Беларуская Служба

У Варшаве выстаўленыя карціны Алеся Пушкіна з прыватных польскіх калекцый

25.03.2024 16:37
У Польшчы працы Алеся Пушкіна знаходзяцца пераважна ў прыватных руках – Войцеха і Адама Гурэцкіх, Леха Паўляка і адна карціна ёсць у Музеі Замка ў Ліве.
Аўдыё
  • У Варшаве выстаўленыя карціны Алеся Пушкіна з прыватных польскіх калекцый
Выстава карцін Алеся Пушкінаradyjo.net

Выставу прац Алеся Пушкіна да 14 красавіка можна паглядзець у Варшаве (пл.Канстытуцыі 6). Гэтыя працы беларускі мастак, які памёр у беларускай турме, намаляваў у Польшчы падчас мастацкіх пленэраў.

У Польшчы працы Алеся Пушкіна знаходзяцца пераважна ў прыватных руках – Войцеха і Адама Гурэцкіх, Леха Паўляка і адна карціна ёсць у Музеі Замка ў Ліве.


Адкрыццё выставы карцін Алеся Пушкіна Адкрыццё выставы карцін Алеся Пушкіна

Старшыня таварыства «Masters Promotion» Войцех Гурэцкі запрашаў на мастацкія пленэры многіх беларускіх мастакоў. Адным з першых быў Алесь Пушкін. Як кажа Войцех Гурэцкі, гэта быў мастак з вельмі добрым прагнозам на будучыню. Аднак і так на першае месца высоўвалася асоба Алеся Пушкіна:

-У такім пленэры ўдзел прымала нават 20 чалавек. Адных запрашалі, паколькі трэба было, але былі і тыя, каго чакалася з прыемнасцю, паколькі, апрача мастацтва, былі вечары, калі мы сустракаліся. Алесь быў іх душой. Нават калі былі дыскусіі пра адносіны расійска-ўкраінска-беларускія Алесь, нягледзячы на свае погляды, ніколі ні на каго не падняў голасу. У яго быў сур'ёзны выраз твару, але ў вачах заўсёды ўсмешка і радасць. Я менавіта такога яго памятаю.

Калі Алесь прыязджаў на пленэр у Седльцэ, пад сваім дахам яго прымаў Адам Гурэцкі. Акрамя адной карціны ў спадара Адама захавалася яшчэ адна каштоўная памятка пасля Алеся:

-У мяне ёсць яго асабістая рэч, якую ён падарыў мне. А дакладней, мы памяняліся кашулямі. Я аддаў яму сваю, а ён зняў з сябе і апрануў на мяне беларускую льняную вышыванку. Здараецца, што часамі на нейкія ўрачыстасці я апранаю яе замест піджака.


Сяргей Бульба, Раман Постэк, Войцех Гурэцкі Сяргей Бульба, Раман Постэк, Войцех Гурэцкі

Шматгадовы былы дырэктар Музею Замка ў Ліве Раман Постэк расказвае, што Алесь Пушкін быў чалавекам двух светаў: ён не раздзяляў творчасці і жыцця. Усё што пабачыў, было для яго тэмай. Яго карціны не проста адлюстроўвалі рэчаіснасць, у іх заўсёды была нейкая ідэя. Раман Постэк звяртае ўвагу на незвычайную асобу мастака:

- Памятаю, як ён маляваў замак у Ліве. Ён стаяў у высокіх гумовіках, а як раз была паводка, вада падымалася. Усе глядзелі на Пушкіна, што ён робіць. А ён стаяў пакуль не застаўся сантыметр і вада налілася б яму ў абутак, так ён быў заняты мастацтвам. Адначасова ён захапляўся рыцарствам, лічыў гэта шанцам вырвацца ад Масквы. Ён прымаў удзел у рэканструкцыі Бітвы пад Грунвальдам. Гэта была страшлівая спёка, я ледзь вытрымліваў у шортах. Алесь у гэтай невыноснай спёцы стаяў у доўгай чорнай шубе, абшытай футрам з куніцы, а за пасам трымаў сушанага ляшча. Уявіце! Гэта немагчыма забыць. Ён быў вельмі харызматычным, здольным зачараваць вялікую публіку.


. 
. 
Поўны рэпартаж з адкрыцця выставы слухайце ў далучаным гукавым файле.
ав

Рада БНР: Смерць Алеся Пушкіна – гэта палітычнае забойства

12.07.2023 18:31
Імя Алеся Пушкіна застанецца ў гісторыі ў адным шэрагу з імёнамі найлепшых сыноў і дачок Беларусі, запэўнівае Рада БНР.

Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі пасмяротна ўзнагародзіў Алеся Пушкіна медалём «Гонар і годнасць»

13.07.2023 12:01
Медалём, ад імя беларускага народа, адзначаюцца асобы, якія праявілі выключную адданасць у служэнні Беларусі.

Алеся Пушкіна пахавалі ў вёсцы Бобр

13.07.2023 14:45
Алесь Пушкін памёр 11 ліпеня на 58-м годзе жыцця ў рэанімацыі гродзенскай бальніцы.

Алесь Пушкін прызнаны «Чалавекам Cвабоды»

14.12.2023 13:09
Мастак, рэстаўратар, перформер Алесь Пушкін стаў пасмяротным лаўрэатам прэміі «Чалавек Cвабоды – 2023».