Беларуская Служба

Польшча на Венецыянскай біенале прадставіць гукі вайны

05.04.2024 17:10
У другой палове красавіка ў Венецыі распачнецца адна з самых прэстыжных і важных падзей у свеце мастацтва - Венецыянская біенале 2024.
Аўдыё
  • Польшча на Біенале ў Венецыі прадставіць гукі вайны
   Open Group (Yuriy Biley, Pavlo Kovach i Anton Varga)
Марта Чыж і Open Group (Yuriy Biley, Pavlo Kovach i Anton Varga) fot. archiwum Zachęty/Piotr Czyż

La Biennale di Venezia - адна з самых прэстыжных мастацкіх падзей у свеце. Яна ладзіцца кожныя два гады, пачынаючы з 1895 году. На працягу шасці месяцаў выставы праекты з усяго свету прадстаўлены ў нацыянальных павільёнах. Свой павільён мае і Польшча, якая ў Венецыянскай біенале ўдзельнічае з 1932 году.


Польскі павільён у Венецыі Польскі павільён у Венецыі

За польскі павільён на біенале адказвае Нацыянальная мастацкая галерэя «Zachęta». Сёння там прадставілі праект, які перамог у конкурсе, і які будзе паказаны Польшчай сёлета.

Цэнтральнай падзеяй стане паказ двух частак фільму ўкраінскага калектыву Open Group (Yuriy Biley, Pavlo Kovach i Anton Varga) «Паўтарайце за мной». Гэта калектыўны партрэт сведкаў вайны ва Украіне. Героі двух фільмаў 2022 і 2024 гадоў — грамадзянскія ўцекачы ад вайны, якія запамятанымі гукамі зброі распавядаюць пра вайну, а потым запрашаюць гледачоў паўтарыць іх.

Артысты выкарыстоўваюць формулу караоке. У дадзеным выпадку, аднак, акампанемент - стрэлы, кананады, выццё і выбухі, а тэкст - апісанне смяротнай зброі. Апошні герой фільму заканчвае словамі: «Паўтарайце, каб вы чулі і ніколі не забывалі. Гэта гукі вайны».

Адзін з рэжысёраў, Юры Білей, тлумачыць, чаму яны выбралі менавіта такую форму аповеду пра вайну:

-Перад усім мы хацелі знайсці ўніверсальную мову вайны, на якой можна размаўляць, якая не мае звыклых нам слоў. Калі пачынаюцца войны, значыць словы закончыліся, што мы не разумеем адзін аднога. І я не кажу цяпер пра бакі, якія ваююць. Я кажу пра тых, хто на гэта глядзіць. Гэты фільм для тых, хто навокал. Гэта фільм універсальны, яго зразумеюць тыя, хто мае досвед вайны, і тыя, хто яго не мае.

Першы фільм быў зняты ў 2022 годзе, другі – 2024. Яны адрозніваюцца часам, прасторай і досведам герояў фільму, кажа Юры Білей:

- У 2022 годзе ўдзельнікі фільму мелі досвед унутранага перасялення. Мы нават спынялі здымкі на паветраную трывогу. На фільме людзі паўтараюць гук паветранай трывогі, які чулі секунду назад. У 2024 годзе героі сутыкнуліся з досведам быцця ўцекачом за мяжой, адначасова маючы досвед вайны. Яны згадваюць пра свой досвед. Таксама гэта людзі, якія прыехалі ў Еўропу ў розны час. У іх розныя ўспаміны гукаў. Хтосьці чуў іх учора, а хтосьці два гады таму, бо выехаў у першыя тыдні вайны. Таму розніца ў геаграфіі ўцякацтва, памяці пра вайну, пра досвед гукаў вайны, досвед быць уцекачом за мяжой.

. 

Паўла Ковач прымаў удзел у здымках першага фільму, а пасля, як ён кажа, памяняў прафесію, то бок трапіў на службу ў войска. Ён гаворыць, што гаварыць пра вайну пры дапамозе мастацтва надалей трэба:

-У першыя тыдні ў войску ўвогуле знікае каштоўнасць мастацтва. З часам, калі я пачаў паказваць нашыя працы сваім пабрацімам, я зразумеў, што мастацтва рэальна працуе. Часта гаворыцца, што мастацтва можа замяніць палітычную сітуацыю. Як для мяне, няма непалітычных людзей, так і нашае мастацтва – палітычнае. А што як не палітыка мяняе сітуацыю? Разуменне таго, што ты палітычны, што ты маеш уплыў, бо ў цябе ёсць голас, паказвае, што мастацтва працуе. Гэта ўніверсальная мова, якую не трэба перакладаць.

Куратар выставы, гісторык мастацтва і крытык Марта Чыж прызнае, што рэалізацыя выставы ў польскім павільёне ў Венецыі з’яўляецца марай кожнага куратара:

-Калі я думала пра сваю прапанову на конкурс, то найбольш блізкай майму сэрцу, і ў якую я веру, з’яўляецца Open Group. Я некалькі гадоў цікаўлюся ўкраінскім мастацтвам і бачу, на колькі яно бескампраміснае, радыкальнае, моцнае, як моцна і крытычна рэагуе на рэчаіснасць. Іх творчая сцэна вельмі дынамічная. Калі я пабачыла першы фільм, то падумала, што было б ідэальна паказаць гэта людзям у Венецыі. Што цяпер найлепшы момант, каб гэта зрабіць.

На Венецыянская біенале прыязджае цэлы свет мастацтва. Гэта самая вялікая мастацкая сцэна. Ёсць шмат важных падзей. Але гэтая біенале, якая адбываецца кожныя два гады, засяроджвае самыя важныя рэчы, якія ў дадзены момант адбываюцца ў мастацтве. Гэта глядзіць цэлы свет.

60-а па ліку Міжнародная мастацкая выстава «La Biennale di Venezia» распачнецца 20 красавіка і будзе працягвацца да 24 лістапада 2024 году.

ав

слухайце аўдыё