Беларуская Служба

У Варшаве прэзентаваныя выданні з праекту «Класіка польскай літаратуры для беларускіх чытачоў»

04.12.2023 16:34
Другі дзень беларускай праграмы падчас Кірмашу гістарычнай кнігі ў Варшаве можна назваць днём перакладаў. Былі названыя пераможцы літаратурных прэмій за найлепшыя пераклады – «Дэбют» і Прэміі імя Карласа Шэрмана. А таксама прэзентаваныя выданні з праекту «Класіка польскай літаратуры для беларускіх чытачоў», які фінансуецца Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Польшча.
Аўдыё
  • Публіцы прадстаўленыя выданні з праекту «Класіка польскай літаратуры для беларускіх чытачоў», які фінансуецца Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Польшча.
         .
Андрэй Хадановіч прэзентуе зборнік паэзіі Віславы Шымборскай «Партрэт з памяці».Фота: Radyjo.net

Літаратуразнаўца, прадстаўнік Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменнікаў Ціхан Чарнякевіч гаворыць, што апошнія гады сітуацыя з перакладной беларускай літаратурай крыху лепшая, чым з арыгінальнай. Але агулам сфера не ў росквіце.

Сярод іншых была адзначаная праца перакладчыка Міколы Раманоўскага «за дасканаласць перадачы мовы надзвычай актуальнага шматпланавага польскага бестселера». Ён пераклаў на беларускую мову адзін з польскіх бестселераў апошніх гадоў раман Шчэпана Твардаха «Кароль» (Янушкевіч, Варшава, 2022). Кніга «Кароль» вельмі яскрава перадае атмасферу міжваеннай Варшавы.

– Гэта была ініцыятыва выдаўца – ён прапанаваў, я пагадзіўся. Твардах мае рэпутацыю выдатнага польскага стыліста, наратар. І тое, і другое ў кнізе ёсць. Мне заўсёды цікава развязваць праблемы, асабліва калі яны развязваюцца. Адна з праблемаў была больш этычная, чым перакладчыцкая, – гэта пераклад мату. Гэта раман пра бандытаў, і яны мацюкаюцца. Першым памкненнем было прыгладзіць гэта, каб можна было расказаць бабулі. Але ўрэшце вырашыў гэтага не рабіць, і мат перадаваць матам. Бо пераклад – гэта люстэрка, паказаць, як было ў арыгінале. Не мая задача ўпрыгожыць, гэтым можа займацца рэдактар, але я буду супраціўляцца. І па-другое, гэта ж бандыты. Мат – самае нявіннае з таго, чым яны займаюцца, – расказвае пра перакладчыцкую «кухню» Мікола Раманоўскі.

Выдавец Андрэй Янушкевіч з дыпломамі перакладчыка Сяргея Шупы. Выдавец Андрэй Янушкевіч з дыпломамі перакладчыка Сяргея Шупы. Фота: Аляксандр Драгавоз

Таксама падчас кніжнага кірмашу былі прэзентаваныя публіцы выданні з праекту «Класіка польскай літаратуры для беларускіх чытачоў», які фінансуецца Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Польшча ў рамках конкурсу «Публічная дыпламатыя 2023».

Цэнтр Беларускай Салідарнасці і беларускае выдавецтва Gutenberg Publisher падрыхтавалі чатыры кнігі перакладаў з польскай мовы.

– Такая супраца дала магчымасць, сродкі, грунт пад нагамі, каб зрабіць нешта для беларускіх асяродкаў ва ўсім свеце. А нашым партнёрам – паказаць прыгажосць сваёй культуры, літаратуры, паэзіі, — заўважыла Валянціна Андрэева, прадстаўніца выдавецтва Gutenberg Publisher.

Кнігі, выдадзеныя ў межах праекту Класіка польскай літаратуры для беларускіх чытачоў». Кнігі, выдадзеныя ў межах праекту Класіка польскай літаратуры для беларускіх чытачоў».


Купіць кнігі з праекту «Класіка польскай літаратуры для беларускіх чытачоў» нельга, але бібліятэкі і асяродкі беларусаў па ўсім свеце атрымаюць іх бясплатна.

Спіс кніг:

  1. Віслава Шымборска. Партрэт з памяці (паэзія). Паралельны тэкст па-польску і па-беларуску. 680 с.
  2. Марыя Кунцэвічова. Два месяцы (проза). Зборнік апавяданняў пра багемнае мястэчка, дзе бавяць лета мастакі і паэты. 232 с.
  3. Адам Міцкевіч. Гражына (паэзія). Паралельны тэкст па-польску і па-беларуску. 192 с.
  4. Марыя Канапніцка. Сцяпанка Гудзімуха (кніжка-вершык для дзетак). 28 с.

вх