Беларускі пісьменнік Аляксандр Карнаўх, які жыве ў італьянскім Турыне, прадставіў сваю кнігу «Халодныя землі» для беларусаў у Польшчы. Пра кнігу з аўтарам гутарыць наш карэспандэнт.
– Што стала штуршком да напісання «Халодных земляў»? Ці была канкрэтная падзея або вобраз, з якога ўсё пачалося?
– Усё пачалося, напэўна, з таго, як мы ў 2020 годзе з сябрам вандравалі па Беларусі. Мы былі на Ельні, і я вельмі ўразіўся тым, што там убачыў: ландшафты, краявіды, той водар, які адчуваў. І мне падаецца, што гэта і стала той адпраўной кропкай, пасля чаго я пачаў больш-менш свядома думаць аб тым, каб напісаць нешта пра Беларусь і пра тое, што адбываецца на балотах. Ельня і стала прататыпам для той сцэны, дзе адбываюцца падзеі ў «Халодных землях».
– Назва кнігі – «Халодныя землі» – гучыць вельмі метафарычна. Што яна сімвалізуе для вас?
– Яна сімвалізуе ў першую чаргу фізічны холад, які ты адчуваеш, калі едзеш вандраваць па Беларусі ўзімку ці вясной. А з іншага боку, зразумела, гаворка ідзе і пра нейкі ўнутраны холад, які мы адчуваем у сённяшняй Беларусі.
– Ці заснаваны сюжэт або персанажы на рэальных падзеях і людзях, ці гэта цалкам плён фантазіі?
– Безумоўна, я браў у якасці прататыпаў нейкіх людзей, але гаворка ідзе толькі пра тое, што я карыстаўся іх рысамі характару, каб выбудаваць больш цікавага персанажа. Падзеі, якія адбываюцца ў кнізе, і чытачы гэта зразумеюць, – вымысел. І таму няма сэнсу шукаць паралелі з рэальнасцю.
– У кнізе адчуваецца глыбокі філасофскі падтэкст. Якія ідэі або думкі вы хацелі перадаць чытачу праз гэты твор?
– У першую чаргу тое, што мы павінны супрацьстаяць цемры, бо ў пэўным сэнсе кожная кніга так ці інакш кажа пра супрацьстаянне святла і цемры. І ў гэтым супрацьстаянні трэба ісці да апошняга.
– Якое месца займае беларускі кантэкст у «Халодных землях»? Наколькі важная нацыянальная і культурная аснова ў гэтай кнізе?
– Усё, што адбываецца ў кнізе, адбываецца ў Беларусі. І ўсе тыя метафары, якія я ўжываю, безумоўна, грунтуюцца на беларускіх культурных кодах. Але не толькі. Бо тыя сэнсы і матывы, якімі я карыстаўся, калі пісаў, з’яўляюцца і агульнаеўрапейскімі. Магчыма, чытачы знойдуць паралелі з іншымі творамі, у тым ліку і сусветнай літаратуры.
– Многія чытачы адзначаюць асаблівую атмасферу халоднасці, адчужанасці і ўнутранай пустэчы. Ці было гэта наўмысным мастацкім прыёмам?
– Так, безумоўна. У першую чаргу гаворка ідзе пра тую пустэчу, якая з’яўляецца на землях, што пакідае чалавек. Мы ведаем, што беларуская вёска цяпер у заняпадзе, і я магу параўнаць яе з італьянскай вёскай, дзе жыццё развіваецца. А ў Беларусі ўсё наадварот…
– Ці сутыкаліся вы з цяжкасцямі падчас працы над гэтым раманам? Што было самым складаным у працэсе?
– Самым цяжкім, напэўна, было тое, што мне даводзілася вяртацца думкамі да гэтых ландшафтаў, да гэтай халоднай пустэчы, пры гэтым знаходзячыся ў Італіі. І гэты кантраст паміж спякотным італьянскім летам і халоднай беларускай зімой патрабаваў ад мяне пэўных намаганняў, каб быць больш дакладным.
– Як вы лічыце, хто асноўная аўдыторыя гэтай кнігі? І што вы хацелі б, каб чытачы з яе вынеслі?
– Аўдыторыя, думаю, самая шырокая. На мой погляд, кніга будзе цікавай як для маладых людзей, так і для сталых. Гэта кніга вольнага часу ў тым сэнсе, што яна павінна ў першую чаргу прынесці задавальненне чытачу, дапамагчы яму адмежавацца ад таго, што нас цяпер атачае, ад тых кантэкстаў, у якіх жывём, той атмасферы, у якой цяпер знаходзімся. Гэта прыгодніцкая кніга, таму я спадзяюся, што чытач адчуе асалоду ад таго, што там няма нейкіх глыбокіх цяжкіх думак.
– У кнізе вельмі візуальная і дэталёвая мова. Ці натхнялі вас нейкія мастацкія творы, фільмы або музыка пры стварэнні настрою «Халодных земляў»?
– Хутчэй за ўсё, не. Я не магу сказаць, што нейкія канкрэтныя фільмы, кнігі ці карціны ўплывалі на мяне. На мой погляд, усё атрымалася даволі аўтэнтычным і не грунтавалася на нейкіх падабенствах.
– Але калі вы пішаце, то чым натхняецеся?
– Я слухаю музыку, ёсць музыка, якая мяне натхняе, якая падобная на тое, што потым атрымліваецца ў кнізе. Хутчэй за ўсё, гэта музыка, менавіта музыка…
– Ці плануеце вы працяг або іншую кнігу ў тым жа стылі і тэматыцы, што і «Халодныя землі»?
– Я пакуль яшчэ не адышоў ад гэтай кнігі, і ў мяне ёсць жаданне зрабіць маленькі перапынак, але, зразумела, я думаў пра тое, каб напісаць працяг. Спадзяюся, гэта яшчэ атрымаецца, я знайду час і натхненне, каб напісаць другую кнігу.
– Дзякуй за гутарку.
Размаўляў Павел Залескі
слухайце аўдыёфайл