей – нямецкага, ірландскага, афраамерыканскага паходжання. Гэта вельмі чалавечае нешта. Гэта наша, гэта вельмі сваё, але вельмі чалавечае. Таму гэта трэба паказваць, расказваць, спяваць.
Пад час мультымедыйнай праграмы паказвалі відэазапісы даўніх песень на мове ідыш.
Дзеля стварэння гэтай праграмы Зісл Сляповіч і яго прафесар Ніна Сцяпанская ў пачатку дзевяностых па 2008 год ездзілі па мястэчках-штэтлах Беларусі, Літвы і Украіны і рабілі аўдыя і відэа запісы жывых выканаўцаў клязмерскай музыкі і спеваў. Затым Зісл пераехаў у Нью-Ёрк, дзе выкладаў музыку, граў, займаўся музыказнаўствам і працаваў над праграмай. Сёння ведае 10 моў, грае на ўсіх дзеравяных духавых інструментах і клавішных, дырыжор. Але найбольш любіць літвацкую клязмерскую музыку і лічыць сябе часткай сусветнай беларускай супольнасці.
– Мой дзед быў ідышскім паэтам, у маім доме гучаў ідыш і мне гэта вельмі дапамагло знайсці сваё. Я таксама амерыканец, бо 15 гадоў жыву ў Амерыцы і лічу сябе часткай амерыканскага народу, актыўна прымаю ўдзел у амерыканскім грамадстве, яго жыцці. І я сябе лічу беларусам, мне вельмі хочацца нешта зрабіць, і мы шмат чаго робім у Нью-Ёрку – ад сям’і да беларускай дыяспары, да габрэйскай дыяспары.
Канцэрт музыкі і спеваў беларускіх габрэяў публіка ўспрымала вельмі цёпла.
На канцэрт прыйшло шмат беларускіх музыкаў: якія зараз жывуць у эміграцыі. Яны ведаюць і шануюць творчасць Сляповіча. Рокер Аляксандр Памідораў кажа, што гэта сапраўднае мультымедыйнае падарожжа да нашых людзей.
– Гэта мультымедыйнае сапраўды падарожжа. Мы бачым людзей, якіх ужо няма сярод нас, на гэтым свеце. Але ўсё гэта нашы людзі. З беларускіх зямель. І яны не толькі носьбіты габрэйскай культуры, але і аскепкі нашай беларускай культуры, якую таксама вынішчалі, выразалі. І трэба заўсёды браць прыклад і ўрокі як стацца мацней, як захаваць культуру і мову, якія ёсць. З гэтай праграмай Зісл меў шмат цяжкасцяў. І ў выніку атрымалася проста неверагодная рэч, гэта сувязь генерацыяў, культур. Людзі неверагодна ўспрымалі. Ты можаш не ведаць мову, але ты чуеш мелодыю здаецца ўпершыню і разумееш што яе недзе чуў на падкоркавым узроўні.
Прыйшоў на канцэрт Сляповіча беларускі спявак, музыкант, мультыінструменталіст, этнограф, заснавальнік культурнага руху «Спеўны Сход» Сяржук Доўгушаў.
– Я даўно знаёмы з Зіслам і з радасцю запрашаў яго на свае мерапрыемствы. Напрыклад ён прыязджаў у Мінск на наш першы фестываль клязмерскай культуры «Літва клязмер фэст» у 2019 годзе. Гэта выбітны прадстаўнік клязмерскай культуры, чалавек які праслаўляе музыку літвакаў. Чалавек які ведае шмат моваў, які размаўляе на ідыш, спявае песні на ідыш. Таму я з радасцю прыйшоў і атрымаў мацнейшае задавальненне ад канцэрту. Цікава. Зараз ідзе тыдзень культуры, кожны дзень запланаваны розныя імпрэзы ў роднай стылістыцы на тэму Беларусі. Гэта таксама наша культура, наша традыцыя. Сёння можна прыйсці на адно мерапрыемства, заўтра на іншае. І збіраецца розная публіка, што таксама вельмі важна.
Для некаторых удзельнікаў канцэрту ён таксама быў падарожжам не проста ў мінулае, а ў нейкую ідэальную Беларусь. Успаміналі часы, калі ў нашай краіне было чатыры дзяржаўныя мовы – беларуская, руская, польская і ідыш. І казалі, што гэта быў вельмі мілы і спакойны час. Міжваенне.
Фіналам канцэрту стала выкананне на ідыш і на беларускай мове знакамітай песні «Бывайце здаровы!»
Казімір Шчадковіч