Пяць беларускіх гісторыка-культурных артэфактаў, набытых рознымі ініцыятывамі ў эміграцыі, упершыню будуць аб’яднаныя ў агульны выставачны праект і прадстаўлены толькі адзін раз — ў Варшаве 17 траўня 2025 года.
Будуць паказаныя:
– Статут ВКЛ, выдадзены ў 1693 годзе;
– кнігу «Пэрэгрынацыя» Мікалая Крыштафа Радзівіла, надрукаваную ў 1614 годзе;
– дзве Радзівілаўскія мапы ВКЛ XVII стагоддзя;
– сакрэтны ліст берасцейскага ваяводы Яна Антонія Гараіна, напісаны ў часы першага падзелу Рэчы Паспалітай.
- Выстава сапраўды ўнікальная, бо ў адзін час будуць паказаныя пяць рарытэтаў. Артэфакты беларускія, але яны сведчаць пра ўнёсак беларусаў у еўрапейскую спадчыну. Выстава з’яўляецца вынікам намаганняў Музея Вольнай Беларусі, ініцыятыва Maldis і Клуб беларускіх мецэнатаў пры падтрымцы Беларускай рады культуры. Пачынаецца выстава ў 12.00 і будзе працягвацца да 24.00. Падчас выставы запланаваны куратарскія экскурсіі. У 13 гадзін на польскай і беларускай мовах, 16 і 19 гадзін на беларускай мове, - гаворыць дырэктар музею Наталля Задзяркоўская.
Акрамя гэтага, Музей Вольнай Беларусі і Цэнтр думкі Яна Паўла ІІ запрашаюць на канцэрт у межах Ночы музеяў у мастацкай камяніцы на вуліцы Фоксаль.
KONCERT KOOB:SMALL
Дуэт харызматычнай вакалісткі і кампазітаркі KOOB са шведскім кантрабасістам Seth Sjöström. Іх гучанне — мінімалістычнае ў сродках, але багатае на нюансы: ад джазавых імправізацый з элементамі авангардных эксперыментаў да паўночнага фолку.
ČORNABROVA (ЧОРНАБРОВА)
Інтэрдысцыплінарны праект, які спалучае электроніку з фальклорнымі матывамі, альтэрнатыўным хіп‑хопам і тэатральным рэпам. Іх музыка — глыбокая аповесць: драматычная, змро́чная і напоўненая сэнсам, што закранае тэмы чалавечнасці, палітыкі, міграцыі, экалогіі і ідэнтычнасці.
Цэнтр думкі Яна Паўла ІІ і Музей Вольнай Беларусі запрашаюць маленькіх наведвальнікаў стаць удзельнікамі незвычайнай камбінацыі вулічнай гульні і квест-пакояў у стылі escape room – «Фоксалі на Фоксале. У пошуках надзеі».
Падчас гульні дзеці далучацца да Вартаўнікоў Надзеі – Фоксаляў, таямнічых маленькіх істот, што пільнуюць раўнавагу мудрасці ў свеце. Разам з імі маленькім удзельнікам прапануюць сабраць фрагменты згубленай мудрасці, каб даць надзею тым, каму яе не стае і – ні больш ні менш – дапамагчы Фоксалям выратаваць свет ад хаосу. А разам з гэтым – весела правесці час, разгадаць загадкі і адкрыць схаваныя куточкі мастацкай камяніцы на вуліцы Фоксаль!
ав