Беларуская Служба

«Доўгая дарога дадому»: Андрэй Хадановіч распавядае ва Уроцлаве пра беларускую літаратуру 

07.05.2025 14:07
Уроцлаўскі дом літаратуры падрыхтаваў цыкл лекцый, адрасаваных як беларусам, якія сёння жывуць у гэтым горадзе, так і палякам, каб яны маглі больш даведацца пра культуру сваіх блізкіх суседзяў.
Аўдыё
  • Беларуская літаратура гучыць ва Уроцлаве
Андрэй Хадановіч распавядае пра Васіля Быкава ва УроцлавеScreenshot z streamingu https://www.facebook.com/WroclawskiDomLiteratury

Ва Уроцлаве стартаваў цыкл выкладаў пра беларускую літаратуру, які вядзе вядомы  беларускі літаратар, перакладчык Андрэй Хадановіч. Першая сустрэча была прысвечаная аналізу творчасці Васіля Быкава. Наступнае спатканне адбыдзецца ў чэрвені і будзе прысвечаная Ўладзіміру Караткевічу.

Пачынаючы з мая, запланаваныя шэсць размоў пра класічную і сучасную беларускую літаратуру, пра найлепшых беларускіх аўтарак і аўтараў, чые кнігі ўжо выйшлі ў польскім перакладзе або з’явяцца неўзабаве. Больш падрабязна пра ідэю лекцый распавяла прадстаўніца Уроцлаўскага дому літаратуры Ядзвіга Чэрска-Касіба.

— Перш за ўсё ідэя гэтага цыклу ўзнікла з-за прысутнасці Анджэя Хадановіча ва Уроцлаве. Ён з’яўляецца нашым рэзідэнтам у рамках праграмы ICORN, гэта сетка гарадоў-прытулкаў. Гэта гарады па ўсім свеце, якія прымаюць на год ці больш мастакоў, пісьменнікаў, паэтаў і мастакоў з усяго свету, якія не могуць свабодна творча працаваць у сваіх краінах з-за палітычных рэпрэсій і пераследу. Андрэй цяпер наш трэці рэзідэнт ва Уроцлаве, другі беларус. У нас тут ёсць таксама вялікая беларуская дыяспара, што было відаць па сённяшняй сустрэчы. Ёсць некалькі беларускіх фондаў, у тым ліку: Фонд «За нашу і вашу свабода», з якімі мы таксама супрацоўнічаем. Адсюль мы ведалі, што такая сустрэча, прысвечаная беларускаму літаратурнаму мастацтву, мае сэнс і, безумоўна, будзе сустрэта з энтузіязмам і станоўчым водгукам. Акрамя таго, адна з нашых мэт — наблізіць літаратуру меншасцей уроцлаўскай і польскай аўдыторыі, таму магчымасць арганізаваць сустрэчу, якая аб'ядноўвае не толькі прадстаўнікоў адной культуры, заўсёды цікавая для нас.

Першая лекцыя называлася  «Я вас не баюся»: Васіль Быкаў і ягоныя героі. Падчас гэтай сустрэчы Андрэй Хадановіч распавёў пра тое, як і чаму Васіль Быкаў стаў адным з найбольш вядомых беларускіх аўтараў у свеце, як пісьменнік змагаўся з цэнзурай, пра быкаўскі рэцэпт перамогі над страхам і пра шмат іншага. Літаратар зазначыў, што сустрэчы задумваліся як магчымасць пазнаёміць палякаў з беларускай культурай, і як нагода наблізіць польскай публіцы гісторыі беларусаў, якія знайшлі паратунак у Польшчы цягам апошніх гадоў.

— У цыкл лекцый «Доўгая дарога да дому» ўвойдзе шэсць сустрэч, адна ўжо адбылася і будзе яшчэ пяць. Яны ладзяцца з двума метамі. З аднаго боку, ідзецца пра тое, каб апавясці польскім слухачам пра беларускую літаратуру і культуру. З другога боку, цяпер у Польшчы жыве столькі беларусаў, і не ад добрых жыцця, але нам бы хацелася шчыра падзякаваць за гасціннасць. Гэта яшчэ можа быць нагода трошачкі больш даведацца палякам пра тое, хто яны - гэтыя беларускія прыхадні, якія сёння жывуць дзясяткамі тысяч, можа сотнямі тысяч у польскіх гарадах. Мы вельмі блізкія суседзі ў нас, на палову супадае лексіка. Думаю, што кожны паляк, калі пераадолее стэрэатып, што гэта іншая незразумелая мова, і, калі яго не будзе палохаць кірыліца, зразумела, што большасць сучасных палякаў кірыліцы і не чытаюць, але на слых гэты бар'ер здымаецца. Калі казаць больш сур'ёзна, беларусы недастаткова ведаюць пра краіну, якая іх/нас прымае. Але сёе ды тое ведаем, сёе тое перакладаем. Кожны год пашыраем свае польскія далягляды. Палякі ж ведаюць пра Беларусь нашмат менш. З гэтага няведання часам выплываюць не заўсёды пазітыўныя стэрэатыпы, часам негатыўныя, часам нас блытаюць з расіянамі, што абсалютна няслушна. Таму гэта можа быць і нагода крышачку прыслухацца да таго, а што гэта за беларуская культура? А ці не час што-небудзь прачытаць, а ці не дапамогуць зараз польскія выдаўцы і перакладчыкі, якія паціхеньку з'яўляюцца?

Прысутная на лекцыі польская экспертка літаратуразнаўца Катажына Тачыньска зазначыла, што яе вельмі зацікавіла творчасць Васіля Быкава і яна ахвотна больш пазнаёмілася б з беларускай літаратурай.

— Тое, што я пачула пра адлюстраванне Быкавым Другой сусветнай вайны было вельмі цікавым, з пункту гледжання чалавека, які займаецца гэтай тэмай у іншых культурах. Я хацела б праверыць, як гэта выглядае ў жывым літаратурным матэрыяле. Я абавязкова зраблю гэта сёння, пасля сустрэчы, сама зазірнуць у ягоную літаратуру, каб  паглядзець, што для мяне як для польскай жанчыны, літаратурнай даследчыцы, жанчыны, якая мае справу з іншай літаратурай, што можа быць цікавым для мяне ў яго творчасці. У мяне склалася ўражанне, што пра беларускую літаратуру мала хто ведае ў Польшчы, паўстае пытанне, чаму так адбываецца. Я перакладала літаратуру, звязаную з Беларуссю, але з рускай мовы, і сама працавала з беларускімі паэтамі, якія пісалі на ідышы да Другой сусветнай вайны, таму я крыху займаюся гэтай тэмай, але таксама з вельмі спецыфічнага пункту гледжання, і я думаю, што мой досвед таксама даволі нішавы ў Польшчы. Яшчэ я перакладала матэрыялы, якія былі непасрэдна звязаныя з пратэстамі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Гэта спецыфічны кантэкст, але я думаю, што беларуская літаратура, якая сёння ствараецца ў дыяспары, мае велізарны патэнцыял, і я назіраю за тым, як яна развіваецца і што з ёй адбываецца.

Ва Уроцлаве ў гарадскім Доме літаратуры адбылася першая з шасці публічных лекцый, прысвечаная знаёмству з беларускай літаратурай. Аўтар лекцый – вядомы беларускі літаратар Андрэй Хадановіч задумаў гэтыя спатканні, як аповеды пра аўтараў і кнігі, якія найлепей расказваюць пра беларусаў, падкрэсліваючы іх тоеснасць ды падабенствы лёсаў з народамі Цэнтральнай Еўропы.

Юры Ліхтаровіч