Каралеўскі замак Вавель запрашае адзначыць Дзень незалежнасці разам. «Патрыятычны тыдзень» пройдзе ў Вавелі з 9 па 19 лістапада. Пра дэталі праграмы акцыі распавядае Марта Грачыньска, упаўнаважаная дырэктара Каралеўскага замка Вавель па адукацыйнай дзейнасці і сацыяльных камунікацыях:
– Вялікі дзякуй, за заппрашэнне на гэтую размову. Сардэчна запрашаем з 9 лістапада ў Вавель. Дзень незалежнасці мы будзем святкаваць 10 дзён, але 9-га нас чакае ўнікальная акцыя – збор крыві.
На Вавель прыедзе аўтобус-лабараторыя, і вы зможаце здаць кроў для ўсіх тых, хто мае патрэбу ў ёй. Як мы ведаем, кроў вельмі важная для сістэмы аховы здароўя, і гэта дабро, якім мы можам проста падзяліцца з нашымі суграмадзянамі самым простым спосабам. Прыйсці і здаць кроў можа кожны, таму сардэчна запрашаю 9 лістапада на Вавель.
Што наконт наступных дзён? Можна паўдзельнічаць, па-першае, у пазнавальнай гульні, звязанай з нашай самай буйной выставай, якая цяпер праходзіць у замку, – выставай «Вобраз залатога веку». Пагуляем у гульню і даведаемся, што засталося ад спадчыны Ягелонаў. Як цяпер выглядае гэтая спадчына, што яна нам дала, наколькі яна важная, якой яна была вялікай і што стварылі Ягелоны ў час свайго панавання?
Таксама гасцінна запрашаем у дом № 9, дзе адкрыта для ўсіх жадаючых зона «Адказнай грамадзянскай пазіцыі». Там кожны госць зможа спытаць сябе, ці добра клапоцішся пра краіну, пра сябе і сваіх суседзяў, як быць добрым грамадзянінам і патрыётам.
Таксама ў нас будзе ў продажы кніга, звязаная з нашым нацыянальным героем Тадэвушам Касцюшкам, кніга пад назвай «Касцюшка ў пагоні за марамі», якая распавядае пра яго жыццё, вельмі цікавае, вельмі бурнае і дзіўнае. Касцюшка асацыюецца ў нас з помнікам, які стаіць на Вавелі, але Касцюшка – гэта не проста помнік, гэта вялікае, дзіўнае, поўнае прыгодаў, вельмі цікавае жыццё маладога хлопца, а потым чалавека, які шмат ахвяраваў дзеля свайго народу і Бацькаўшчыны.
Ці ўваход на усе гэтыя імпрэзы будзе вольны, ці трэба купляць квіток?
-Не, уваход абсалютна вольны. Адзінае, на гульну трэба будзе загадзя зарэгістравацца.
Удакладніце, калі ласка, пра магчымасць аддаць кроў у Каралеўскім замку на Вавелі. Гэта не самы відавочны шлях святкавання Дня Незалежнасці.
– Мы ладзім «Патрыятычны тыдзень» у супрацоўніцтве з энергетычнай кампаніяй «Таўрон», і калі тры гады таму мы прыдумалі гэты праект, нам было цікава, што нашыя наведальнікі могуць даць адзін аднаму ад сябе, акрамя таго, што ім можа даць ўстанова культуры. Што наш госць, удзельнік культуры, можа прапанаваць, непасрэдна ад сябе? Гэта была кроў. У кожнага ёсць гэтыя некалькі літраў крыві. Мы здаём 450 мл крыві, як любы звычайны дарослы донар, і можам проста падзяліцца гэтым дабром.
Акцыя была абумоўлена яшчэ і тым, што ўпершыню «Патрыятычны тыдзень прыйшоў адразу пасля пандэмічнага года, то бок года, калі шмат людзей цяжка хварэла. Гэтая кроў была вельмі і вельмі патрэбна. І гэтая акцыя атрымалася ў нас вельмі добра. Пачатак вайны ва Украіне таксама прымусіў нас прыйсці да высновы, што трэба яе працягваць, бо гэтая кроў проста патрэбная ўсім. Адказны грамадзянін клапоціцца не толькі пра свайго суседа, самага блізкага па лесвічнай пляцоўцы, але і пра тых суседзяў, якія акружаюць яго межы.
Адсюль і ўзнікла ідэя працягнуць гэтую акцыю. Таксама ў нас нядаўна была акцыя, звязаная з фондам, які збірае генетычны матэрыял для трансплантацыі касцявога мозгу. Шукалі донараў. Чаму менавіта мы? Бо Вавель – гэта месца, куды прыходзіць вельмі мноства людзей. Мы проста хацелі выкарыстаць гэта, каб заахвоціць і паказаць, што такім чынам таксама можна ўнесці свой уклад у агульнае дабро.
Спадарыня Марта, на завяршэння нашай размовы распавядзіце, калі ласка, як агулам святкуецца Дзень незалежнасці не толькі на Вавэлі ў Кракаве, але агулам у Польшчы? Што гэты дзень азначае для палякаў.
-Па ўсёй Польшчы ладзяцца мітынгі і шэсці. Мы гэтаму рады, выходзім на вуліцы, паказваем, што мы палякі. Чырвона-белыя сцягі лунаюць не толькі на грамадскіх будынках, не толькі на ўстановах культуры, а проста ўсюды. Польшча напоўненая гэтым бела-чырвоным колерам і гэта выдатна, бо гэта нашы нацыянальныя колеры. Мы проста святкуем.
Гэты дзень, 11 лістапада, таксама з'яўляецца выходным. Каб у людзей быў час пагуляць, прыйсці ва ўстановы культуры, правесці час разам. Каб нагадаць сабе, наколькі важная спадчына і наша гісторыя. Каб мы памяталі, пра што клапаціцца дзеля будучых пакаленняў.
Слухайце аўдыё!
эж