Сёння я прадстаўлю вашай увазе кампазіцыю ў выкананні вельмі папулярнага ў Польшчы калектыву, які спалучае музычную традыцыю польскіх горцаў з сучаснай рок-музыкай. Гэта гурт Zakopower, заснаваны скрыпачом Себасцьянам Карпелем-Булэцкам. Ён выконвае народную музыку з элементамі року і джазу. Немагчыма не згадаць пра назоў гурта, які складаецца з двух частак. Першая – гэта назва гарадка Закапанэ, які знаходзіцца на поўдні Польшчы ў гарах Татрах, а другая – ангельскае слова power, што азначае моц, магутнасць, энергію пазбегчы.
Гурт быў заснаваны ў 2005 годзе, вельмі хутка заваяваў папулярнасць. Музыканты даюць каля 100 канцэртаў у год, не толькі ў Польшчы, але таксама на еўрапейскіх сцэнах. Гурт грае на шматлікіх прэстыжных еўрапейскіх фестывалях, часта выступае за мяжой, бываў таксама з канцэртамі ў Беларусі ды Расіі, канешне, да 2020 года.
Песні гурта ўяўляюць сабой спалучэнне традыцыйных горных мелодый і сучаснай клубнай музыкі, якую на пастаяннай аснове піша музыкантам Матэвуш Паспяшальскі. У чэрвені 2005 года, неўзабаве пасля заснавання калектыву, музыканты атрымалі ўзнагароду журы падчас канцэрта прэм'ерных песняў на 42-м Нацыянальным фестывалі польскай песні ў Аполі.
Бадай, самым хадавым стаў трэці альбом Zakopower, названы «Boso» (2011). Ён атрымаў тры ўзнагароды Фрыдэрык, узнагароду «Залатая суперпрэмʼера» на фестывалі ў Аполі, трайную плаціну па продажу, а сінгл «Boso» некалькі разоў займаў першае месца ў большасці хіт-парадаў. Трэба сказаць, што гэта можа здавацца незвычайным, паколькі кампазіцыя «Boso» (Басанож) – далёка не лёгкая і прыемная песня. Яна распавядае пра смерць, галоўная тэма – развітанне з жыццём.
Але сёння не хочацца думаць пра сумнае, таму я выбрала ў перадачу іншую песню групы, якая носіць просты і кароткі назоў «Шчасце» (Szczęście).
Przeszliśmy świat w poprzek i wzdłuż
Na stopach pył nieskończonych dróg
Przed siebie biegniemy, szukając na ziemi
Miłości i siebie. Może nam się uda spotkać znów?
Im dalej w las, tym więcej drzew
Im więcej dni, tym jest trudniej biec
Drogami krętymi szukamy na ziemi miłości i siebie
Może nam się uda, może się jeszcze kiedyś szczęście nam przydarzy
Złapiemy je ostrożnie, tuląc twarz do twarzy...
Hej, na tej długiej drodze, na tej naszej części
Hej, niechże Panie Boże sieje się nam szczęście...
Мы абышлі свет уздоўж і ўпоперак. На стопах пыл бясконцых шляхоў. Мы бяжым наперад, шукаючы на свеце кахання і адзін аднаго. Можа, нам удасца зноў сустрэцца? Чым далей у лес, чым больш дрэў, чым больш дзён, тым цяжэй бегчы. На пакручастых дарогах мы шукаем кахання і адзін аднаго на зямлі. Можа, у нас гэта атрымаецца. Можа, аднойчы нам пашанцуе сустрэць шчасце. Мы будзем лавіць яго асцярожна, прытуліўшы твар да твару. Можа, калісьці нам зноў пашанцуе мець шчасце. Мы зловім яго асцярожна, прытуліўшы твар да твару. На гэтай нашай частцы шляху, эй, няхай, Гасподзь Божа, сеецца нам шчасце...
Магчыма, слухачы звярнулі ўвагу на мову кампазіцыі. Яна, канешне, на польскай мове, але ёсць элементы горскага дыялекту. Гэта характэрная рыса песняў гурта Zakopower – выкарыстанне фальклору польскіх горцаў, іх мовы ў сваіх песняў. Вакаліст гурта Себасцьян Карпель-Булэцка нарадзіўся і вырас у Закапанэ. Цікава тое, што ён вывучаў архітэктуру, закончыў архітэктурны факультэт Кракаўскай палітэхнікі. Але любоў да музыкі перамагла.
W poprzek i wzdłuż – па-беларуску ёсць падобнае словазлучэнне – уздоўж і ўпоперак, што азначае вельмі добрае азнаямленне з нейкай тэматыкай. Адзіная розніца – па-польску гаворыцца «упоперак і ўздоўж», а на беларускай мове «уздоўж і ўпоперак». Хаця, канешне, нічога страшнага не здарыцца, калі сказаць наадварот.
Im dalej w las, tym więcej drzew – чым далей у лес, тым больш дрэваў. Гэта, зразумела, фразеалагізм, які няцяжка зразумець – чым далей, тым цяжэй. Дарэчы, так сапраўды часта бывае – чым даўжэй разбіраешся ў нейкай тэме, тым яна пачынае здавацца больш складанай.
Szczęście się nam przydarzy – шчасце нам здарыцца, нам пашанцуе сустрэць шчасце. Калі паляк кажа, што яму нешта przydarzyło się, гэта значыць, што ў яго жыцці здарылася нешта неспадзяванае, чаго ён не чакаў. Як правіла гэта нешта прыемнае.
нг