Беларуская Служба

Адам Міцкевіч не толькі натхняў, захапляў, эстэтычна ўзбагачаў беларускіх класікаў. Ён іх творча ратаваў

02.04.2024 14:54
Без яго творчасці цяжка ўявіць, як бы развівалася беларускае прыгожае пісьменства.
Adam Mickiewicz
Adam MickiewiczBiblioteka Narodowa, domena publiczna (polona.org)

Прапануем вашай увазе вытрымкі з тэксту, надрукаванага ў штомесячным выданні беларускай меншасці Беласточчыны – Часопісе (Czasopis). Вельмі цікавы тэкст пра ўплыў творчасці Адама Міцкевіча на беларускіх пісьменнікаў. “Без яго творчасці цяжка ўявіць, як бы развівалася беларускае прыгожае пісьменства”, - піша аўтар Васіль Дранько-Майсюк.

Вастрыню, містыку, дзёрзкую непакорнасць, свабоднае пераасэнсаванне старадаўніх легенд, за якімі хаваецца крытыка сучаснасці, пераняў ад яго Янка Купала. Ён пісаў пра боль, гвалт, здраду, вар’яцтва. Паэт, для якога розніцы паміж рэальнасцю і пеклам амаль не было ніякай, – натхняўся менавіта падобным інфернальна-фантастычным бокам вершаў і паэм Міцкевіча. Боль Міцкевіча за палякаў, якія загубілі сваю незалежнасць, тоесны такому ж фізіялагічна моташнаму болю Янкі Купалы за сваіх абыякавых суайчыннікаў.

Эмацыянальна больш устойлівы Якуб Колас натхняўся ў Адама Міцкевіча іншым. Яму была блізкая светлая іронія Міцкевіча.

Яму вельмі імпанавала тое, што, ствараючы вялікія паэмы, Міцкевіч насычае іх безупынным дзеяннем, напаўняе гумарам, ад чаго падобныя творы становяцца лёгкімі, амаль бязважкімі, як музыка Моцарта.

Як і для Міцкевіча, так і для Коласа шматлікія апісанні прыроды мелі тэрапеўтычнае значэнне. Па жыцці яны шмат у чым сумняваліся, але захоўвалі нязменную ўпэўненасць у той простай ісціне, што людзі здрадзяць, а прырода – не.

Многія вершы і паэмы Максіма Танка 30-х гадоў, паводле сваёй падкрэсленай баладнасці, сацыяльнай вастрыні, непрыкрытай нязгоды з тагачаснымі палітычнымі рэаліямі, яркай драматургічнай тэатралізацыяй, нечаканымі эпітэтамі, гэтаксма пераклікаюцца з творамі Адама Міцкевіча.

Адам Міцкевіч не толькі натхняў, захапляў, эстэтычна ўзбагачаў беларускіх класікаў. Ён іх творча ратаваў.

Калі нашы паэты браліся яго перакладаць, дык мелі магчымасць у самыя палітычна цяжкія часы дастаткова смела выказвацца аб той рэчаіснасці, у якой вымушаны былі існаваць.

Як вядома, у 1930-я гг. было толькі дзве магчымасці, каб хоць неяк творча захавацца. 

Першая – гэта сысці ў дзіцячую літаратуру (як гэта зрабіў Тодар Кляшторны), другая – схавацца ў перакладах, што акурат і здзейсніла пераважная большасць ацалелых пісьменнікаў.

Да 85-годдзя з дня смерці Адама Міцкевіча на старонках «Полымя рэвалюцыі» (1940, № 11) з’явілася вельмі цікавая падборка твораў польскага паэта.

Перакладчыкамі выступілі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Танк, Валянцін Таўлай, Міхась Клімковіч, Канстанцін Цітоў. Аўтарам вельмі цікавага артыкула пра творчасць Міцкевіча быў Пятро Глебка.

нг