Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: кампазіцыя гурта Homo Homini

18.01.2024 15:18
Выкарыстанне характэрных інструментаў (у тым ліку банджа і гавайскай гітары) дазволіла музыкантам стварыць арыгінальнае гучанне.
Аўдыё
  • Музычны ўрок польскай мовы.
Aleksander Nowacki - lider zespołu Homo Homini
Aleksander Nowacki - lider zespołu Homo HominiWojciech Kusiński/Polskie Radio

На гэты раз я прадстаўлю вашай увазе кампазіцыю калектыву, які быў створаны дзясяткі гадоў таму, а праіснаваў каля аднаго дзесяцігоддзя. Так што яго песні даўно сталі ўжо гісторыяй, але варта час ад часу да іх вярнуцца. Называецца група Homo Homini. Пра гэты назоў, які з’яўляецца часткай лацінскай прымаўкі, мы пазней яшчэ пагаворым, а цяпер некалькі словаў пра саму групу.

Яна была заснаваная ў Варшаве вясной 1971 года па ініцыятыве каімпазітара і ананжыроўшчыка Аляксандра Навацкага, які таксама сам выступаў на сцэне, у тым ліку дагэтуль спявае самастойна. Разнавіднасць музыкі, якую выконвае Homo Homini, называецца folkbeat, а выкарыстанне характэрных інструментаў (у тым ліку банджа і гавайскай гітары) дазволіла музыкантам стварыць арыгінальнае гучанне.

Першы важны выступ гурта адбыўся ў Познані падчас музычнага вясенняга фестывалю ў ‘73 годзе. Пазней, падчас Нацыянальнага фестывалю польскай песні ў Аполі калектыў стаў пераможцам за найлепшую інтэрпрэтацыю музычнага твору. Першая кружэлка, выдадзеная накладам амаль 300 тысяч асобнікаў, хутка разышлася ў музычных крамах. Акрылены поспехамі, гурт хутка ўмацаваў сваю пазіцыю на музычным рынку, шмат выступаў і запісваў у Польшчы і за яе межамі, у тым ліку: у ГДР, ФРГ, Чэхаславакіі, СССР, Балгарыі і Венгрыі. Выступаў як самастойна, так і з іншымі артыстамі, быў таксама госцем папулярных тэлепраграм. Але адзін з заснавальнікаў калектыву, Вальдэмар Дамагала неўзабаве яго пакінуў, паколькі ён скончыў архітэктурны факультэт і звязаў сваю прафесійную дзейнасць з гэтай галіной. Тады фольк-рокавы перыяд у гісторыі гурта скончыўся, а рэпертуар пачаў падбіраць Аляксандр Навацкі.

Гурт праіснаваў крыху больш за 10 гадоў, у ім мяняліся музыканты, папулярнасць паступова змяншалася. І на пачатку 80-ы шляхі членаў калектыву разышліся, група перастала існаваць, аднак дзейнасць была ўзноўлена ў 2008 годзе, і новы-стары гурт выдаў новую кружэлку.

А я прапаную паслухаць кампазіцыю групы Homo Homini, якая называецца «Не зачыняй дзвярэй» (Nie zamykaj drzwi).

W porze burz, gdy za gromem wali grom, kiedy wiatr piaskiem sypie z wszystkich stron, nie zamykaj na łańcuch drzwi. Może ktoś zakołacze w nie właśnie dziś. Kiedy mróz tak jak obręcz ściska świat, grzbiety rzek skuwa lodu biały płaszcz, nie zamykaj na łańcuch drzwi. Może ktoś przy ogniu chce ogrzać się. Może już nadchodzi pustą drogą (Zawsze sam). I ma tylko to, co z sobą ma. Może właśnie patrzy w twoje okno I za chwilę stanie w drzwiach.

Nieproszony gość, nieproszony gość, jak ja. A jeżeli tobie także się przydarzy Pukać nocą do zamkniętych bram To wyczytasz z nieznajomych twarzy Że postąpią tak, jak ty byś zrobił sam Kiedy dom drży w posadach, dach się gnie. Czubki drzew siecze wciąż ulewny deszcz, nie zamykaj na łańcuch drzwi. Może ktoś zakołacze w nie właśnie dziś. Kiedy śnieg zasypuje wszelki ślad, w lustra szyb puka mrozu biały ptak, nie zamykaj na łańcuch drzwi.

У час навальніц, калі гром прыходзіць за громам, калі вецер пяском кідае з усіх бакоў, не зачыняй дзвярэй... Можа, нехта пагрукае ў іх менавіта сёння. Калі мароз, як абруч, сціскае свет, белым плашчом лёду пакрывае хрыбты рэк, не зачыняй на ланцужок дзвярэй. Можа, хтосьці хоча пагрэцца каля агню. Можа, ён ужо падыходзіць на пустой дарозе (заўсёды адзін), і ў яго ёсць толькі тое, што ён прынёс з сабой. Магчыма, ён глядзіць у тваё акно, зараз будзе стаяць у тваіх дзвярах.

Няпрошаны госць, няпрошаны госць... Як я. І калі такое здарыцца таксама з табой – грукаць у зачыненыя вароты ўначы, дык прачытаеш на тварах незнаёмцаў, што яны паступяць так, як ты б зрабіў сам. Калі падмурак дому хістаецца, дах прагінаецца, верхавіны дрэваў сячэ праліўны дождж, не зачыняй дзвярэй на ланцужок. Можа, сёння нехта пагрукае. Калі снег засыпае кожны след, у люстэрка шыбы стукае белая птушка маразоў, не зачыняй дзвярэй.

Homo homini – з назвы гурта я пачну разгляд тэксту гэтай песні. Гэта лацінскія словы, якія з’яўляюцца часткаю прымаўкі homo homini lupus est – «чалавек чалавеку – воўк». Можна доўга разважаць, ці гэтая прымаўка перадае сапраўдны стан рэчаў, ці на самой справе людзі адносяцца адзін да аднаго як ваўкі, і, дарэчы, што гэта азначае? Прымаўка мае хутчэй негатыўнае гучанне, маўляў, чалавек не можа разлічваць на іншых людзей, на іх падтрымку, яны яму могуць здрадзіць. Але ж, з іншага боку, воўк – гэта стадная жывёла, і якраз ваўкі дапамагаюць сваім суродзічам, падтрымліваюць іх у цяжкую хвіліну. Так што па-рознаму гэтыя словы можам разумець. Аднак у назове групы пакінулі толькі два першыя выразы, якія азначаюць «чалавек – чалавеку», пра ваўкоў тут няма згадкі.

Gdy za gromem wali grom – калі гром прыходзіць за громам. Калі ўдумацца, дык гром – гэта менш небяспечная з’ява, чым маланка падчас навальніцы. Гром не заб’е, а маланка можа. Але менавіта гром часцей паяўляецца ў прымаўках, як «гром з яснага неба». Відаць, таму, што гэтая прыродная з’ява больш пужае чалавека, паколькі часта гучыць знянацку.

Może ktoś zakołacze (w drzwi) – можа, хтосьці пагрукае ў дзверы. Дзеяслоў kołatać азначае грукаць, але не толькі ў дзверы. Гэта аднакарэнны выраз назоўніка kołatka, якім калісьці карысталіся ахоўнікі ў гарадах, каб адпужваць злодзеяў. Гэта назоў сігнальнага інструмента, якім карысталіся як палякі, так і беларусы. Па-беларуску ён называецца калотка. Ёй таксама карысталіся замест званка ў дзвярах (калі электрычных званкоў яшчэ не было, выкарыстоўвалі драўляныя калоткі). І адсюль kołatać w drzwi – грукаць у дзверы.

нг

 

 

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы