Беларускі пісьменнік Саша Філіпенка ладзіць тур па Еўропе з прэзентацыяй сваёй новай кнігі «Слон», які пачаўся 18-га траўня ў Варшаве. Мы завіталі на сустрэчу з пісьменнікам, якая прайшла 21 мая ва Уроцлаве і была арганізавана ў партнёрстве з курсамі «Мова Нанова» і клубам «Proza». Падчас прэзентацыі гучалі урыўкі з новага раману, адбылася доўгая і шчырая размова з чытачамі.
Антываенны раман Сашы Філіпенкі «Слон»
15 траўня ў выдавецтве Gutenberg Publisher выйшаў новы антываенны раман Сашы Філіпенкі «Слон». На старонцы прысвечанай турнэ пісьменніка з новай кнігай падкрэсліваецца, што «Слон» — гэта аповед пра тое, як людзі не заўважаюць відавочныя рэчы, якія адбываюцца вакол; пра тое, як людзей расчалавечваюць, і як яны выбіраюць камфорт замест таго, каб выбіраць каханне. Гэта вельмі важная тэма, бо расчалавечаныя людзі рассяваюць далей гэтую расчалавечанасць, тлумачыў пісьменнік ва Уроцлаве.
— Гэта мяне вельмі чапляе, асабліва назіраючы за тым, што цяпер адбываецца. Для мяне гэта пытанне: што можа зрабіць літаратура, якія магчымасці ў культуры, каб змяніць гэты свет? Прынамсі, мы можам зафіксаваць, бо я пішу не толькі для нас цяперашніх чытачоў, але і для тых, хто праз 30 год задасца пытаннем: як яны жылі ў той час, калі была вайна? Як яны яе не заўважылі, што з імі адбывалася? Гэтаксама мы цяпер разважаем пра немцаў: як адбылося, што немцы не заўважалі Дахаў, Асвенцім, як так адбылося, што праз 80 год кожны чацвёрты немец галасуе за AfD. Пра гэта ўсё мне хацелася паразважаць, і яшчэ пра тое, як мы абіраем камфорт, а не каханне. Мы думаем, што мы робім малыя крокі, бо гэта ж не забойства, але з гэты малых крокаў, малых кампрамісаў з сабой і вырастае потым вялізарная катастрофа.
Што цікава «Слон» Сашы Філіпенкі выйшаў адразу на двух мовах: па-руску арыгінальны твор і па-беларуску ў перакладзе. Гэта было адмысловае рашэнне пісьменніка.
— Я як футбаліст, які гуляе правай нагой, і не можа левай. Я не разумею, як беларускай літаратуры дапаможа тое, што я буду не вельмі добра пісаць па-беларуску. Лепш, калі гэта зробіць выдатная перакладчыца, і будзе кніжка на беларускай мове, якую мы зможам чытаць.
Дарэчы выдавецтва падала, што беларускі наклад кнігі «Слон» ужо амаль увесь прададзены. Ва Уроцлаве пісьменнік доўга і шчыра адказваў на пытанні, калі б не часовыя абмежаванні арганізатараў, здавалася, што ён гатовы размаўляць яшчэ доўга. Мы запыталіся пра тое, што яму даюць такія сустрэчы.
— Па-першае, мне вельмі прыемна. Па-другое, падаецца, што я нібы прыехаў у Мінск ці іншы беларускі горад, па якім я вельмі сумую. Я жыву цяпер у Швейцарыі й сумую па сваёй мове, па дзвюм сваім мовам. Жывучы ў Швейцарыі, я магу тыднямі не размаўляць на роднай мове. Яшчэ такія сустрэчы вельмі цікавыя, бо з табой побач людзі, якія разумеюць твой гумар, у якіх з табой адна гісторыі, адныя праблемы. Гэта вельмі важны кантакт з маёй краінай.
Што змяняе той факт, што сустрэчы адбываюцца не ў Мінску, а ў розных гарадах Еўропы?
— Мы ўсе разумеем, што не можам сустрэцца дома. Можаце сабе ўявіць, што ў Беларусі людзі, якія былі падпісаныя на мой Instagram, могуць трапіць за краты на 15 содняў. У гэтым сэнсе, у Мінску немагчыма сустрэцца, бо палова адразу трапіць за краты, на жаль.
Уроцлаў не першы горад у Польшчы, дзе Вы былі, можа ёсць такі, куды б Вы хацелі вярнуцца?
— Ва Уроцлаў ахвотна б вярнуўся. Я шмат быў у польскіх гарадах, але не заўсёды ёсць час іх пабачыць, бо прыязджаеш і з цягніка адразу на выступ. Сёння я ва Уроцлаве, заўтра ўжо Кракаў. Мне заўсёды цікава вяртацца ў польскія гарады, бо шмат знаёмых, шмат беларусаў у Польшчы цяпер жыве і заўсёды можна сустрэць некага, каго даўно не бачыў.
Вы казалі, што будучы ў Польшчы, вы бачыце тут гістарычныя прыклады для беларусаў?
— Бачучы тое, як палякі змагаліся за сваю свабоду, разумееш, што для нас дасягнуць яе немагчыма за месяц ці два. Ты разумееш, што гэта будзе для нас доўгі шлях, але ён мажлівы і аднойчы мы гэтага дасягнём таксама.
Юры Ліхтаровіч