Цэнтр думкі Яна Паўла ІІ, арганізатар кінапрагляду «Пад супольным небам» (пройдзе 12.07 - 06.09), падрыхтаваў 15 мастацкіх і дакументальных стужак, якія прадстаўляюць сучасны сацыяльны і культурны вобраз краін, адкуль у Польшчу прыязджае шмат мігрантаў, перш за ўсё палітычных. Аўтары стужак паказваюць таксама прычыны і наступствы эміграцыі. Кожны паказ будзе суправаджацца размовай з запрошанымі гасцьмі – падарожнікамі, журналістамі, аўтарамі фільмаў. З імі можна будзе паразмаўляць пра розныя справы – не толькі пра канкрэтны фільм, але і пра іх уласны прафесійны і асабісты досвед.
Пра Летні кінапрагляд распавядае Агата Мадай (Agata Madaj) з Цэнтру думкі Яна Паўла ІІ.
- Гэта добрая нагода, каб сустрэцца ў цэнтры Варшавы, на панадворку нашага цэнтру на вуліцы Фоксаль, 11, і пазнаёміцца з выдатным сучасным кіно. Мы прадставім кінакарціны з Беларусі, але таксама з Украіны, Грузіі ды Індыі. Гэта тыя дзяржавы, з якіх прыбывае ўсё больш людзей у нашую краіну. Яны становяцца нашымі новымі суседзямі тут, у Варшаве ды іншых гарадах Польшчы. Наш паказ – гэта не толькі нагода, каб пазнаёміцца з добрым кіно, але таксама пазнаёміцца, паразмаўляць. Наш прагляд пачынаецца 12 ліпеня і працягнецца да 6 верасня. Мы сустракаемся ў кожную сераду вечарам на панадворку камяніцы на вуліцы Фоксаль, 11. Першы сеанс, прысвечаны беларускаму кінематографу, запланаваны на 2 жніўня. Мы намераныя ў гэты дзень паказаць дакументальную стужку «Галасы», а таксама карціну «Калі кветкі не маўчаць». Нашым госцем будзе Андрэй Куціла – рэжысёр гэтага фільму.
Большасць фільмаў, трапіўшых у праграму прагляду, гэта стужкі, якія атрымалі прызнанне і ўзнагароды на міжнародных фестывалях, але яшчэ не былі прадстаўленыя польскаму гледачу. Кожная са стужак – гэта арыгінальны, мастацкі погляд на сучасныя тэмы. У праграме ёсць таксама дакументальныя карціны, якія закранаюць сучасныя выклікі, праблемы і часта драматычныя выбары, з якімі сутыкаюцца суседзі Польшчы з Украіны і Беларусі.
Самая актуальная тэма апошніх гадоў для беларусаў – гэта фальсіфікацыя апошніх прэзідэнцкіх выбараў і рэпрэсіі ў краіне. І гэтай тэматыцы прысвечана першая беларуская карціна, якую намераны прадставіць арганізатары паказу.
- Фільм «Калі кветкі не маўчаць» Андрэя Куцілы прысвечаны выбарам у Беларусі ў 2020 г. У стужцы ідзе гаворка пра звычайных беларускіх жанчын, якія, нягледзячы на перажытыя траўматычныя падзеі, вырашаюць далей змагацца за свабоду. Яны разумеюць, што надзея – гэта вялікая каштоўнасць, якая не можа памерці. У сваю чаргу, дакументальная стужка «Галасы» была знятая ў 2021 годзе. Яна расказвае пра стварэнне Вольнага хору. Пасля выбараў былі спантанныя сходы музыкантаў, якія хацелі выразіць свой пратэст. Падчас нашага кінапрагляду мы запрашаем таксама на мастацкі фільм, у якім прадстаўлена тэматыка выбараў у Беларусі. Гэта кінастужка «Мінск», мы яе пакажам 30 жніўня.
Арганізатары паказаў імкнуцца, каб яны сталі сяброўскім месцам для разважанняў і сустрэч, дзе жыхары Варшавы, як тыя, хто жыве тут доўгія гады, так і тыя, хто прыехаў нядаўна, маглі лепш пазнаць адзін аднаго. І таму пры нагодзе паказаў можна будзе прыняць удзел у дыскусіі з гледачамі і аўтарамі стужак. Гэтыя дыскусіі могуць дапамагчы беларусам крыху змяніць стаўленне да беларускага народу, які ў вачах многіх палякаў успрымаецца цяпер як саўдзельнік вайны ва Украіне, хаця ён сам стаў ахвярай аўтарытарнага рэжыму.
- Мы спадзяемся, што наш кінаагляд дапаможа змяніць негатыўнае стаўленне да беларусаў. Дарэчы, наш цэнтр знаходзіцца ў тым жа доме, што і Музей Вольнай Беларусі. І таму нам прасцей запрашаць беларускіх гасцей, ладзіць гутаркі з імі. Перад кожным сеансам мы плануем праводзіць дыскусію з актывістамі, падарожнікамі, аўтарамі стужак, якія ведаюць сітуацыю ў краіне, пра якую ідзе гаворка. Яны могуць расказаць пра свой уласны досвед. Кіно дазваляе бліжэй пазнаць іншых людзей, мы сядаем на шэзлонгах «пад агульным небам» на панадворку нашага цэнтру, глядзім фільмы, можам пры гэтым паціснуць руку свайму суседу.
Мерапрыемства праводзіцца ў другі раз. Першы кінапрагляд сабраў амаль паўтары тысячы гледачоў. Уваход на ўсе сеансы вольны.
нг